СЁНЬНЯ - ДЫСОНАНС. Уладзімір ПРЫБЫТКОЎСКІ

Jan 11, 2010 22:24

Буду славіць
паравоз я сёньня.
Буду гукі
выдзіраць з галавы.
Гукі чэрап
расьпіралі звонам,
сьвістам, грукам
лязгам кол харавым,
Раніца
кастрычніка
крывавая
акрывавіла
пялёнкі мае
крывёю
За мяса Прэсьні
паравозы раўлі
араваю.
Мазгі працоўных
лізалі зброю.
Чалябінск - Менск.
Калыхаў мяне паравоз.
Калыскай - вагон.
Я ў чэрапе сажу прывёз,
бо ў ім паравозных думак
прытон.
Паравоз!
Ты-ж ня гад-кулак,
не падліза нэпман.
Ты!
мяне проста гадаваў.
Перад табою скідаю кепку
Твая
мая галава.
Слухай!
твае концэрты
любіць маё пакаленьне.
У іх ня чуваць болю
ад муштраў.
Я не запомню концэрт,
Як памёр Ленін -
колектыўных
думак
люстра.
Засьпяваў паравоз:
Жалю мейсца -
выграбныя ямы.
Хочаш сэрца
паказаць нагім?
Межы!.. шырай
адчыняй брат брамы.
Просяць?!. кідай
кармазын-сьцягі!
Лаві! Будуй
чырвонае сонца.
Тугу туга
сажмі ў кулак.
“Кулак” скрыгай
зубамі аб гляк,
а ты будуй
чырвонае сонца.
Прасьпяваў паравоз і насустрач вясьне
Там спаткаюць братцы з гартаванай душой.
Ой вясна... хто цябе зразумець ня ўмеў -
Таму сьцежка адна - у вір галавой.
Не... ой не... ні за што не дазволіць “жыцьцё”
Павярнуцца і полымя сонца згасіць,
Разьвітаньнем хай вые бярозы выцьцё
Ды хаўтурна трыпціць трапыханьне асін.
Паравозныя думкі! вам хатай мой чэрап.
Мне ня трэба спакою, аўсянае цішы
Хай праз вас я зубілам пашчэнкі ашчэрыў,
Ды ніколі ня зьвісну шчарнелаю вішняй!

1926 р.

*Укрревкульт безмежно вдячний Віктору Жибулю(Мінськ) за надіслані тексти білоруських авангардистів.

білоруські футуристи, 1920-ті, поезії, Беларуская Літаратурна-Мастацкая Камуна

Previous post Next post
Up