Feb 06, 2014 20:30
Гісторыя літаратуры - не толькі стосы кніг на тваім стале, не толькі, як цяпер кажуць, тэксты. Гэта яшчэ і лёсы людзей, якія змяняюць літаратурны ландшафт.
Хто мог прадказаць у 1950-я, што праз нейкія пяць-сем гадоў беларуская лірыка зазнае рэзкі (менавіта рэзкі!) якасны скачок? Ніхто.
На вачах у чытача вядомыя паэты атрасалі з сябе шалупінне ідэалагічных штампаў, бясконцых хваласпеваў у адрас “бацькі народаў” Сталіна, пачыналі пісаць сваё запаветнае, ад прыроды ім дадзенае.
Бадай, найбольш ярка праявіўся гэты працэс у лірыцы Аркадзя Куляшова. Выдатны версіфікатар, ён з самага ранняга юнацтва шмат пісаў, аднак выпала сталець яму ў вельмі неспрыяльны для лірыка час. Таму майстэрства ягонае працавала часта нібы на “халастым ходзе”, словы ўтваралі спалучэнні, катрэны ўтваралі вершы, але гэта нічога не азначала.
Пералом адбыўся на зборніку 1964 года “Новая кніга”, калі:
Падхапілі яго маладыя,
Як свет, парыванні,
Знік з вачэй, як у лесе,
Ад спраў адарваны былых.
Нечакана з’явіўся
Адказам жывым на пытанні -
Асмуглелы, усмешлівы,
Незразумелы для ўсіх.
Тут з’яўляецца новы Куляшоў: ад прыватнага ён пераходзіць да ўніверсальнага. Хвалюе яго заўсёды далёкая і блізкая смерць, ён дужаецца з Часам, як старазапаветны Якаў; кідае ў будучыню “з дваццатага ў трыццатае стагоддзе” пытанні, на якія не мае адказу. З тых часоў Куляшоў нібы адсланяецца ад сучаснага яму і зазірае ў вечнасць. Зразумела, пры ім застаюцца ягоныя торбы з ленінскай ідэяй, чырвоныя сцягі і інш. Нешта падобнае ў той самы час адбывалася з Эдуардасам Межалайцісам, хаця і без яго ёсць прыклады сусветна вядомых паэтаў-камуністаў: Пабла Нэруда, Поль Элюар. Вось у гэтую трыяду імкнецца трапіць і Куляшоў, хоць, праўда, ёсць адчуванне, што яму для гэтага нечага не хапае. Можа, таму што “ад родных ніў адвярнуўся”? На паўмільярдным кіламетры, у холадзе цунамі, акопах і траншэях, сцягах, гімнах мужнасці згубілася роднае.
Нездарма апошнім яго творам была эпічная паэма пра Кастуся Каліноўскага.
100 год Куляшову. Прцягвае ён сваю руку ў дваццаць першае стагоддзе, чытае нам свае вершы, расказвае пра свой лёс.
Хто хоча пачуць - пачуе.
Маладосць. 2014. №1
збор артыкулаў