Прыдбаў вось кніжыцу Івана Ралька. Хто займаецца Багдановічам - неабходнейшая рэч. Ды і наогул у беларускім літаратуразнаўстве не так многа аўтараў, якія займаліся сапраўднай навукай. 120-старонкая бібліяграфія па вершазнаўстве састарэла ўжо, ясная рэч. Аднак "Метрычны даведнік да вершаў Максіма Багдановіча" не страчвае актуальнасці.
Дарэчы, там ёсць пазнака, што ў аснове "ляжыць "Инструкция по составлению метрических справочников" Л.І. Цімафеева, М.Л. Гаспарава і М.М. Гіршмана. Са згоды аўтараў мы дапоўнілі і перапрацавалі яе з улікам беларускага матэрыялу" (С.59, заўв.1). Гэта азначае, што Ралько перапісваўся з кімсьці з трох аўтараў - Цімафеевым, Гаспаравым або Гіршманам, або з усімі трыма.
З увагі на тое, што ў бібліяграфіі вельмі вялікую частку займаюць працы Гаспарава і Барыса Ярхо, можна выказаць меркаванне, што адрасатам лістоў Ралька быў менавіта Гаспараў, галоўны "адвакат" Ярхо. У прыватным архіве Ралько і Гаспарава маглі застацца гэтыя лісты.
Такі вось штрышок да гісторыі беларускага літаратуразнаўства. І яшчэ адзін накірунак для архіўных калупанняў.
Цікава было пабачыць і аўтограф. Як ні дзіўна, заўважыў яго толькі пасля таго як увечары прагартаў усю кнігу. Што за Аляксандр Васільевіч Мажэйка - ці ведае хто?
UPD. Гугліў і прыгадаў, што пра бібліятэку Мажэйкі пісала
euga. (
http://euga.livejournal.com/381797.html). Мусіць, гэта з ягоных збораў. Шкада, што тады не пайшоў разбіраць (не атрымлівалася). Але пра самога Мажэйку нічога пакуль не знаходжу.