вясковы сшытак 2

Aug 23, 2010 21:30

**
22 ліпеня

Пайшоў раніцай на рыбу. Схапіла коніка невялікая краснаўка (краснапёка). Цягну ціхенька, кручу катушку.Выварочваецца з глыбіні шчупак і хапае маю дробную здабычу. Катушка пачынае вішчаць, жылка размотваецца. Падціскаю тормаз, каб затрымаць і ў траву не пусціць. Атрымліваецца. Шчупак ходзіць, аж вада ўздуваецца хвалямі. Не ведаю колькі мы так змагаемся. Жылка добрая, спінінг стары дугой, і раптам шчупак на паверхню выварочваецца. Вялікі, як для гэтай рэчкі, кілаграмы на чатыры-пяць. Жоўты, цяжкі і ня вельми доўгі, кароткі і круглы, жывот светлы. Паспеў заўважыць, што кручок мой глыбока ў пашчы, але спадзеў на ўдачу не пакідае мяне. Шчупак павярнуўся і ў глыб пайшоў. Я і слабіну яму даў, але… Ціўкнула мая жылка і вылецела разам з паплаўком на бераг. Перакусіла рыбіна жылку. Рукі доўга калаціліся, а сэрца бухала.
Ну, чаму, чаму вялікая і нязлоўленая рыба заўсёды такая прывабная?
Я пытаў гэта ў ракі, у чаратоў… Але на шчупака і кепскага слова не сказаў.

**

вясковы сшытак 2

Previous post Next post
Up