May 18, 2014 16:58
**
Бэз Элеаноры
Язерская шырока сядзела на лаве, побач са Свіслаччу, побач з будынкам тэлебачання. Яна млела і абмахвалася яркай спадніцай. Быў спякотны травень 1999 года. Тэлевежа бялела і чырванела, насоўвалася бэзавая хмара, але і сонца пякло. На лаве стаяла пляжная валіза, У валізе сядзеў белы кот і стомлена каўкаў. Валізу ўпрыгожвалі каляровыя каменьчыкі, кавалачкі люстэрка, ракаўкі. Мы з дачкой прыселі побач. Дачцэ было гады чатыры і яна дзівілася на белага ката, на яркую разамлелую жанчыну.
Пагаварылі пра нешта малазначнае -- тэлевізійнае. Сабраліся сыходзіць. Элеанора падалася да прыступак, перайшла вуліцу, потым напрасткі па траве да вялізнага куста, і пачала ламіць бэз. Надрала вялікі букет. Мне зрабілася няёмка ад яе нахабства, але змаўчаў. Элеанора з букетам падыйшла і сказала: "Валодзя, хіба я не заслужыла?.. Я столькі гадоў гэтаму тэлебачанню аддала?"
Пра каменьчыкі і кавалачкі люстэрка на валізе з катом ўспомніла дачка.
Я згадаў бэз, які яшчэ добра не расцвіў..,
Той куст і сёння ў кветках, але ў звялых, іржавых, якія па-малу абсыпаюцца, абцярушваюцца...
**
запіс