пчолы

Feb 09, 2008 17:58


Крадзеж

Практычна ўсіх сваіх пчолаў бацька асадзіў у лесе. Лясны рой вылучаецца трывушчасьцю ды ўзяткам добрым, таму і мае перавагу перад пчоламі куплёнымі. Каб улавіць лясных пчолаў бацька рабіў адмысловыя борці-лавушкі, званыя ў полацкіх краёх “стаякі”, і вешаў іх на старых ялінах у глухіх, толькі яму вядомых кутках лесу, што атачаў бабуліну вёску з усіх бакоў. Чаму на ялінах? А таму, што на старую яліну залазіць значна прасьцей, чым на старую хвою. Акрамя таго, яловыя лапкі надзейна хаваюць борць ад чужога, сквапнага вока.

Мы разам аглядалі тыя стаякі і гэтак жа разам цешыліся, калі заўважалі, што ў вярховіне старой яліны, як раз ля нашага стаяка, закурэў, завіўся цёмнай вяровачкай, пчолкавы дымок. Чым гусьцейшы быў той дымок - тым мацнейшая пчаліная сям’я паквапілася на бацькаву вашчыну. Здымалі стаякі ў жніўні, на самым, самым досьвітку і, пажадана, каб з густым туманам ці нават невялікім дожджыкам, бо пчолы надзейна хаваліся ў сваім новым дамку, пакідаючы на варце толькі аднаго-двух паставых…

Тады я вучыўся ва універсітэце і рэгулярна прымаць удзел у бацькавых лясных агледзінах ня мог. Але ўжо па тэлефоне быў заінтрыгаваны ўзбуджанымі інтанацыямі пчаляра: “Ай, сын, якая сям’я села! Як працуюць, як працуюць - ажно дым са стаяка ідзе!” Я завочна радаваўся ў адказ і цяжка ўздыхаў, бо наперадзе была сэссія…

З лясной дарогі мы зьвярнулі на нейкую закінутую, цалкам утравелую пуцявіну, потым вылязьлі з машыны і выкручвалі хвілін дваццаць па лесе, пільнуючы арыентыры, вядомыя толькі бацьку. Густы падлесак, потым балацявінка, за ею - сухі грудок са старымі ялінамі. Да апошняга імгеньня я і здагадацца ня мог, дзе тое запаветнае дрэва. “Вось тут”, -- бацькава далонь лягла на таўшчэзны ствол. Я ўзьняў галаву і стаў выглядаць між верхніх галін стаяк з моцнаю пчалінаю сям’ёю. Нічога не ўбачыў і, калі перавёў вочы на бацьку,  быў уражаны ягоным счарнелым і лютым тварам. “Спіз…ў нехта”, -- гэта было прамоўлена так сьвінцова і змрочна, што сумнявацца ў нейкай абмылцы не даводзілася. Далей пайшлі адмысловыя праклёны на адрас злодзеяў, дзе кожнае слова было цьвіком у вечка труны. Кулакі бацькавы сьціскаліся і расьціскаліся ў безвыходнай ярасьці, бясьсільнай крыўдзе, якую нехта наважыўся яму ўчыніць у ягоным лесе. Пачуцьцё абкрадзенасьці і крыўды перадалося і мне. У той момант я выразна адчуў, што, калі б мы засьпелі   злодзеяў на гарачым, то наўрацьце паляўнічы нож застаўся ў халяве бацькавага бота. Лясная праўда была на нашым баку. І хоць мой бацька ніколі не чуў пра Статут ВКЛ, ён выканаў бы, не вагаючыся, 14 артыкул 10 разьдзелу: “Хто бы  кому… в лесе на дереве… пчолы выдрал альбо з ульем взял…, кого з ліцом поймано, такового мають сказаті, яко злодея, на горло”.

Я б дапамог свайму бацьку. Абавязкова.

пчолы

Previous post Next post
Up