Оригинал взят у
zmicierbielapol в
РагуцісВось такая скульптура Рагуціса знаходзіцца ў сутарэннях піўніцы Avilys у Каўнасе. Лічыцца, што Рагуціс - гэта літоўскае боства піва і баляванняў. Паводле Т. Нарбута, Ragutiene Pati (Ragutenapati) - гэта жонка Рагуціса. У 16 стагоддзі Ян Ласіцкі згадваў Rauguzemapati у якасці боства закваскі, дрожджаў і ферментацыі. Пра Рагуціса таксама пісаў Мацей Стрыйкоўскі. У літаратуры сустракаюцца звесткі, што Пятніцкая царква ў Вільні была пабудавана на месцы свяцілішча Рагуціса, ад якога зараз застаўся ахвярнік. Жрацоў Рагуціса называлі "пацінікі", "пяціонікі", а таму з'явілася версія, што назва бажніцы ("Пятніцкая") невыпадкова была абраная. Цікавы той факт, што пасля пераходу ва ўніяцтва, у Пятніцкай бажніцы была карчма. Нібыта Рагуціс вярнуўся ў свае ўладанні.
На мой погляд, удалая мастацкая інтэрпрэтацыя. Атрыбуты таксама абралі дарэчныя: жазло ў выглядзе мяшалкі для піва, якая абвітая хмелем; карона з хмелем; поўны куфаль.
А вось так званы "камень Рагуціса". Ён знаходзіцца па левы бок ад Пятніцкай царквы, пад дрэвам за гандлёвымі кіёскамі. Цяпер за ім даглядаюць (хаця яшчэ не так даўно выглядаў закінутым), увесь час падтрымліваюць агонь у ліхтарыках. Можна пабачыць ахвяраванні. Бачыў, як яго ўшаноўваюць выпадковыя дарослыя віленчукі.
P.S. У піўніцы Avilys хоць і вараць уласнае піва, але не самае смачнае ў Каўнасе ды па коштах вышэй. Ёсць лепшыя варыянты;)