Сьнег

Nov 28, 2020 11:19




Знаёмая, што перахварэла на ковід, казала: Ляжала пластом, абсалютна ніякая, але ўбачыла, як выпаў сьнег - і захацелася жыць...
Сьнег для беларуса куды больш, чым проста сьнег. Каляды на чорным асфальце аўтаматычна губляюць свой сьвяточны статус. Аповяды пра залатыя часы дзяцінства заўсёды поўняцца ўспамінамі пра "сапраўдныя зімы", калі сумёты былі такімі, што ў іх, як у пярыну, можна было сьмела скакаць з паветкі. "Сьнежныя бабы", сапраўдныя бітвы са сьнежкамі і цэлыя крэпасьці, пабудаваныя зь вялікіх сьнежных блокаў...
Прабяжацца на лыжах да возера Люхава сонечным дзяньком праз сасновы бор, калі сьнег зьзяе, як россыпы дыямантаў, а лясное паветра робіць шчасьлівым за проста так. Тупаць вузкім сьнежным тунэлям сьледам за бацькам, які тарнуе сьцягу да азяра, дзе мы спадзяемся налавіць акунёў ды плотак...
У краіне, дзе так мала сонца, сьнег гэта і ёсць зімовае сьвятло і чысьціня, калі цешыцца вока і душа. Гэта асабліва заўважна на сезонным пераходзе ад позьняй і панылай восені, калі такім чаканым стае першы сьнег. Заўваж, не бывае "першага сонца" ці "першага дажджу", а сьнег заўжды бывае першым. Не мне табе казаць, што "першае" мае сакральны статус, а гэта значыць, што сьвяточная бель за вакном - няўрымсьлівы падарунак багоў, што клапатліва пакрываюць нашую зямлю чысьцюткім кужалем


сьнег, сказы

Previous post Next post
Up