(Разборкі вакол "скалечанага" зборніка Уладзіміра Жылкі і выдавецтва "Мастацкая літаратура")
Раніцай, правяраючы пошту, сярод іншага знайшла і ліст ад сябра, які даслаў спасылку з каментаром, што абяцаў разборкі вакол асобы У.Жылкі. І я не памылілася, завітаўшы па ёй...
Ніколі б раней не падумала, што разумныя дасведчаныя людзі могуць давяраць інфармацыі, змешчанай у каментарах нашай першай беларускай газэты з рысункамі. І горш за тое - рабіць з яе высновы . І тым больш не падумала б, што сярод каментатараў НН столькі знаўцаў маёй біяграфіі ў падрабязных падрабязнасцях і даследнікаў мапаў маіх перамяшчэнняў па свеце.
Артыкул Міхася Скоблы "«
Мастацкая літаратура» скалечыла зборнік Жылкі”, а дакладней рэакцыя на яго, змусіў мяне ўнесці пэўныя ўдакладненні ў сітуацыю, якая склалася вакол апошняга выдання У.Жылкі, бо маю да яго дачыненне як аўтар прадмовы. І толькі!
ЯК Я ЗРАБІЛА "ВЫПАД СУПРАЦЬ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ"
2009. Па размеркаванні я працавала ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Акурат быў час майго адпачынку, калі да мяне з просьбай прыдумаць назву і напісаць прадмову да будучай кнігі выбраных твораў Уладзіміра Жылкі звярнулася мая старэйшая калега, што рэдагавала кнігу ў тым самым выдавецтве, Іна Паланейчык (пра якую, дарэчы, з вялікай удзячнасцю на тым самым РС
пісаў Уладзімір Арлоў: "...я мог бы гаварыць гадзінамі і заўсёды з удзячнасьцю (...) пра Іну Паланейчык, якая разам з аўтарам нейкім дзівам давяла да чытачоў «Ордэн Белай Мышы»…"). Па сутнасці - на тую прадмову я была запрошаным аўтарам. Часу на працу было вобмаль (пра гэта было папярэджана), як і часта здараецца ў выдавецтвах, бо штосьці перанеслі, перапланавалі, пераставілі - прадмова была патрэбная тэрмінова. Але я з радасцю ўзялася. Працавала я над ёй па тых кнігах Жылкі, што мела ў сваёй бібліятэцы, у той час як сп.Паланейчык рэдагавала выданне, што мелася выйсці ў выдавецтве. Чытацкай аўдыторыяй мусілі стаць школьнікі старэйшых класаў, ад даго і старалася з улікам, каб напісанае было б цікава чытаць у тым самым старэйшым школьным узросце, які мінуў, да слова, на той момант гадоў пяць як. Тады я была перакананая, што мне вельмі пашанцавала з гэткай прапановай.
Да прадмовы, наколькі я памятаю, было толькі дзве просьбы-заўвагі. Першая (да напісання) - не пісаць пра “ваяцкую” паэзію Жылкі, бо яе ў кнізе будзе зусім няшмат. Другая (пасля напісання) сказ: “Калі не браць пад увагу “ваяцкую” паэзію Жылкі, пра падставы і наступствы якой цудоўна напісаў Міхась Скобла ў прадмове да “Выбраных твораў” паэта (“Беларускі кнігазбор”, Мінск, 1998), варта звярнуць увагу перадусім на той факт…” замяніць на сказ: “Калі не браць пад увагу “ваяцкую” паэзію Жылкі, пра падставы і наступствы якой цудоўна напісана ў прадмове да “Выбраных твораў” паэта (“Беларускі кнігазбор”, Мінск, 1998), варта звярнуць увагу перадусім на той факт…”. Магчыма, гэта было абумоўлена тым, каб самога Жылку, учытаўшыся, не завярнулі... Зрэшты, не буду даваць ацэнак, пастараюся абмежавацца фактамі.
Цікава, што
на сайце выдавецтва (інфармацыя змяшчалася ў час, калі я ўжо не працавала там), нягледзячы на тое, што заўжды ў выходных дадзеных указваецца, хто ёсць аўтарам прадмовы, для мяне ў дадзеным выпадку вырашылі
зрабіць выключэнне, хаця і ў саміх выходных дадзеных пазначанае маё прозвішча (і менавіта як аўтара прадмовы). Выглядае гэта так:
Жылка, У. Матылі: вершы, паэмы, пераклады: для ст. шк. узросту / Уладзімір Жылка; прадм. Валерыі Куставай. - Мінск: Маст. літ., 2009. - 189с. - (Школьная бібліятэка). - Бел. мова.
Такое выкідванне з выходных дадзеных мяне, мякка кажучы, здзівіла. Але я без задняй думкі вырашыла спісаць тое на няўважлівасць пры перанясенні дадзеных на сайт, хаця са свайго боку ўсё ж папрасіла перадаць інфармацыю пра памылку на сайце выдавецтва. Але яна так і не была выпраўленая.
І вось. Праз два гады пасля выдання кнігі з’явіўся артыкул Міхася Скоблы. Артыкул быў перадрукаваны з Радыё Свабоды “Нашай Нівай”. А пад артыкулам абсалютна раптоўна для мяне з’явіліся адмысловыя знаўцы маёй біяграфіі. То мушу крыху адказаць на "захады", каб не ўцягвацца ў разборкі ў саміх каментарах, што не практыкую перадусім праз хаця і даволі ўмоўную, але ананімнасць апанентаў.
1. Літаратар: “Няўжо так цяжка адшукаць імя гэтага рэдактара? Няхай бы адказаў за невуцтва”. (23 верасня 2011, у 17.48)
Калі Міхась Скобла звярнуўся да мяне з просьбай патлумачыць сітуацыію - я патлумачыла. Тады спадар Міхась папрасіў нумар рэдактаркі, каб яна ў сваю чаргу дала тлумачэнні. Таксама я пайшла ў выдавецтва. Расказала пра сітуацыю і рэдактарцы - спадарыні Паланейчык. Спытала дазвол на тое, каб ёй патэлефанаваў сп.Міхась. Яна пагадзілася. І - трэба аддаць належнае - сп.Іна (а гэта добрая рэдактарка!) прызнала свой недагляд (ці не першы за шматгадовы досвед працы). Маўляў, трэба было напісаць, што ды з чаго перадрукоўваецца… Але па сутнасці менавіта яна выбірала вершы для зборніка. Але чамусьці яе прозвішча так і не трапіла на вокладку (бо, відаць, яна ўсё ж была рэдактарам, а ўкладальніка чамусьці ўвогуле не было). І гэта яшчэ адно непаразуменне. Ці тое быў таксама недагляд? Зрэшты, калі не памыляюся, калі ў выдання няма ўкладальніка (што дзіўна для кнігі выбраных твораў) - за гэта (за непрызначэнне укладальніка, які б усё спраўдзіў ды адсачыў альбо папросту гэткую неахайнасць ды недагледжанасць) адказвае не толькі рэдактар выдання (карэктар, наколькі мне вядома, за тое не нясе адказнасць), але і галоўны рэдактар выдавецтва (які, зрэшты, звычайна і займаецца ўкладаннем усіх кніг такога кшталту і нясе адказнасць менавіта за тое, каб усё было на сваіх месцах). На тое ж і галоўны рэдактар. Гэта сапраўды - вялікая адказнасць. Зрэшты, у кожным выдавецтве свае расклады ды правілы. Карацей, мне асабіста ў любым разе вельмі шкада, што так атрымалася, хоць маёй віны ў тым і няма. Проста - за кнігу і за тое, што спадарыня Іна за зборнік шмат перажывала, працавала, каб усё атрымалася выдатна. Але атрымалася так, як атрымалася. І я нават не ведаю дакладна - ці мажліва назваць у тым вінным аднаго чалавека... І так безапеляцыйна. Магчыма, я так кажу, бо крыху ведаю сітуацыю знутры. Але гэта не апраўданне. Дарэчы, адна з карэктараў кнігі - Яўгенія Бебель - адна за найлепшых карэктараў, з якімі мне пашчасціла працаваць. З вялікім-вялікім досведам - менавіта карэктарскім.
2. Anton: “У гэтым апошнім укладальніца В Кустава.” (23 верасня, у 18.37)
Не, Антоне, я не з’яўляюся ўкладальнікам гэтага апошняга. Мяне заўжды дзівілі людзі, якія адназначна сцвярджаюць штосьці, чаго насамрэч не ведаюць.
3. Нячэсны: “Мне вядома, што Жылку складада "нячэсная" Валярына Кустава, якая і прадмову, здаецца, напісала... Што ўзяць з маладой! Апазорыла "Мастацкую літаратура" і хоць бы што!!” (23 верасня, у 21.06)
Скуль вядома - хіба вы супрацоўнік выдавецтва “Мастацкая літаратура”, які працаваў разам са мной і быў у працэсе выдання? Але ж нават у такім разе у вас памылковыя звесткі. Усё ж, відаць, здаецца Вам...
4. Марат: “Куставу пасля звольнілі”. (23 верасня, у 21.13 - па разбежцы ў часе выглядае на тое, нібыта Нячэсны вырашыў дапісаць, але ўжо Маратам:)
Мая праца ў выдавецтве спынілася да таго, як свет уважліва прачытаў кнігу. І болей за тое - выдавецтва кнігай толькі цешылася, бо кніга хутка разышлася ды раскупілася. Але ж як удала скаментавана - недасведчаны чалавек і праўда можа падумаць, што гэтыя два факты могуць хоць нейкім чынам быць звязаныя - і памыліцца.
5. Малады: “Ніхто Куставу не звальняў з выдавецтва -- проста зь'ехала на час за мяжу, бо далі грант ці то ў Германіі, ці то ў Швецыі”. (23 верасня, у 21.40)
Малады… Тое не быў грант - тое было запрашэнне на месяцовы побыт ў Дом творчасці для пісьменнікаў і перакладнікаў, куды, зрэшты, можа паспрабаваць трапіць кожны беларускі літаратар (а бальшыня там і пабывала ўжо). Гэта як, прыкладам, “Іслач” за савецкім часам. Перад ад’ездам адна мной адрэдагаваная, а дакладней перапісаная кніга атрымала Дзяржаўную прэмію, з астатняй работай усё было ціп-топ, дый у прынцыпе за 1,5 год працы ў мяне назбіралася дастаткова “адгулаў”, але я ўсё ж, перастрахаваўшыся, узяла месяц за свой рахунак, а калі прыехала - ужо не была супрацоўнікам. Але тое абсалютна ніякім бокам, як вы бачыце, не мае дачынення да Жылкі. Прысніцца ж такое...
6. Akhromenka (фэйк, не літаратар У.Ахроменка): “Куставу пасля звольнілі…. Tak i treba. faktychna heta vypad suprac' nezalezhnasci, suprac' nacyjanalnaj kultury.” (23 верасня, у 22.05)
О, гэта мой улюбёны камент!.. Спадар Ахроменка, я нават губляюся, што пра Вас сказаць, ці Вам адказаць, калі Вы робіце высновы пра мяне і маю прафесійную дзейнасць, сыходзячы з каментароў на форуме “НН”, зробленых пад ананімнымі нікамі...
Цікава, а як людзям пад нікамі “Нячэсны”, “Марат”, “Малады” і інш. знаць, што я іх ведаю, але нават не падазравала, што яны так старанна (напэўна, ім тое патрэбна ці вельмі важна -да прыкладу, каб прымяняць інфармацыю ў гэткіх спрыяльных сітуацыях, калі ў іншых яе нядахоп) пільнуюць мяне - маю біяграфію, змены працоўных месцаў і перамяшчэнні.
А назву кнізе я думала-думала і прыдумала: “Матылі” - назва мне вельмі падабаецца. А вось і тэкст самой прадмовы "
VIVERE MEMENTO!", калі каму ўсё ж цікава, што менавіта ў гэтай кнізе - мая работа.
Спадару Міхасю - дзякуй за артыкул (гэта вялікая справа!), хоць мне і бачыцца, што на Парнасе, на Небе ці яшчэ дзе на тым свеце аніколі б Колас Жылку той верш не прыпомніў, не ўпікнуў бы! :) І ўвогуле, не трапіць беларускім пісьменнікам у рай, хаця з такімі прыжыццёвымі ды пасляжыццёвымі стаўленнямі ды ўмовамі - ім туды самая дарога...
А з аўтарствам вершаў - тое ўсё было б прыгожай містыфікацыяй, па якой можна было б абараняць дысертацыі, каб не было так сумна.
PS. Усе пытанні, што засталіся, можаце перанакіраваць сюды:
Рэдактар І.М.Паланейчык
Мастацкі рэдактар В.І. Сенчанка
Тэхнічны рэдактар Л.І.Астрэйка
Стылістычныя рэдактары Я.А.Бебель, Л.Г.Ганчарэнка
Галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" В.Шніп