Прадублірую тут запіс з фэйсбуку
Пачытала некалькі гісторый ад сяброў-назіральнікаў, вырашыла і ад сябе крыху дадаць. Бо здаецца, усім усё зразумела, але вось нават суседзі здзіўляюцца.
Я акрэдытавалася на ўчастку 37 Ленінскага раёну (школа 130). Там было яшчэ два (35 і 36), і больш-менш вернымі можна лічыць толькі сумарныя лічбы, бо вядома ж, ніхто з нас не трапіў у тыя самыя тройкі ўнутры.
Акрэдытавалі мяне яшчэ за тыдзень да пачатку выбараў пад нумарам 13, але калі я за дзень прыйшла пераправерыць гэта, высветлілася, што два подпісы несапраўдныя (і зразумела ж, мне ніхто не паведаміў). Знайшлі яшчэ два, і раніцай 4 жніўня я зноў акрэдытавалася пад нумарам 18.
Пасля пламбіравання урны ўсіх "лішніх" назіральнікаў папрасілі выйсці з школы. Бо непасрэдна на ўчастку кавід, і толькі траім дазволена прысутнічаць згодна графіку (рабіць фота графіка нельга, але ўсё адно там былі на ўсе дні адны і тыя ж асобы). А за дзвярыма кабінета - тэрыторыя школы, у якой менавіта зараз летні лагер для дзяцей, і таму ўсе вон. Хто выйшаў недастаткова хутка - на тых выклікалі міліцыю. Пасля можна было прысутнічаць толькі на адкрыцці-закрыцці (неверагодная шчодрасць, бо гэта нідзе ў правах назіральнікаў не прапісана) і рабіць фота пратаколаў.
Увечары першага дня я спрабаввла ўнесці прапанову, але мне адмовілі, бо "участак зачынены, выходзьце". Давялося прыйсці раніцай і недзе з трэцяй спробы мне нарэшце далі выказаць прапанову: павесіць шторку на адну з кабінак. Адказ даслалі праз два дні заказным пісьмом, прыйшло яно ў панядзелак, і я яго тут ужо паказвала.
У пятніцу я таксама падала скаргу на тое, што "унутраныя" назіральнікі працуюць без масак. Камісія таксама, але яны маглі рабіць, што хочуць. А наконт назіральнікаў усё прапісана ў тым самым 115-м пастанаўленні, якое абмежавала колькасць назіральнікаў. Скаргу запісалі, але адказа я так і не атрымала. Толькі адна з назіральніц гнеўна заявіла, што масачнага рэжыму ў нас няма. Я прапанавала ёй звяртацца ў ЦВК.
У асноўны дзень выбараў яны ўсе па-ранейшаму працавалі без масак, шторак не было (але рабіць фота бюлетэняў не перашкаджалі).
Падчас датэрміновага галасавання я амаль не ўдзельнічала ў падліках, бо не было часу з-за працы. Але мае калегі фіксіравалі перавышэнне афіцыйных лічбаў у некалькі разоў. 7 жніўня я скончыла працаваць раней і лічыла людзей пасля перапынку, з 16 да 19. Прайшло каля 40 чалавек. Згодна з падлікамі маіх калег, у першай палове - прыкладна столькі ж. Згодна з пратаколам за дзень прагаласаваў 141 чалавек.
За ўсе дні датэрміновага галасавання па нашых падліках на ўсе тры ўчасткі прайшло 1153 чалавека. Па пратаколах: 2468.
Мы сапраўды некалькі разоў хадзілі шукаць незаўважаныя намі ўваходы. Але не знайшлі.
9 жніўня пад бясконцы плэйліст прыкладна з дзесяці песняў пра Беларусь я лічыла ўсіх, хто заходзіў у школу. З 8 да 20, зрабіўшы толькі два перапынкі па паўгадзіны, каб збегаць дадому. У параўнанні з іншымі, мы яшчэ добра ўладкаваліся. Не за плотам, а амаль перад дзвярыма. Мне бацькі яшчэ і "рыбацкі" стул прывезлі, амаль каралеўна была :))
Людзі ішлі і ішлі. Прыгожа апранутыя, некаторыя цалкам у белым. Усміхаліся нам і паказвалі белыя стужкі. Мы таксама ўсміхаліся і казалі дзякуй. Некаторыя на выхадзе гучна казалі "запішыце там, я за Ціханоўскую!". Некаторыя цiха: "Глядзi, назiральнiкi! Ты бранзалет не забыў?"
Назіральнікам амаль што нельга размаўляць з людзьмі, бо могуць палічыць гэта агітацыяй і пазбавіць акрэдытацыі, але мы проста рабілі капліменты :) Вельмі прыгожая белая сукенка з чырвоным паяском. Цудоўныя бранзалеткі з белых пярлінак. Шыкоўна выглядаючы мужчына ў вышыванцы і саламяным капелюшы. Жанчына з загiпсаванай нагой, якая папярэдзiла нас, што мужчына з ёй не галасуе, толькi дапамагае. Жанчына, якая iшла вельмi марудна, амаль плакала, калi падымалася па прыступках, але астатнiя ў чарзе на ўваход/выхад спакойна чакалi. І яшчэ шмат шмат іншых. Адзін папрасіў зрабіць фота, як мы назіраем праз дзверы і вокны, каб даслаць маці, "бо яна там у Швецыі не верыць".
За ўвесь дзень да мяне падыйшоў толькі адзін крыху агрэсіўны мужчына, атрымаўся цудоўны дыялог:
- что вы тут делаете?
- палочки рисую
- зачем?
- мне нравится палочки рисовать
- в другом месте надо рисовать!
- я подумаю
У мяне атрымалася 5357 чалавек. Гэта больш, чым на самой справе, бо не ўсе ішлі галасаваць, і не ўсе нас аб гэтым папярэджвалі. Але быў яшчэ адзін чалавек, які лічыў уваход, і яшчэ адзін, які лічыў выхад. Выбралі меньшую з лічбаў, атрымалася 5237 чалавек. З іх 1476 былі з добра бачнымі белымі стужкамі.
Увечары каля школы сабралося шмат людзей чакаць вынікаў. Я столькі нават на новы год там не бачыла. Мы паспрабавалі зноў трапіць на ўчасткі на падлік галасоў, але нам адказалі, што гэта ўсё яшчэ праца камісіі, і 115 пастанаўленне дзейнічае.
Пакуль чакалі, прыйшлі людзі з суседняй школы. Там пратаколы з перамогай Лукашэнка павесілі праз пяць хвілін, і гэта натуральна выклікала недавер. Прыехаў амап, і людзі адтуль прыйшлі да нас.
Усе назіральнікі сабраліся ля ўваходу, і міліцыянт у школе паабяцаў нас пусціць, калі пачнуцца правакацыі. Але калі прыехаў амап, ён зрабіў выгляд, што нас не ведае.
Амап быў вельмі ветлівы, з намі нават размаўлялі, але выціснулі далей ад уваходу, а потым увогуле за агароджу школы. Прыехала яшчэ дзве групы прадстаўнікоў нейкіх службаў, усе ў белым. Адна прайшла ў школу і вывела камісіі праз бакавы ўваход. Потым астатнія таксама пайшлі, а нам засталіся пратаколы.
Згодна з пратаколамі, 9 жніўня прагаласаваў 2341 чалавек. 599 за Святлану. Большасць - за Лукашэнка.
Раніцай пратаколы зніклі, адміністрацыя таксама. Застаўся толькі вахцёр, які нічога не бачыў, нічога не ведаў і "ну што вы ў мяне пытаеце"
А мне дагэтуль сорамна перад суседзямі, якія казалі нам "дзякуй" і частавалі шакаладам і марозівам. Не пашанцавала нам з камісіямі, не здолелі разбудзіць хоць кроплю сумлення.
Неяк так.