Бі-біп

Nov 30, 2012 18:23


Бі-біпЯк быў малым, то любіў пасядзець у татавым "жыгулёнку" і пакруціць баранку. Круціў натхнёна, гудзеў, як матор - ажно сьлінькі разьляталіся ад імпэту. Што праўда, дужа бі-бікаць не дазвалялі. Вёска ня любіць гарадскіх гукаў, хіба што радыё і тэлевізар. Потым з бабулінай хаты выйшаў тата сеў на свой пасад, а мяне перасадзіў на сядушку побач. І хітра так запытаўся: "Хочаш фокуса пакажу?" Хто ж ня хоча? Ясная справа! Ён, адняўшы рукі ад баранкі, лёганька націснуў на мой нос і я пачуў, як той засігналіў, што "жыгулёнак". Я ледзь не падскочыў ад такога дзіва. Тутака ж паспрабаваў фокуса паўтарыць, але нос мой не выдаваў ніякіх сігналаў акрамя ўсхваляванага сапеньня.  Фокуса я запатрабаваў
паўтарыць. І тата са сьмехам гэта зрабіў. Тады я пачаў ціскаць свой нос то правай, то левай рукой і ўсімі пальцамі па чарзе. Ані! Хацелася плакаць. І пасьля чарговай марнай спробы прымусіць свой нос бі-бікаць, я і заплакаў, заліўся сьлязамі крыўды. І вось толькі тут сакрэт фокуса быў адкрыты. Аказалася, што ў "жыгулёнка" ёсьць патаемная, нажная бі-бікалка, пра якую малы хлопчык і ведаць ня ведаў.
У якасьці маральнай кампенсацыі ў той дзень я атрымаў права бі-бікаць разоў можа сто. Праўда, было гэта на беразе азяра, куды мы з татай і мамай паехалі купацца. І тата, і мама сьмяяліся з таго фокуса, але мне было ўсё адно. Я быў шчасьлівы.
Бі-піп!!!
А ты кажаш: Дзед Мароз, Дзед Мароз...

дзяцінства, тата, мама, сказы

Previous post Next post
Up