МЕНСК У РЫШТАВАНЬНЯХ

Sep 18, 2021 10:41


НАРЫС Я. МАЎРА
«БЕЛАРУСКІ ПІОНЭР» №12, 1929, СТ. 8-9
     Жыў-быў на сьвеце пастушок. Усё сваё жыцьцё ён пасьвіў авечкі. І вось ён неяк ці то паскардзіўся на свой лёс, ці нешта такое падумаў або сказаў - і заснуў пад кустом. Калі ён прачнуўся, дык убачыў, што ніякіх авечак няма, побач нейкія будыніны, а ля яго ляжыць прыгожае суконнае адзеньне... з воўны яго-ж авечак.
     Такую, прыблізна, казку прыдумалі калісьці нашы дзяды. Казка, як казка, у якой цуды робіць нейкі чорт. І той, хто выдумаў гэтую казку, ніколі ня думаў, што калі-небудзь і дзе-небудзь можа быць нешта падобнае.
     А вось другая казка, новая, леташняя.


     Жыў-быў у Менску чалавек. Жыў ён у мураваным доме на трэцім паверсе. У тым пакоі, дзе ён звычайна сядзеў і працаваў, вакно выходзіла на вуліцу, а з кухні вакно выходзіла на дзядзінец, у сад. Гэтае вакно было невялікае, вузкае, ды яшчэ заваленае розным барахлом, таму чалавек рэдка падыходзіў да яго. Праз гэтае вакно дабра былі відаць сад, суседнія гароды, хаты. Чалавек даўно ўжо тутака жыў, добра ведаў гэтае месца, быў заняты і зусім ня цікавіўся глядзець на яго. Да таго ж на лета ён выехаў з гораду, вярнуўся ўвосень, бегаў па сваіх справах, ня думаў пра сад ды суседні агарод.
     І толькі ў лістападзе неяк трапілася чалавеку паглядзець у гэтае сваё вакно. Зірнуў і адхіснуўся. Што за ліха такое? Працёр вочы, зноў зірнуў - тое самае: коміны, будынкі, камяніцы. Адкуль яны ўзяліся?
     Спусьціўся ўніз, пашоў у сад. Бачыць: паловы саду, дзе ён яшчэ ўвесну гуляў,-няма. Там, дзе быў плот суседняга агароду, цяпер сьцяна. Прыпомніў тады чалавек казку пра пастуха і сказаў:
     - Відаць, Савецкая ўлада можа рабіць цуды ня горш за чарцей! 
     А калі хто захоча праверыць гэта, хай загляне на Мацьвеяўскі завулак, ад Савецкай вуліцы, каля чыгуначнага мосту. Адтуль ён убачыць адразу 4 фабрыкі: дзьве вялізных і дзьве меншых, якія зьдзівілі нашага чалавека.
     Сьмела можна сказаць, што ў Менску знойдзецца шмат тысяч людзей, якія нават ня ведаюць, што ў гэтым кутку вырасьлі чатыры фабрыкі. Больш вядомы заводы на Ляхаўцы (скураны, дражджавы, мэталёвы). Гэты куток зусім нагадвае частку вялікага эўрапэйскага гораду. Нядаўна тутака былі сяк-так пабудованыя брудпыя і нязграбныя прыватныя заводы, а цяперака на сотні мэтраў цягнуцца дасканалыя новыя карпусы. І, апрача гэтага, яшчэ будуюцца новыя гмахі. А колькі фабрык параскідана ў іншых мясцох гораду! Фабрык новых, якія зьявіліся за апошнія некалькі год. І лекавая, і лямцавая, і цукерачная, і абуткавая, і швэйная, і галянтарэйная, нават хлебная і г. д., і г. д.


Не адстаюць і жыльлёвыя будынкі. Кроку нельга ступіць, каб не напароцца на рыштаваньні. Невялікія дамы лічыць ужо ня прыходзіцца. Растуць дамы па 40, 60 і нават 140 кватэр. У такім доме зьмесьціцца 140 сем’яў, іначай кажучы, можна было-б зьмясьціць вялікую вёску ў 140 двароў.
     Але сталіца Беларусі так шпарка расьце, што і такое будаўніцтва ня можа яшчэ задаволіць патрэбы насельніцтва.

А вось унівэрсытэцкі гарадок. Другі год ужо, як ён будуецца, і яшчэ пройдзе год ці два пакуль ён увесь будзе скончаны. І тады будынкі Беларускага Унівэрсытэту будуць лепшымі ў СССР. Бо Маскоўскі, Ленінградскі, Харкаўскі і інш. унівэрсытэты будаваліся шмат гадоў назад, а таму ўстарэлі.


На Савецкай вуліцы, супроць унівэрсытэту, адбываецца нешта нязвычайнае. Дзесяткі дамоў разбураны, тырчаць печы, кроквы, крушні цэглаў, дахі зьвернуты на бок. Ні то пажар быў, ні то вялікі разгром. Але людзі глядзяць на гэты разгром і цешацца: гэта руйнуюцца нікчемныя, старыя хаты, а заместа іх будзе вялізны Дом Ураду,лзе зьмесьцяцца ўсе ўрадавыя ўстановы сталіцы Беларусі.


А па вуліцах ні прайсьці, ні праехаць нельга. Усе яны перакапаны ўздоўж і ўпоперак нейкімі акопамі. Вайна дый годзе!


Пад усімі вуліцамі будуць пракладзены трубы. Праз іх пацячэ ўвесь бруд з гораду. Ня трэба будзе валаводзіцца з ім, вывозіць. Да 1-га лістапада будзе пракладзена 25 кілёмэтраў такіх труб Каля унівэрсытэцкай бібліотэкі зразаюць гару, пракладваюць рэйкі. Такія самыя рэйкі пракладваюцца і ў іншых канцох гораду. Хутка пабягуць па Менску першыя трамваі.


Калі які-небудзь Менскі жыхар, прапусьціўшы гады са два, вернецца назад, ён не пазнае гораду. Мы добра памятаем, як перад вайной ранейшая ўлада гораду меркавала будаваць трамвай, каналізацыю. Меркавалі год, другі, пяты ды так нічога і ня вымеркавалі, хоць і багацей былі за нас. А працоўная ўлада ўжо паставіла ўвесь горад дыбам.
     На нашых вачох адбываецца казка, але іншая, пэўная, рэальная. Дзесяткі год ужо ў эўрапэйскіх гарадох ходзяць трамваі, сотні год існуе каналізацыя і іншыя паляпшэньні. А наш царскі ўрад будаваў царквы ды панскія палацы.
     Цяпер мы паставілі сабе задачу ня толькі дагнаць, але і перагнаць заграніцу. Шмат людзей яшчэ ня вераць гэтаму, усьміхаюцца.
     - Куды нам цягацца з імі!
     Але мы ўжо за гады тры зрабілі столькі, колькі раней за гадоў 10. За бліжэйшыя пяць год мы яшчэ пасунемся на гадоў 20-30. Чаму ж нам і не перагнаць?

старые снимки, старые журналы, трамвай

Previous post Next post
Up