Mar 04, 2022 14:56
У складаныя часы Ганна Севярынец нашае ўсё.
Вось, галоўнае пра выхаванне:
Увесь дзень думаю пра тое, як важна ўсё ж такі выхоўваць дзяцей, якія ўмеюць казаць "не". І так, я зноў назаву іх непаслухмянымі, хаця гэтае слова - непаслухмяныя дзеці - выклікае кагнітыўны дысананс у бацькоў, прызвычаеных да "паслухмянасці дзяцей" як да каштоўнасці. Падаецца, што цяпер зусім не час разбірацца ў тонкасцях выхавання. Але дзеці - яны растуць проста цяпер. У нас, дарослых, у гэтыя дні суткі і тыдні мільгаюць куляй, мы ўсе ў стрэсе, у нас ляцяць усе сістэмы, ад нярвовай да імуннай, але дзеці растуць проста цяпер, і выхоўваюцца проста цяпер, гледзячы на нас. Я не буду развадзіць тут лонгрыды наконт таго, чаму так важна выхаваць у дзяцей навык непаслухмянасці, здаецца, цяпер гэта выразна бачна, што бывае, калі цэлыя народы і нацыі выхоўваюцца пад сцягам "а падарункі толькі паслухмяным дзецям". Таму я проста дам парады - як мама трох надзвычай непаслухмяных дзяцей.
1. З непаслухмянымі дзецьмі заўсёды СКЛАДАНА. Гэта трэба прыняць як аксіёму. Мець дома гарнізон паслухмяных дзяцей надзвычай зручна: гаркнуў - і яны ў цябе накормленыя, напоеныя і ляжаць у ложках у дзевяць вечара, здаўшы тэлефоны і прачытаўшы пяць старонак кніжкі па праграме. Таму заўсёды існуе небяспека забіць на свабоду і пачаць выхоўваць паслухмяных дзяцей.
2. Навык непаслухмянасці НЕ АЗНАЧАЕ навыка свавольства. Ёсць межы, якія прыстойны чалавек мусіць ведаць і бачыць. Найперш гэта тычыцца фізічнай бяспекі (можна: эксперыментаваць пад назіраннем дарослых, лазіць на дрэвы, хадзіць па лужах, бегаць пад дажджом без парасона, есці пясок; нельга: тыкаць відэльцы ў разеткі, размахіваць нажніцамі і нажамі, залазіць на тры табурэткі, пастаўленыя адна на адну і гэтак далей) і безумоўных маральных патрабаванняў (можна: дапамагаць, аддаваць апошняе, сябраваць з кім лічыш патрэбным, кахаць каго абірае сэрца; нельга: падстаўляць, здаваць, кляўзнічаць, нарушаць слова, цэліць нават з цацачнага аўтамата ў жывых істот, біць катоў і сабак, разбураць гнёзды, жадаць смерці, красці).
3. Навык непаслухмянасці ПРАКАЧВАЕЦЦА і трэніруецца. З самага маленства. Там, дзе бацькі могуць саступіць патрабаванням дзіцяці - яны мусяць саступіць. Іншы раз я, напрыклад, бачыла, што дзіцёнак будзе супраціўляцца маёй забароне - і тады спецыяльна што-небудзь забараняла, каб ён давёў да мяне сваю праўду і пераканаў мяне, і я б саступіла, і ён бы адчуў сваю моц і маю дамоваздольнасць. Вызначыць моманты, у якіх бацькі павінны саступаць дзецям, даволі проста. Нармальныя дзеці, атрымаўшы несправядлівую забарону, заўсёды пытаюцца: "А чаму нельга?" Дык вось калі ў вас адказам на гэтае пытанне нараджаецца аргумент кшталту "Таму што я так сказаў" - вы не правы, а маленькі чалавек - правы.
4. Выхаванне дзяцей магчымае ТОЛЬКІ на ўласным прыкладзе, і НЕМАГЧЫМАЕ праз натацыі, гвалт, пакаранні альбо забароны. Нельга патрабаваць ад дзяцей таго, што вы не робіце самі. І адпаведна: калі вы дзесьці дазваляеце сабе парушыць нормы маралі, дзеці іх таксама будуць парушаць.
5. Непаслухмяныя дзеці мусяць ведаць, што любыя правы даюцца чалавеку толькі разам з абавязкамі. Нават святое права на жыццё даёцца чалавеку разам з абавязкам не адбіраць гэтае жыццё ў іншага. Парушыў свой абвязак - згубіў правы. Усе абавязкі ў сям'і мусяць быць цвёрда размеркаваныя ў агульным абмеркаванні і занатаваны ў зразумелай для ўсіх форме, можна нават пісьмова. Дзеці, дарэчы, вельмі любяць такія пісьмовыя дамовы: і складаць, і выконваць. 6. З дзецьмі трэба быць у кантакце па важных справах - і не дурыць ім галаву ў няважных. Школьныя адзнакі і наогул вучоба - гэта сфера адказнасці дзяцей, таму для вас гэта - няважна. Здароўе і бяспека - гэта да пэўнага моманту сфера адказнасці бацькоў, і таму гэта - важна. Канфлікты, сацыялізацыя, уменне альбо няўменне прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях - гэта сфера адказнасці бацькоў (навучылі альбо не навучылі), і таму гэта - важна. Пакой падлетка, ягоны працоўны стол і партфель - гэта сфера адказнасці дзіцёнка, і таму гэта - неважна. Пры гэтым як толькі ў вас просяць дапамогі ў складанай сітуацыі - вы мусіце ўсё кідаць і дапамагаць. Бо гэта бацькоўскі абавязак.
Безумоўна, усе дзеці розныя і ўсе сем'і розныя. У нармальнай сям'і ўсё можа быць не так і па-іншаму, акрамя аднаго агульнага правіла. Непаслухмяныя дзеці - гэта натуральна. Так задумана прыродай. А прырода задумвае нешта толькі для таго, каб біялагічны від мог існаваць далей. А не вымер з-за глупства сваіх прадстаўнікоў. Што мы і бачым вакол сябе цяпер з такой відавочнасцю.