"Масакра", піраты і беларуска-расейская разня

Jan 28, 2012 20:38

Даўно хацеў напісаць пра распаўсюд "Масакры".
Стужка ішла ў менскіх кінатэатрах - і вельмі няблага (пры знікальнай колькасці копій); неўзабаве з'явілася на дыску.



Пра плытку гэтую не ведаў, як і казаць. На ёй не было ані бонусаў, ані меню, ані выбару субтытраў і моваў, нат падзелу на часткі не было; дый файл для лічбы быў пасцісканы не найлепшае якасці. Наклад фільму быў мізэрны, я ледзьве паспеў набыць у краме плытку, а сам рэжысёр стужкі (апошнія) аўтарскія асобнікі купляў у краме. Карацей - сорам і слёзы. Але з улікам камерцыйна-безнадзейных здольнасцяў "Беларусьфільму" - дзякуй і за такое. Яшчэ падумалася: як бы добра гэты фільм разыйшоўся на плытках; яго набывалі б у Беларусі, Украіне, Польшчы - дый Расеі. Але - з улікам адчапнога накладу - туды фільм ужо і не трапіць.
Але фільм трапіў. Толькі зрабілі гэта не гандляры (ці ёсцека яны ў Беларусі?!), а піраты. Стужку выклалі на расейскім пірацкім трэкеры (там пасуцца й беларусы).
Падчас абмеркавання вартасцяў стужкі, нехта сказаў "Беларуссия". Яго паправілі "Беларусь". Няцяжка здагадацца, што далей пачалося.
22 старонкі беларуска-расейскай братэрскай разні з удзелам Скарыны, Касцюшкі, Каліноўскага - і людажэра Суворава. У ход пайшло ўсё. Некаторыя маскоўцы нават спрабавалі абараняцца Вадзімам Францавічам Гігіным, але ім заяўлялі: "менавіта такія ў вайну былі паліцаямі" - і дабівалі ворага Анатолем Грыцкевічам. Падчас спрэчак пра фільм неяк і забыліся - але канца-краю разні пакуль не прадбачыцца.

кіназацемкі, Беларусь, піраты, беларуска-расейская разня, Масакра

Previous post Next post
Up