Угодкі аднаго анклава. Угодкі першыя. 100 год са дня заснавання вёсак

Nov 17, 2016 21:45



Ні для каго ні сакрэт, што на паўднёвым усходзе нашай краіны размясціўся анклаў - амаль 500 гектараў Расійскай Федэрацыі, што адносяцца да гарадскога пасялення Вышкаў Злынкаўскага раёна Бранскай вобласці, прыхавалася на ўскрайку Добрушскага раёна.“Кропелька Расіі” - так з любоўю называюць яго жыхары вёсак. Дакладней - былыя жыхары… Самі вёскі ўзніклі амаль разам з буйнейшай дзяржавай свету. Разам з ёй і зніклі, раздзяліўшы ўсю горач і радасць адной шостай.



Вёскі Мядзвежае і Санькава зараз знаходзяцца ў зоне адчужэння, таму выбраўся ў іх на Радуніцу ў паўлегальным статусе - родных на мясцовых могілках у мяне німа, але гэта цяжка праверыць, тым больш улічваючы спецыфіку могілак анклаву. Але пра іх пасля... І яшчэ адно праванарушэнне на якое я мог нарвацца - гэта знаходжанне ў Зоне ў пешым стане. Па правілах наведваць Зону можна толькі на транспарце. Насуперак Вікіпедыі, якая сцвярджае, што ад Расіі анклаў аддзяляюць непраходныя балоты, у анклаў можна патрапіць амаль на любых сродках транспарту.



Непраходнае балота, па меркаванню Вікіпедыі

Накірунак з боку расійскай Дабрадзееўкі найбольш бяспечны: на поўдзень ад анклаву знаходзіцца вайсковая частка пад таямнічай назвай Добруш-6, а на поўнач - палігон па знішчэнню ваенных боепрыпасаў. Калісьці гэтыя вёскі з "вялікай зямлёй" злучаў аўтобус, які выконваў маршруты з Дабрадзееўкі: на поўдзень ад анклава праходзіць чыгунка, а таксама шаша, якая злучае Бранск з Гомелем.



Аўтобусны прыпынак у Мядзвежым

Думаў пачытаю крышку, пагляджу, потым пстрыкну колькі радкоў для "адчотнасці". Але справа зацягнулася. Чытаеш адну крыніцу - усё зразумела. Бярэш другую... І разумееш, што факты не супадаюць. Трэццяя... Чацвёртая... Нешта я разагнаўся - так многа пра яго не пішуць. Але - колькі крыніц, столькі і меркаванняў. І гэта толькі для тэрыторыі, якая азначылася населенымі пунктамі нейкую сотню гадоў назад!!!
А ці сотняй? Прынамсі так сцвярджаюць журналісты з Бранскай вобласці, якія з'езділі сюды ўзімку:

image Click to view



Запомнім год 1924-ы на будычыню, а таксама зраблю яшчэ адну рэмарачку. У адной з крыніц гаворыцца, што абедзьве вёскі сталі адным населеным пунктам амаль адразу пасля заснавання. Недзе я чытаў пра гэта. І пачатковая школа лічылася - мядзвежа-санькаўскай. Магчыма, і журналісты чыталі гэтую крыніцу. Але былыя мясцовыя жыхары і да гэтага часу падзяляюць: вось тут была школа ў Мядзвежым, а тут - у Санькаве - могілкі. Таму і надалей буду казаць пра іх, як пра асобныя населеныя пункты.
Такім чынам, возьмем за адлік нашай гісторыі год 1916-ты, калі ва ўрочышчах Санькава Паляна і Мядзвежая Дубрава (якія, дарэчы адносіліся да вёскі Хаткі Вылеўскай воласці Гомельскага уезда) паставілі свае хаты першыя перасяленцы з суседняй рускай вёскі Дабрадзеўка, якое належыла знакамітым Паскевічам. Да 70-ых гадоў ХІХ стагоддзя гэтыя землі належылі “пану Гілярду” - тайнаму саветніку Мікалаю Мікалаевічу Герарду. Дарэчы, палац Герардаў захаваўся ў суседніх, таксама адселеных, Дзям’янках.



Палац Герардаў у Дзям'янках

Пасля, у іх гэтыя землі ці то купіў, ці то выйграў карты, а можа і проста атрымаў у падарунак як далёкі сваяк, Мікалай Шведаў разам з вёскай Хаткі. Пасля гэтыя землі ў Шведава выкупілі сяляне з вёскі Дабрадзеўка - па дзве-тры дзесяціны кожны. У кожнай вёсачцы ўтварылася прыкладна па пятнаццаць двароў.
Што ж прымусіла дабрадзееўскіх сялян пакінуць родную вёску і шукаць шчасця ў беларускіх балотах? Непрыдатныя, пясчаныя землі ў наваколлі роднай вёскі, якія не маглі даць багаты ўраджай. Гэтыя землі вымушалі мясцовых мужыкоў ствараць арцелі плотнікаў і бадзяцца па Расіі. Гэтыя землі вымушалі ісці на сталеліцейны і сталепракатны заводы ў Каменскім і Юзаўцы. Гэтыя землі вымушалі іх шукаць шчасця не толькі ў беларускіх балотах, а нават у далёкай Амерыцы - тры гады працы у шахтах "Індзіан компані" ў Пітсбургу. Вярнуўшыся з заробкаў перад пачаткам Першай Сусветнай вайны, яны скуплялі пладародныя землі ў наваколлі. Так узніклі вёскі Савіці Лог (пасля рэвалюцыі - Савецкі Лог), Барсукі, Арлы... А таксама нашыя - Мядзвежае і Санькава. Усе свае назвы вёскі займелі ад назваў урочышч у якіх размясціліся - Мядзвежая Дубрава, Санькава Паляна.





Помнік землякам і рэшткі саду ў адселенай пасля аварыі на ЧАЭС вёскі Савецкі (Савіцкі) Лог

Для паўнаты карціны, трэба адзначыць, што ёсць і ншыя меркаванні пра год узнікнення вёсак. Некаторыя называюць год 1924, альбо 1925... Але, магчыма, гэта звязана з падзеямі, што адбыліся тут і вёскі трапілі ў афіцыйныя дакументы. Але пра гэта пасля...

ЗОНА, Анклаў, РФ

Previous post Next post
Up