Стральцоўскі фэст

Feb 17, 2014 13:01

Антон Рудак
на пагоркі над сонным дняпром апускаецца шэрань
агітатар насвіствае чысцячы свой пісталет
спіце доктар турбін заўтра ў горад увойдзе бандэра
ваш навостраны скальпель прыдасца яму на стале

эпідэмія голад аблога паморак халера
у паўцемры нявыспаных сэрцаў палаюць агні
спіце лепей цяпер бо агора шчэ пойдзе наперад
хто паверыць што смерць паміж іх на чале на кані

камісары даўно зарадзілі свае рэвальверы
барыкады трымцяць у чаканні далёкай вясны
пад ударамі новых аўрор адчыняюцца дзверы
налятаюць вятры і ўрываюцца ў вашыя сны

не пакутуйце хворы мы вам павялічылі дозу
вашы раны і траўмы яшчэ вас паклічуць на біс
рэвалюцыю докторе трэба рабіць пад наркозам
натуральна калі яе ўвогуле варта рабіць

Альберт Эйнштэйн, прафесар Белдзяржуніверсітэта,
выходзячы з лабараторыі на падворак каля фантана,
запальвае цыгарэту і заляцаецца да студэнтак.
Дзяўчаты зь яго сьмяюцца: вось чорт кудлаты,
як апантаны.

Альберт ужо размаўляе амаль без акцэнту,
хоць піша канспекты лацінкай.
Нядаўна, між іншым, прасіў прэзідэнта пра пенсію.
Здавалася, што дамовіліся. Аказалася - не зусім:
празь некалькі дзён па тым прэзідэнт застрэліўся.
Вось непрыемнасьць.

А ў Менску тым часам канец неспакойных трыццатых, у кінатэатрах аншлаг:
Альберт са студэнтамі зьбег замест лекцый на новую стужку Чапліна,
і кожны сьмяецца, як быццам ня ведае, што адбываецца па начах,
як быццам гэта сакрэт за сямю пячаткамі.

І толькі Эйнштэйну насамрэч усё абыякава, ён усьвядоміў даўно:
ці тут ці ў Берліне загінуць - хоць шанец адзіны на сто - а ніколі ня позна.
А хтосьці абавязкова ўспомніць, а як і ня ўспомніць - усё адно.
Сур’ёзна, якая розьніца. Усё адно.
Бо ўсё адносна.

Стральцоўскі фэст, поэты, поэзия

Previous post Next post
Up