Лясьнік Пецька

Nov 12, 2012 22:36




Лясьнік Пецька быў мужык хітраваты і з фантазіяй. А я быў малы і даверлівы. У глухой полацкай вёсцы, згубленай у гушчарах, слухачоў у Пецькі не было - адно нешматлікія сабутэльнікі, якія пецькавы гісторыі называлі аднолькава - "пізьдзёж" - і слухаць катэгарычна не хацелі. А я слухаць лясьніка любіў. Бо ніхто іншы не мог расказаць, дзе Напалеон схаваў барабан з золатам, а дзе немцы ў бліндажах пакінулі цалёханькія цынкі з патронамі ды розную зброю. Золата на той час мяне мала абыходзіла, але ж "парабэлум" нават сьніўся. Як яно і водзіцца, нашыя сумесныя паходы да скарбавых месцаў Пецька перыядычна адкладаў на рускае "завтра" - тутэйшае "ніколі". І патронаў нямецкіх, і золата напалеонаўскага я так і ня ўбачыў. Але я ўсё адно ўдзячны Пецьку. Бо ён мне падарыў свае лясныя радовішчы грыбоў ды ягадаў. І мусі цешыцца ён, лясьнік Пецька на тым сьвеце, што я на ягоныя словы не забыўся, і месцы ягоныя праведваю, як нібыта яго самога на могілках. Бо душа лясьніка жыве ў ягоным любімым лесе...

дзяцінства, лес, сказы

Previous post Next post
Up