Тэзісы выступу на канферэнцыі ў Коўне.
1) Беларускае кіно знаходзіцца ў пераходным стане, які вызначаецца наступнымі чыннікамі: савецкай спадчынай - і спробай вяртання да сталінізму; адраджэнскімі й незалежніцкімі высілкамі; уплывам заходняе кінапрактыкі; зменай сістэмы пракату й выпуску фільмаў.
2) Можна вылучыць некалькі этапаў у кіно незалежнае Беларусі, звязаных з агульнымі зменамі ў культуры:
a. Да 1995 году моўнага рэферэндуму -
кароткая адраджэнская хваля; распад старога пракату й спроба стварыць незалежныя студыі. 1995 год - з’яўляецца стужка «Дзеці хлусні» Юрыя Азаронка й пачынаецца панславісцкі перыяд. Адраджэнскія хваля на кінастудыі пры гэтым не сыходзіць адразу на нішто («Птушкі без гнёздаў» Віталя Дудзіна 1996), але дамінуе панславізм.
b. З 2001 году - абвяшчаецца «дзяржаўная ідэалогія»; «У жніўні 44» Міхаіла Пташука завяршае панславісцкі этап; новы этап адметны канфрантацыяй «ідэалогіі» й мастацтва («Акупацыя», Кудзіненкі, якая сталася падпольнай; чорныя спісы), калі мастакі выштурхоўваліся са сцэны і з краіны. Этап завяршаецца ў 2007 годзе, калі рок-музыкі сустрэліся з ідэолагам адміністрацыі прэзідэнта Праляскоўскім. У кіно такая кропка - 2008 год калі выштурхнутыя па-за межы Беларусі, Кудзіненка, Колбышаў і Канановіч былі запрошаныя на студыю.
c. Кароткі перыяд «лібералізацыі» да 2010 году - сама неадназначны этап, калі мастакоў спрабавалі сцішыць, даўшы ім працу пад дзяржаўным кантролем
d. з 2010 году - паўторная культурная «замарозка» з вымушанай кінаэканамічнай лібералізацыяй, сумеснай прадукцыяй, недзяржаўнымі кінашколамі й фэстамі.
3) Адпаведна «месту», па якім настальгуе стужка, можна вылучыць тры кірункі:
а) заходне-рускае, неасавецкае й неасталінскае кіно («Вам заданне», «Глыбокая плынь», «Шчыт Айчыны», «Чаклун і Румба», «Радзіма альбо смерць», прапагандовыя тэлестужкі Юрыя Азаронка). Беларусь у гэтых карцінах альбо:
• як нешта адметнае адмаўляецца цалкам (звычайна)
• альбо дазваляецца у ролі асобнага закутка (нават этнаграфічнага гета - «Свежына з салютам» Івана Паўлава: карціна на беларускае мове)
Стыль гэтых стужак можна назваць «трэш-афіцыёзам»: падкрэсленая другаснасць, адсутнасць уцямных аўтарскіх інтэнцый, паразітаванне на ваенным кінематографе без здольнасці паўтарыць жанр. Дазволю гіпотэзу: стыль лукашызму - трэш. У гэных стужках, хаця імі й не абмяжоўваецца, ён праяўлены напоўніцу.
(Увогуле, беларускі кінатрэш існуе ў трох варыянтах: свядомага хлуду («Случай з пацаном» анархістаў з «Навінак»); аматарскіх твораў (полацкі «Канцэнтрат»); трэш-афіцыёза, дзе дамінуе неасталінскі кірунак - хаця ім ён не абмяжоўваецца)
Адметнасці неасталінскага кіно:
• гэбэфілія: звычайныя героі - добрыя (і бязлітасныя) НКУСнікі;
• мілітарны фетышызм (асабліва вылучаецца «Дняпроўскі рубеж»), што збліжае карціны з так званымі стужкамі nazi-ploitaton. Замест вобразаў - фетышы, расстаўленыя згодна з «ідэалогіяй»;
• недазваляльная рэч для сталінскага кіно: «шынэльная эротыка» («Яшчэ пра вайну», «Шчыт Айчыны», «Глыбокая плынь»).
б) кіно ўмоўнай прасторы, што вядзе свой радавод ад беларускага дзіцячага кіно:
• альбо фальшывая прастора, дзе найлепшае змагаецца з лепшым: «Павадыр», «Падзенне ўверх», «Дунечка», часткова - «Анастасія Слуцкая». У нейкай ступені гэта працяг неасталінскіх інтэнцый - паўтор перыяду малакарціння й бесканфліктнасці ў савецкім кіно: паказальная стужка «На спіне ў чорнага ката».
• кіно з канфліктам (герояў ці формы), дзе ўмоўная прастора адпавядае жанру казкі («Рыжык у Залюстроўі»); набліжаецца да прыпавесці (анімацыя Уладзімера Пяткевіча, Ірыны Кадзюковай); служыць эксперыменту («Вонкавая / адваротная» Карыны Анціпенкі)
в) беларусацэнтрычны фільм, дзе месца дакладна акрэсленае - і яго любяць («Акупацыя», «Масакра», анімацыя Міхаіла Тумелі, дакументальныя стужкі Віктара Аслюка)
4) За гады незалежнае Беларусі свае дыямантавыя часы перажыло беларускае дакументальнае кіно (у першую чаргу - пабытова-метафізічныя фільмы Віктара Аслюка й Галіны Адамовіч). На вельмі годным узроўні заставалася анімацыя - дзякуючы, у першую чаргу, мастакам (Ірына Кадзюкова, Міхаіл Тумеля), чые творы глядач амаль не бачыў. Далейшы выпуск пабытова-метафізічных стужак і анімацыі высокага ўзроўню пад пытаннем: «Беларусьфільм» рэарганізуецца; з’яўляюцца новыя пляцоўкі.
5) Калі кінасавецкая сістэма занепадае (цяпер - брак грошай!), імпэт маладых творцаў, даступныя лічбавыя тэхналогіі й сецевы распаўсюд («Вышэй за неба», анансаваны «Страляць на паражэнне») - могуць аднавіць беларускае кіно.