Дзень Сьвятой Ефрасіньні

Jun 05, 2016 17:16

Я далёка не аматар царкоўнага афіцыёзу, аздобленага харугвямі, блішчастымі папамі ды іншай бутафорыяй. Але народнае хрысьціянства заўсёды імпанавала сваёй шчырасьцю, калі малітва прамаўляецца простымі словамі, а храмам можа быць лясное ўрочышча са сьвятой крыніцай...
Бабуля была здалёк. Гэта было зразумела з таго, што яна перапытвала дарогу да Сафійскага сабору, адкуль мусіў пайсьці хросны ход, то ў аднаго, то ў другога міліцыянта. Пайшлі разам. Бабуля аказалася з Расонаў. Як толькі ўзыйшлі на Верхні замак і Сафія паўстала перад вачыма ва ўсёй сваёй велічы, старая жанчына перажагналася і вельмі кранальна прамовіла: Дзякуй Табе, Божа, што прывёў мяне сюды.
Былі людзі з Мінску, Глыбокага, Віцебска... Перад храмам разьлілося чалавечае мора, быццам даўняе полацкае веча. Вока этнографа цяжка замыліць, таму прыкмячаў рэчы жывыя, сапраўдныя. Сівагаловы байкер тройчы змывае твар ля сьвятой крыніцы. За ім тое самае робіць маладая жанчына з дзіцёнкам, потым - жанчына сталага веку, якая змывае вочы, рукі ад лакця і жагнаецца проста на крыніцу, дзе ні крыжоў, ні абразоў няма.
Ля Барысава камяня таксама моляццца, але спосабам адметным. Укладаюць пальцы рук у дзірачачкі, што выпетрыў час у валуне, а тады шэпчуць нешта сваё. Абыходзяць камень па сонцы тройчы. У тыя ж дзірачкі кладуць дробныя манеткі ці скручаныя ўшматкроць папяровыя грошы. Таксама бачыў цыдулкі, дзе запісаныя просьбы ці пажаданьні. Іх таксама торкаюць у камень...
Што да ўласна Ефрасіньні, то ўшанаваньне яе ёсьць абсалютна народным, са шчырай вераю ў цуды і гісторыямі пра гэта. І тут я нават не пра гараджанаў, але пра вяскоўцаў з Вушаччыны, Глыбоччыны, Шуміліншчыны, Лепельшчыны...

“Бывала ў майго дзядзькі ў аднаго не гадаваліся дзеці, а не гадаваліся дзеці ў яго за тое, што жа­ніўся на Вербніцу ў самый пост. Адна нядзелька да Вялікадня, а ён тут жаніцца. <…> І ў гэтага дзядзькі чацвё­ра дзяцей радзілася, усе чацвёра ўміралі. Ды ўміралі, хай Бог абнясець, страшнай смерцю… Ну, дык вот тады гэта бабушка, што мяне ўчыла, яна сказала так, і гэта ўжо после вайны, яна сказала: “Ня будзець, Надзя, у цябе і гэта дзіцё гадавацца. Награшылі вы дужа. Дык вот вазьміце ахвя­ру”. А якую ахвяру сказала: “Ідзіце, вот када дзень прысвітой Ефрасіньні Полац­кай нашай, вот ідзіце на Ефрасініну цэркву і дайце ахвяру. Ахвяру вот такую - купіце там палаценьчыка, ці платочык які”. Ну, вот і радзіла гэта жанчына дзе­вачку. Ну, і тады ўзялі ахвяру гэту, і яны паняслі, і гэту дзевачку пяшком насілі аж у Полацк. Дык усё з майго дзядзькі смяяліся, што садзі ў мяшок і нясі на пля­чах. Гэта ж далёка перанесьці, дык ужо і парадашная была. І вот, як прыйдзеш у цэркву, нада купіць свечачку, запаліць свечачку і паставіць, і во гэту ахвяру, што прымерна яны няслі, нада было палажыць, дзе храняцца мошчы Ефрасіньні. І када там ужо нейкія капеечкі былі, дык у тую скрабёначку кідалі, што ля яе тут блізенька стаіць. Ну, хто ўмеў, ну даўныя людзі ўсе ўмелі Богу маліцца, ну тут во нада сваімі словамі. Када ў чалавека гора, када ў чалавека беда, када ў чалаве­ка нездароўе, нада маліць сваімі славамі, усё раўно да Бога дайдзець гэта. <…> Ну і вот яны хадзілі. Ну і як схадзілі, ну і тая Любач­ка вырасла і ўжо ў яе і ўнукі ёсць, і праўнукі. І нада хадзіць кажан год на гэту святую Ефрасіньню ў цэркву, і там палажы ты там рубаль, свечачку запалі, ну і можа там насавы платочак палажаш. Вот і ахвяра, вот гэта была ахвяра”(Ушацкі р-н)

“Ну, Святую Ефрасінню знаю, якім іме­нем мяне назвалі. У мамы дзевачкі ўсе паўміралі... У яе дзевачкі ўміралі, а мальчыкі жылі. У мамы нас было цэлых дзевяць, я радзілася самая паследняя, маме было пяцьдзесят лет і ей ска­залі: назаві яе Ефрасінняй, і мяне назвалі. І я вот ужо восемдзесят адзін год жы­ву. Значыць, гэта святая Ефрасіння. І вот імя яе нашу, затое, верна, і жыву так многа”(Лепельскі р-н)

“Ну вот ў нас везлі Ефрасінню цераз Пазнякова, там граза нікада нічэво ня дзелаіць. І цераз гэту дарогу вязлі яе ў Полацк. І вот там нікада нічога ня дзелаіцца. Ні хаты не срываіць, нічыво” (Полацкі р-н)

сьвята, Полацк

Previous post Next post
Up