Печка

Apr 17, 2015 18:30

  Даклалі сёння з Сашкам у чалавека ў Шчэжары эксперыментальную “двухпавярховую” печку. Прапалілі крыху - парадаваліся: гарна зроблена. Нідзе ні дыміначкі, толькі пáра ад гліны ды цэглы адыходзіць. Хацеў бы сказаць: “сабе такую хачу”, але не скажу, бо не трэба мне ляжанка раскошная (і ні якая ляжанка) і “другі паверх” не трэба. Усё астатняе - пліта, духоўка, сушылка для рэчаў - вартае. Зрэшты, летам такое “астатняе” буду і сабе ляпіць.

СВАТЫ

Паехалі мы з кумам у гэтую вось Шчэжар у сваты. Вёска тады была спраўная, ды і цяпер, сам жа бачыш, паміраць не збіраецца. Вылюднела, канечне, а так-та нічога. Што ты хочаш - усяго 12 км ад горада.

Заходзім з Мішкам у хату. Чысценька тут, дагледжана ўсё. Я засланку пячную прачыніў - чыгуны вядзёрныя ўсцяж, - мусіць, бульба скаціне парыцца. Ты знаеш, і дзеўка ёмкая аказалася, ад такой, калі што, не сорамна было і б гарбуза прыкаціць. Неблагая пáра падбярэцца, як засватаем. Людміла гэтая за Мішку на 3 гады маладзейшая, а сябру майму ўсяго 45.

Мы “выставіліся”. Гаспадыня таксама гасціннасць паказала. Пасядзелі так чынна-благародна, дамовіліся пра ўсё: і пра дзень, у які Мішка ў прымы пераедзе, і што з сабою возьме, а што ў аднапакаёўцы халасцяцкай пакіне. Карацей, высваталі дзеўку. Памануліся былі наліць, каб скрапіць ета дзела, - аж хрэна. Выпілі ўсё! Ну яшчэ б не выпіць - пад бульбачку параную, гурочкі маласольныя, кілбаскі пальцам пханыя... Тут не толькі “смешны” літар самаходам прабяжыць. Паляцеў Мішка ў магазін. Тады яшчэ раз збегаў. Тады... не помню.

Ачуўся я ў стагу пад раніцу. Сена - за каўняром, у штанах, у роце. Думаю: дзе я? Край сяла нейкага, вакола скошаныя лужкі. Шчэжар, бляха (гэта я не ўспомніў - на дарожным знаку прачытаў)! Вось тады і згадаў і Мішку, і сваты нашы вясёлыя. Хацеў вярнуцца ў вёску ды пашукаць Людміліну хату, але ж так было млосна, так пагана, што падумаў: пакуль знайду тую хату, пэўне ж сораму набяруся (“сват - жабам брат”) і дзеўку яшчэ падвяду. Папёрся ў Раманавічы - вёска толькі цераз шашу. Па дарозе абмахнуўся рукавом, пастрасаў сяніны. Балазе, быў у джынсавым касцюме, дык пакамечанай бачылася толькі фізія. Пакуль даклыпаў да магазіна, ён ужо адкрыўся.

А Мішку я перастрэў на працы ў панядзелак. Ведаеш, дзе прачнуўся той раніцай ён? Дзе-дзе? Хваробы. Не ў Люды.

У Быхаве!

dz, sm

Previous post Next post
Up