Геданісты ловяць асалоды хвалі.
Геданісты - гэта слова, як з агню!
Арыстып i Эпікур iмя нам далi
Дваццаць пяць вякоў таму ўпершыню.
Гэтым словам, гэтым імем самым чыстым
Самых блізкіх мне я клічу не адзін,
Я хачу, каб называўся геданістам
Родны сын мой, а таксама сынаў сын.
Шмат гадоў прайшло, і блізка наша мэта,
Да якое з барацьбою мы ішлі,
Хутка будуць называцца - знаю гэта -
Геданістамі ўсе людзі на зямлі.
*******************************************************
Да майго здзіўлення аказалася, што поўны тэкст першакрыніцы - верша Куляшова - аказалася вельмі няпроста знайсці ў Сеціве. Выкладу яго тут.
Аркадзь Куляшоў
Камуністы
Камуністы - гэта слова, як са сталі,
Камуністы - гэта слова, як з агню.
Маркс і Энгельс нам імя такое далі
Сто гадоў таму назад упершыню.
Сто гадоў таму назад было нас мала,
Сто гадоў назад мы выйшлі на вайну,
Сто гадоў мы рыем дол для капітала,
Для хаўтур яго збіваем мы труну.
Мы не верым ані ў бога, ні ў малітвы,
І няма для нас другіх свяцейшых слоў,
Апроч лозунгаў і заклікаў да бітвы,
Апроч песень, ад якіх бунтуе кроў.
Нас не раз яны ўздымалі, як загады,
Камунізма даль - наш вырай дарагі,
Гнёзды нашыя - з каменняў барыкады,
Крылы нашыя - чырвоныя сцягі.
Камуністы - гэта Леніна салдаты,
Воляй партыі з'яднаныя рады.
Упісаны перамог сусветных даты
Ix крывёю ў каляндар на ўсе гады.
Незабыўных не забудзем мы ахвяраў,
Да канца за нашу справу пастаім,
Сцяг чырвоны векапомных камунараў
Нашай змене для палёту аддадзім.
Так і я аддам, як спадчыну, дазвання,
Барацьбы агонь, што ў сэрцы берагу.
Камуністы!.. Гэты заклік да змагання
Вымаўляць без хвалявання не магу.
Гэтым словам, гэтым імем самым чыстым
Самых блізкіх мне я клічу не адзін,
Я хачу, каб называўся камуністам
Родны сын мой, а таксама сынаў сын.
Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта,
Да якое з барацьбою мы ішлі,
Хутка будуць называцца - знаю гэта -
Камуністамі ўсе людзі на зямлі.
1948