Иная служба святителю Кириллу, епископу Туровскому

May 02, 2022 17:15

Перевыкладываю в «Уставные заметки» текст иной (некомплектной - есть только песнопения полиелейной вечерни и литургийная часть) службы святителю Кириллу, епископу Туровскому. Служба составлена на белорусском языке в среде белорусских греко-католиков и была выложена на ныне уже не существующем сайте «Часасловец». По косвенным данным, автор службы - греко-католический священник Александр Надсон (1926 - 2015), апостольский визитатор для белорусов греко-католиков эмиграции.


28 красавіка
Між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага
Вячэрня
На «Госпадзе, Цябе клічу…»: тры сьвята і наступныя:(Тон 4). Трубу з золата каваную, боганатхнёны арган багаслоўя, мора невычэрпнае догмаў, умацаваньне царкоўнае, розум нябесны, глыбіню мудрасьці, залатую чашу, з якой мёдам цякуць салодкія рэкі вучэньня і пояць усё стварэньне, у звонкіх песьнях усхвалім.
Зорку незаходную, якая сваімі промнямі прасьвятляе нашую краіну, прапаведніка пакаяньня, залатыя вусны, што асушаюць макрату роспачы і арашаюць сэрцы, сатлелыя ад грахоў, Кірылу, справядліва званага другім Залатавусным, ушануем.
Зямны анёл, нябесны чалавек, ластаўка дабраслоўная і шматгалосная, скарбніца дабрадзейнасьцяў, скала непарушная, прыклад верным, спаўжыхар анёлаў сьвятых, роўны норавам з апосталамі Кірыла хай будзе ўзьвялічаны ў песьнях.

Слава…:(Тон 6). Праведны і блаславёны ойча сьвяты, пастыру добры і вучню Начальніка пастыраў Хрыста, што паклаў душу сваю за авечкі, прасі сёньня, усяхвальны Кірыла, Госпада дараваць нам малітвамі тваімі веліч зьмілаваньня.

Цяпер…: сьвята
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (10:7-8; 3:13-16; 8:6, 34-35, 4, 12, 14, 17, 5-9; 1:23; 15:4)Памяць праведнага поўная хвалы, і блаславеньне Гасподняе на галаве яго. Блаславёны той, хто набыў мудрасьць і знайшоў разуменьне. Лепш набываць мудрасьць, чым золата і серабро. Яна больш вартасная за каштоўныя камені, усё, чаго б ты не жадаў, не раўняецца ёй. Даўгалецьце ў правай руцэ яе, а ў левай - багацьце і слава. З вуснаў яе цячэ справядлівасьць, закон і міласэрнасьць на языку ў яе. Паслухайце мяне, дзеткі, бо важнае кажу, з вуснаў маіх выходзяць словы праўды. Шчасьлівы той, хто мяне слухае, штодня ля дзьвярэй маіх чакае, ля парогу варот маіх чувае. Бо хто мяне знайшоў, знайшоў жыцьцё і асягнуў ласку ў Госпада. Клічу вас, людзі: да сыноў людзкіх мой голас. Я - мудрасьць, разважлівасьць блізкая мне, маю глыбокую веду. У мяне рада і помач, мая разважнасьць і сіла. Я люблю тых, што мяне любяць; хто шукае мяне пільна, той знаходзіць. Прастадушныя, навучайцеся разважлівасьці і вы, неразумныя, набірайцеся розуму. Слухайце, бо я пра важныя рэчы гавару, шчырасьць адчыняе вусны мае. Вусны мае кажуць праўду, усё крывадушнае агіднае вуснам маім. Усе словы мае праўдзівыя, няма нічога няшчырага, крывадушнага ў іх. Усе яны ясныя для тых, хто іх разумее, і праўдзівыя для тых, хто асягнуў мудрасьць. Вярніцеся на шлях мой. Вось я надзялю вас духам маім і навучу вас радам маім. Лагодны язык - дрэва жыцьця, а крывадушны губіць душу.

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў (10:31-11:12)Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ тое, што мілае Богу, з вуснаў няверных - распуста. Агідная Госпаду мера неправедная, вага справядлівая да спадобы Яму. З высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю - мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя. Памірае грэшнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Неправедны вуснамі губіць бліжняга свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў - занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць.

Чытаньне кнігі Мудрасьці ( 4:7-15)Праведнік, хоць бы і памёр перадчасна, знойдзе супакой. Старасьць ягоная пачэсная не даўгалецьцем, яна ня мерыцца лікам гадоў; сівізна ягоная - мудрасьць, а мера старасьці - жыцьцё беззаганнае. Ён быў да спадобы Богу, знайшоў міласьць у Яго і, жывучы сярод грэшнікаў, быў забраны, каб злосьць не адмяніла думкі ягонай, і няшчырасьць не зьвяла душы ягонай. Бо прывабнасьць злога засланяе добрае, і бура пажадлівасьцяў зацямняе правы розум. Дасягнуўшы рана дасканаласьці, ён шмат перажыў, бо душа яго была мілая Богу і таму Ён пасьпяшыў забраць яго з благога асяродзьдзя. А людзі бачылі гэта і не разумелі, і ня ўзялі сабе гэтага да сэрца, што міласэрнасьць і ласка Ягоная з выбранымі Ягонымі, і провід Ягоны са сьвятымі Яго.

Вершапесьні(Тон 5). Радуйся, боганатхнёны чалавекалюбны прапаведніку, які паказаў нам розныя прыклады пакаяньня; розум у золата апраўлены, ластаўка залатавусная; галубка, што зьзяе залатымі дабрадзейнасьцямі, струмень, з якога цякуць воды боскага вучэньня; вусны, якім даручана Боскае чалавекалюбства. Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш: Вусны мае кажуць словы мудрасьці.
Радуйся, ойча сірот, пакрыўджаных хуткі памочніку, апекуне бедных, карміцелю галодных, настаўніку тых, што зграшылі, богапрыемны і пачэсны лекару душаў; пэўнае веданьне багаслоўя, выясьненьне пісаньняў духоўных, закону дзейны ахоўніча; правіла паступаньня вернае, мудрасьць высокая відзеньняў і дзеяньняў: Малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.
Верш: Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць.
Радуйся, блаславёны ойча Кірыла, што зазьзяў у нашай краіне ясьней за промні сонечныя дабрадзейнасьцямі і збавеннымі словамі; мудры сярод мудрых, выдатны красамоўца, настаўнік пакаяньня; радуйся, ціхае мора розуму, што вуснамі і розумам пацёк усьлед за Хрыстом. Малі Яго даць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Слава…:(Тон 6). Труба залатагалосная, залатаслоўны Кірыла, азалаці сэрцы верных залатацечнымі вучэньнямі тваімі: голас настаўленьняў тваіх, ойча сьвяты, па-прарочаму загучаў і прасьвятліў нашу краіну.

Цяпер…: сьвята
Адпушчальныя трапарыТрапар Кірылы (тон 8): Ласка, што, быццам сьветач, з вуснаў тваіх зазьзяла, скарбы малітвы нам у дары прынесла, шлях да пакаяньня паказала, веліч Божай спагады праславіла. Навучаючы нас словамі тваімі, ойча сьвятаначальніча Кірыла, малі Хрыста Бога збавіць душы нашыя.

Слава… цяпер…: сьвятаКандак Кірылы (тон 6). Сьвяты ойча Кірыла, настаўніку наш, ты, быццам другі Залатавусны, зазьзяў сьветлым вучэньнем тваім і тым, што сядзелі ў цемры, сьвятло Боскай навукі прынёс; пакорна просім цябе: малі Хрыста Бога, перад пасадам якога ты прабываеш, каб Ён даў супакой краіне нашай і ўсяму сьвету, і тым што шануюць памяць тваю, дараваў адпушчэньне грахоў, удзел у вечных дабротах і багацьце свайго зьмілаваньня.

ЛітургіяПракімен (Пс 48:4,2): Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць - роздум сэрца майго.
Верш: Пачуйце гэта, усе людзі, слухайце ўважліва, усе жыхары зямлі.
Апостал: Гэб 7:26-8:2
Алілуя (Пс 36:30,31). Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць, язык ягоны кажа праўду.
Верш: Закон Бога ягонага ў сэрцы яго, ногі ягоныя не спатыкнуцца.
Евангельле: Ян 10:9-16
Прычасьнік сьвята і наступны: Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя.

отделённые братья, богослужебные тексты, служба, апрель, Минея Дополнительная

Previous post Next post
Up