ПЯСОЧНЫ ЧАЛАВЕЧАК
...я выпадкова сустрэўся позіркамі зь зялёным чалавечкам,
што быў расьпяты на звычайным сьвятлафоры.
В.Рыжкоў. Зь верша "
Зялёны чалавечак"
Рассыпаецца пясочны чалавечак.
Святлафор лыпае вокам выключна чырвоным.
І замест таго, каб у імя аднаго (у імя тваё, Госпадзе!) не губляць страх -
пачынаеш пералічваць усе прышлыя ў гэты час імёны
і наўмысна не глядзіш на шашы па баках.
Змярканне. Страчваешся ў часе.
Яшчэ імгненне - і можна пачынаць спачатку.
Змярканне. Новая ноч стары дзень гасіць
і далівае ліхтары, зоркі і поўню, як чарку.
З выццём сірэн, пралятаюць апошнія “Хуткія”
з сённяшнімі амаль наўцамі і пакуль пакутнікамі.
Аблудныя бяздомнікі, з чалавечымі вачыма сабакі
кіруюць да незамкнёных пад’ездаў, у нязнесеныя баракі.
Накручваюць стометроўкі ўжо ўшчэнт замерзлыя
добрыя бяздольныя прастытуткі,
хаваюць пальчыкі ў чорныя, белыя снегам занесеныя,
(калі пашанцуе - з мехавым каўнерам) курткі.
Рассыпаецца пясочны чалавечак.
Высокае сіняе неба. Ліхтарні. Вечар.
Заплюшчваюцца вочкі.
Адкладаецца малітоўнік.
Добрай ночкі... Хай зямля табе будзе...
Запальваецца свечка.
Закрываецца вечка.
І няма
больш
чалавечка...
Яшчэ імгненне - і можна пачынаць спачатку.