15 чэрвеня 2001 у "ЛіМе" была надрукавана мая рэцэнзія "Імклівы рух драўляных коней", а праз паўгода, 4 студзеня 2002, тамсама - пакаяльнае пісьмо, датычнае гэтай жа рэцэнзіі. Прызнаюся, я доўга хадзіў занураны "комплексам недарэкі", аж пакуль не прайшоў ачышчэнне тыднёвым запоем. Алесь (Пісьмянкоў) у тэлефоннай размове супакойваў, кажучы, што Валянціна Куляшова публікацыяй "Каруселі" нязмушана ўвяла ў зман усю літбрацію, і перажываць дужа не варта.
Ага, не варта. Усяго толькі павёўся на "жыўца" і прыпісаў паэту чужы твор. 13 гадоў прамінула, а як згадаю гэты канфуз, фізія ўсё адно пачынае чырванець.
Я да чаго выкручваю. Толькі што выпадкова (а як яшчэ? - сеціва:)) натрапіў на пэўны допіс у "СБ" дзесяцігадовай даўніны (http://www.sb.by/post/35692/) і крыху пазлараднічаў: граблі жалезнымі аказаліся. Вы мне даруйце, Людміла (спадзяюся, Віктар пакажа Вам гэты пост), што варушу даўно прамінулае, але не ўтрываю, утыркну сваё тадышняе пакаянне, каб было зразумела, што да чаго.
Падчас працы над чым-кольвеч крытычным мяне вось ужо колькі гадоў суправаджае зрокавы вобраз назвы “палымянскага” артыкула Р.В.Шкрабы, апублікаванага ў далекаватым 90-м. Змест артыкула я цяпер наўрад ці пераказаў бы, памятаецца толькі, што ён стаўся адказам Алесю Бадаку на яго крытыку школьных падручнікаў па беларускай літаратуры, але назва… Назва штораз прымушае мяне прыпыніцца ды агледзецца, перш чым занатоўваць на паперы чарговае меркаванне пра вынікі чужой літаратурнай працы: “Супраць нігілізму і дылетанцтва ў літаратуразнаўстве”… Рыгор Васільевіч ведаў, чым зачапіць. Перад тым, як чытаць далей, адшукайце, калі ласка (як не цяжка), у сёлетняй (2001) “ЛіМаўскай” падшыўцы газету пад №24. Там змешчаны невялікі допіс “Імклівы рух драўляных коней”. Ён адметны дзвюма пазіцыямі: па-першае, тым, што прысвечаны аналізу толькі аднаго верша, а гэта, пагадзіцеся, даволі рэдкая рэч нават для “ЛіМа”; па-другое (і яно галоўнае), тым, што з’яўляецца нядрэнным прыкладам дылетанцкага падыходу да асэнсавання канкрэтнага літаратурнага факта. Варта зазначыць, што аўтар згаданага допісу ў час працы над ім перажываў своеасаблівае “дэжа вю”, адчуванне таго, што гэты “перадсмяротны верш Аркадзя Куляшова” ён некалі ўжо чытаў. Праз паўмесяца пасля публікацыі прадчуванне такі пацвердзілася: у першым томе пяцітомнага Збору твораў Аркадзя Куляшова (куды раней паленаваўся зазірнуць!) на старонках 503-504 ён прачытаў верш “Карусель”- пераклад з Леаніда Первамайскага. Можна ўявіць пачуцці рэцэнзента… Цяпер пазнавата ўжо разважаць, чаму раней не было згледжана відавочнае. Цяпер яго больш цікавіць, чаму пераклад патрапіў у “нясвіжскі” архіў Куляшова. Тлумачэнне знайшлося пакуль адно - праўка для наступнага надрукавання. Калі параўнаў абодва тэксты - з 1-га тома Збору твораў і “ЛіМаўскі”(ад 5 лютага 1999 года) - налічыў 11 выпраўленняў. Яны ўсе ў цэлым нязначныя, на ўзроўні шліфоўкі (напрыклад, радкі “Даўніх дзён сябры і пабрацімы…” і “Дружны ваш галоп, замкнёны колам…” заменены адпаведна такімі: “Даўняга дзяцінства пабрацімы…” і “Ваш стракаты рух, замкнёны колам…”), але ёсць адно, якое відочна зацямняе час напісання арыгінала і ўвогуле паслабляе страфу: замест радка “…Наслання, якое бомбы сее…” Куляшоў ужыў “…Наслання, якое гібель сее…” Страфа з гэтым радком, не да канца зразуметая аўтарам рэцэнзіі, на жаль, не насцярожыла яго і не засцерагла ад дачаснай публікацыі. Становішча не ратуюць нават тыя цалкам справядлівыя заўвагі, якія ён зрабіў у дачыненні да зместу верша: “…у творы назіраецца пэўная расплывістасць думкі, хаатычнасць руху вобразаў, што ўвогуле не характэрна для паэтыкі Куляшова 60-70-х гадоў”. Або:. “…у творы аказаліся зрушанымі некаторыя традыцыйныя аўтарскія акцэнты” і г.д. Вядома, адпаведна знакамітай аксіёме, перакладчык паэзіі - супернік аўтара, але ў нашым выпадку галоўнае далёка не гэта… Разумею, што Вы, чытач, будучы дзіцем няўрымслівага часу, так і не адгарнулі старонку з цытуемай рэцэнзіяй. Я патлумачу, калі хто яшчэ не захацеў здагадацца: яе аўтар я, С. Украінка. А напісаў вышэй Вамі прачытанае не толькі таму, што адчуў вядомую няёмкасць за сваю недасведчанасць, а яшчэ для таго, каб і Вы паглядзеліся ў люстэрка. Дарэчы, пасля той “ЛіМаўскай” публікацыі прамінула паўгода, але нешта я не чуў, каб нехта з даследчыкаў выступіў з яе крытыкай ці хаця б патэлефанаваў у рэдакцыю… Не чытаем “ЛіМ”? Не чытаем Куляшова? Не чытаем?!.