Аповед з першых вуснаў Калі я нарадзіўся, галоўная цацачная чараўніца пацалавала мяне ў лоб і сказала: «Ты прыйшоў у свет пацяшаць дзяцей,» - і ўзмахнула празрыстымі крылцамі. Разам з іншымі плюшавымі мядзведзянятамі я трапіў краму, дзе мяне адразу набыла вясёлая дзяўчынка з рудымі валасамі. «Цяпер я буду з ёй граць!» - абрадаваўся я. Але дзяўчынка паказала мяне смяшліваму хлопчыку - і яны прымацавалі да мяне ахайную віншаванку дый маленькі парашут. «Не, мяне падораць іншаму дзіцёнку! Мы паедзем у госці!»
Мы не паехалі - паляцелі. Мы ляцелі над палямі й лясамі, па-над межамі й дарогамі; мае гаспадары былі ў масках мядзведзікаў. Я не хацеў з імі развітвацца, але падумаў пра радасць, якую мушу прынесці іншым дзеткам, што цяпер чакаюць унізе.
Сыпаліся з неба суседзі-мядзведзяняты; прыйшла й мая чарга.
«Мінск!» - вымавіў хлопчык-пілот. Вецер засвісцеў у плюшавых вушках, зямля набліжалася; парашут таньчыў у паветры.
Спачатку мяне падабрала нетаропкая сівая дзяўчынка. Яна ўбачыла віншаванку і адкрыла рот. Тут да яе падбеглі тры хлопчыкі з гумавымі палачкамі. Яны таксама ўпадабалі мядзведзіка, адабралі - і прыхапілі з сабой дзяўчынку. Але са мною яны не іграліся, а толькі пасадзілі на стол дый увесь час паказвалі пальцамі. Дзеці гралі ў «пратакол»: хлопчыкі нешта запісвалі ў паперку, а дзяўчынка войкала. Прынеслі яшчэ плюшавых мядзведзянятаў на парашутах. Ад такой колькасці цацак хлопчыкі зусім разгубіліся, а зморшчаная дзяўчынка рыдала ўголас.
Незаўважны раней хлопчык, з ціхім голасам і збялелым тварам, няўцямна лапатаў у закутку пра падарванае здароўе родных сёстраў: Ідэалогіі і Стабільнасці. І толькі плюшавыя мядзведзікі маглі ім дапамагчы! Хлопчык паклаў мяне ў празрысты пакет: мы доўга ехалі на машыне (мне завязалі вочы), блукалі ў цёмных і заблытаных калідорах, спускаліся некуды глыбока-глыбока.
«Вось дзе схаваліся бедныя дзяўчаткі, якія прагнуць мядзведзянятаў!» - падумаў я і расплюшчыў вочы. Але перада мной былі толькі два хлопчыкі. Адзін - лысы й вусаты, з валасатымі рукамі й тужлівым позіркам; другі - маленькі, з вялізнымі вачыма. Маленькі працягнуў руку, але той, які вусаты - закрычаў (ад вялікае радасці), схапіў мяне й пачаў выхваляцца новаю цацкай перад яшчэ адным хлопчыкам - сівагаловым, у мундзіры. Гэты хлопчык быў увесь абвешаны круглымі бліскучымі цацкамі. Лысы хлопчык адразу пачаў граць з ім: «сарві бліскучую цацку й скінь на падлогу,» - ён паказваў мяне й верашчаў голасам, асіплым ад шчасця.
Бліскучыя цацкі сыпаліся, хлопчык, які маленькі, поўзаў і збіраў іх, шмыгаў носам сівы, хрыпеў і кашляў вусаты. Стаміўшыся, вусаты хлопчык вырашыў пагуляць: «Паглядзім, што ў плюшавага мядзведзіка ўнутры.» Я заганарыўся: менавіта з такіх цікаўных хлопчыкаў вырастаюць батанікі ў акулярах, хаця крыху й шкадаваў, што не дастаўся маленькаму. «Вось вам! Галоўная варажнеча!» - завыў кандыдат у батанікі. Лялечная скура лопнула, лысае дзіцяня бязладна замахала рукамі.
«Мішка, ты яшчэ прыляціш?» - прашаптаў плюшавай галаве маленькі хлопчык.
«Абавязкова,» - адказаў я. І галоўная цацачная чараўніца пацалавала яго ў лоб.