Газета "Наша ніва" надрукавала гутарку з баптыскай сямьёй Тарасам і Юляй Цялькоўскімі. З задавальненьнем сам прачытаў і, калі ласка, чытайце вы. Вельмі цікава, змястоўна і павучальна.
Гісторыя Тараса і Юлі Цялькоўскіх, якія прымалі няпростыя рашэнні насуперак дыягназам медыкаў.
Тарас Цялькоўскі здаваў іспыт у БДУФК, калі яму патэлефанавала жонка Юля і папрасіла тэрмінова прыехаць у шпіталь. Маладая сям’я радасна чакала першынца, спрачалася пра імя, мінаў 36-ы тыдзень цяжарнасці. УГД выносіла цяжкі прысуд - гідрацэфалія мозгу. Адзін з жалудачкаў мозгу павялічыўся ў 35 разоў, а значыцца, ад яго засталася толькі кара. Медыкі адзначалі, што такі выпадак здараецца 1 раз на 100 000 разоў і Цялькоўскія мусяць тэрмінова зрабіць аборт, каб захаваць здароўе і супакой у сям’і.
Падобнае выпрабаванне напаткала Тараса і Юлю праз некалькі гадоў падчас другой цяжарнасці. Пара вярнулася ў Беларусь пасля навучання ў Лондане. Вядомы спецыяліст па ультрагукавай дыягностыцы Сяргей Шрэдэр не пакідаў нават тэарэтычных шанцаў Цялькоўскім нарадзіць жывое і здаровае дзіця, якое вырашыла з’явіцца на свет на 25-м тыдні. Нягледзячы на папярэджанні, Цялькоўскія абралі няпростае рашэнне - змагацца за жыццё сына.
Цяпер Цялькоўскіх - чацвёра. Насуперак дыягназам у пары нарадзілася дзяўчынка Эстэр і хлопчык Себасцьян.
Тарас з Юляй распавялі «НН», чаму адважыліся нараджаць насуперак страшным дыягназам, чаму вераць у святасць жыцця, мараць адкрыць у Менску баптысцкую царкву і чаму вярнуліся ў Беларусь пасля навучання ў Лондане.
«Пасля знаёмства Юля мяне тактоўна адшыла»
У Тараса з Юляй адбылося даволі незвычайнае знаёмства. У 2008-м годзе Тарас патрапіў на набажэнства ў баптысцкую царкву «Новая Зямля».
Тарас: Я патрапіў на набажэнства пасля курсаў англійскай мовы, на якія запісаўся з-за магчымасці паехаць вучыцца ў Аёву. Вось так спрацавала «баптысцка-сектанцкая змова». Я быў чалавекам, які быў у духоўным пошуку, чытаў Біблію, маліўся па 40 хвілін на дзень, таму вырашыў схадзіць у царкву. Юля спявала ў групе праслаўлення, я яе заўважыў адразу. Пасля набажэнства я падышоў да яе пазнаёміцца і ніяк не мог вымавіць і слова. Змог загаварыць, толькі калі пабачыў лужыну сліны на падлозе, язык проста не слухаўся (смяецца). Я запрасіў Юлю ў кіно, але гэта была самая жудасная сустрэча ў свеце. Юля адшыла мяне і сказала, што лепш застацца сябрамі. Сябрамі мы не засталіся.
Гэта была вялікая памылка
Юля: Праз паўгода я зразумела, што здзейсніла вялікую памылку. Я была ўпэўнена, што Тарас ужо з кімсьці іншым сустракаецца. Аднойчы я адпачывала ў бацькоў у Бабруйску, доўга глядзела на мабільны тэлефон і нарэшце напісала паведамленне: «Як ты?» Доўга збіралася, рызыкнула і напісала. Гэтая эсэмэска змяніла ўсё.
Тарас: Я ў той момант збіраўся з’ехаць у Егіпет, маё сэрца было разбіта. Уладкаваўся на працу аніматарам, ужо меў квіткі на самалёт і кантракт на цэлы год. Але атрымаў эсэмэску ад Юлі і памчаў да яе ў Бабруйск.
Юля: Дар’я Данцова проста адпачывае! Тарас прынёсся да мяне, высветлілася, што Бабруйск аказаўся замалым для нас. Мы навярнулі некалькі колаў па горадзе, і на развітанне Тарас сказаў, што з’язджае. Мне падалося толькі, што нешта пачынаецца, а ён з’язджаў…
Уцёкі з Егіпта
Тарас: Мы стараліся перапісвацца, але я надта павольна пісаў крывым пальцам, на клавіятуры, пакрытай шаурмой, ды яшчэ з марудным мясцовым арабскім інтэрнэтам. Часу, каб проста напісаць паведамленне кшталту «Як маешся?», сыходзіла процьма. Дайшло да таго, што аднойчы Юля напісала, што далей так працягвацца не можа і развіваць адносіны цяжка. У дадатак я працаваў да 11 гадзін вечара - было складана.
Юля: Тарас вярнуўся з Егіпта, прабыўшы там месяц, разарваўшы кантракт і страціўшы грошы за працу і квіткі. Ён нічога не атрымаў, бо за першы месяц заробак мусілі аддаць толькі пасля выканання кантрактных умоў.
Праз паўгода Цялькоўскія ажаніліся.
Пасля вяртання Тарас падпрацоўваў дзе мог, а таксама прадаваў спартовыя харчовыя дадаткі.
Тарас: Потым я паехаў па Work and Travel зарабляць на вяселле. На Алясцы разбіраў рыбу па 10 гадзін пад наглядам супервайзера. Пасля перабраўся ў Кентукі, дзе працаваў на будоўлі і мыў машыны. Так зарабілі грошы на вяселле, а ў верасні вярнуўся, каб у кастрычніку ажаніцца.
Медыкі казалі, што дзяўчынка ў найлепшым выпадку народзіцца і адразу памрэ
Юля: Першая цяжарнасць праходзіла добра, але калі мы на 36-м тыдні пайшлі на УГД - доктар паглядзеў вынікі і зніякавеў. Тарас здаваў іспыт на апошнім курсе БДУФК (скончыў ПТВ, потым вучэльню алімпійскага резерва, а потым БДУФК, а пасля атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Лондане; Юля - кераміст і з нядаўняга часу дыпламаваны выкладчык англійскай мовы.) Спыталася, у чым справа, збялелы доктар адказаў, што ўсё надта сур’ёзна і няпроста.
Тарас: Эстэр (дачцэ) дыягнаставалі гідрацэфалію галаўнога мозга. У нас была вельмі жорсткая форма. Адзін з жалудачкаў павялічыўся ў 35 разоў. Выходзіла, што ў галаве ад мозга заставалася толькі кара. Медыкі казалі, што дзяўчынка ў найлепшым выпадку народзіцца і адразу памрэ.
Юля: У гэты момант вельмі падтрымалі бацькі. Асабліва падтрымала маці і сказала, што будзе любіць унучку. Але лекары настойвалі на аборце. Сказалі, што ў нас 1 на 100 000 выпадкаў. Пужалі нас, калі распавядалі гісторыю, як некалькі гадоў таму хлопчыку паставілі шунт пасля нараджэння для выкачкі вадкасці з мозга. Я вельмі спужалася і шмат плакала.
Медыкі ціснулі зрабіць аборт, бацькі супакойвалі
Юля: Ключавым момантам для мяне стаў расповед адной сяброўкі. Яна падзялілася, што ў знаёмай нарадзілася такая дзяўчынка. Але я баялася, бо ведала, што ў нас інваліды зусім незаўважныя, іх паўсюль хаваюць. Я думала, што для нас як маладой пары - гэта прысуд. Страх проста скоўваў. Былі моманты, калі я прасіла ў Бога вызваліцца ад праблем, успрымала дачку як цяжар, за што потым прасіла прабачэння.
Тая сяброўка сказала, што быў падобны дыягназ і бацькі шчасліва жывуць, хай у сына стаіць шунт. Калі мы сталі разбірацца ў справе, я прыйшла ў сябе. Тарас супакойваў і казаў, што будзем вырашаць праблемы па меры паступлення, а я ўсё толькі плакала. З часам я пачала задумвацца, чаму я буду шчаслівай, калі будуць толькі здаровыя дзеці?! Хто мне сказаў, што я не буду шчаслівай маці з хворай малой?
Тарас: Адзін доктар папярэджваў, што ў нас будзе дэбілка, якая не будзе развівацца. Некаторыя дактары наўпрост казалі: «Для чаго яна вам патрэбна? Толькі пакутаваць будзеце».
Мы ўпэўнены, што толькі Бог мае права распараджацца жыццём
Юля: Разам вырашылі, што, калі ў нас народзіцца дзіця з інваліднасцю, мы будзем прымаць яго і будзем шчаслівымі. Калі Эстэр нарэшце нарадзілася, паводле шкалы Апгар (сістэма ацэнкі стану дзіцяці ці нованароджанага) - у Эстэр было 5 балаў. Дзеткі з інваліднасцямі маюць 4. Яны звычайна ці жывуць на апараце, ці паміраюць, ці маюць жудасныя інваліднасці.
Тарас: Меркавалі рабіць дачцэ шунцірванне, але пастаянна нешта замінала: то гемаглабін, то высыпала ад запалення ўсю… Эстэр нават пагалілі і падрыхтавалі да працэдуры, але нешта пастаянна перашкаджала. Справа ў тым, што, калі б зрабілі аперацыю, Эстэр дакладна б жыла з інваліднасцю. Нас выправілі дадому падымаць гемаглабін і прапанавалі тэлефанаваць. Але здарыўся цуд.
Юля: Аказалася, што вадкасць знайшла выхад і не скопліваецца. У аперацыі, здавалася, ужо не было больш патрэбы. Мы зрабілі паўторную МРТ - там нас накіравалі на аперацыю, але нейрахірург зрабіў агляд і адказаў, што не будзе рабіць аперацыю. Шунцірванне скасаваў той самы доктар, які яго прызначаў.
Тарас: Эстэр абсалютна цудоўнае дзяця, ведае ўжо дзве мовы, займаецца балетам, нядаўна нават удзельнічала ў пастаноўцы. Яна цяпер надзвычай усмешлівая дзяўчынка.
Другая цяжарнасць
Тарас: Другі раз мы зацяжарылі ў Англіі. Я паехаў туды вывучаць тэалогію. Праз савецкую прапаганду і пераслед вернікаў багаслоўская думка ў Беларусі асабліва не развівалася, а там - на Захадзе - шмат добрых устаноў. Атрымалася паступіць, дарэчы, я навучаўся каля знакамітага Лонданскага моста. Тры дні на тыдзень я навучаўся і тры дні дапамагаў у мясцовай царкве.
Шмат перасоўваўся на ровары, бо дорага было пераязджаць - дарога каштавала каля $40 туды-назад. За два гады пераездаў разбіў два ровары! Аднаго разу наўпрост перада мной збілі жанчыну. Аднойчы і сам патрапіў у здарэнне, жанчына паварочвала і не заўважыла роварную паласу. Я праляцеў 7 метраў, шлем раскалоўся, калі б не ён, то раскалоўся б мой чэрап.
Царква, якую я там наведваў, была класнай, там побач маглі сядзець людзі розных класаў і розных нацыянальнасцяў: побач з уцякачкай з Бангладэша мог сядзець топ-менеджар з банка, які вельмі добра зарабляе. Я пабачыў, як Евангелле пераадольвае нацыянальную і сацыяльную розніцу. Яно не толькі для адукаваных альбо неадукаваных, для белых ці чорных. У Беларусь мы ўжо вярнуліся нараджаць.
Доктар сказаў, што ў яе адышлі воды. І я страціў прытомнасць наўпрост у кабінеце
Тарас: Наступнае здарэнне адбылося, пакуль мы былі на працы. Юля была на 25-м тыдні. У Юлі адышлі воды і пачалося кровацячэнне. Мне патэлефанаваў сябар. Пакуль я мчаў да яе, пабачыў, як хуткая едзе па праспекце, - адразу ўцяміў, што гэта яна. Я забягаю ў шпіталь і бачу Юлю на кушэтцы. Лекар сказаў, што ў яе адышлі воды… Я страціў прытомнасць наўпрост у кабінеце, Юля таксама страціла прытомнасць. Так мы нюхалі нашатыр на процілеглых кушэтках. Дактары ледзь не ў загадным ладзе сказалі, што трэба тэрмінова рабіць аборт. Нават падрыхтавалі аперацыйную. Мы пыталіся, ці можна захаваць дзіця? А ў адказ - «Няма чаго захоўваць! Нічога ж нібыта яшчэ не развілася»…
Юля: Тарас адразу сказаў, што мы вернікі, і таму не будзем рабіць аборт. Пасля гэтага медыкі больш сур’ёзна паставіліся. Прыклалі трошкі намаганняў, каб пераканаць нас абарцірваць Себасцьяна, але мы запэўнілі, што нясем адказнасць за жыццё, якое дае Бог, і не згаджаемся на аборт.
Себасцьян нарадзіўся 1400 і нават сам закрычаў
Юля: Пасля гэтага дыялогу нас на месяц перавялі ў цэнтр «Маці і дзіця». Ужо ў гэтым цэнтры медыкі больш адэкватна рэагавалі і нават падтрымлівалі нас. Себасцьян важыў пры нараджэнні 1400 грам. Калі мяне разбудзілі, назвалі вагу і сказалі, што ён нават закрычаў, я не магла паверыць, бо яшчэ лёгкія не маглі так развіцца. Себасцьян два тыдні праляжаў у інтэнсіўнай рэанімацыі. У яго стаяў зонд, я хадзіла да яго, пакуль хлопца кармілі праз шпрыц. Калі яго выпісалі, Сёбік важыў 2200 грам. Ён быў бы кацянятка і мог змяшчацца ў руцэ, але жывы, усміхаўся і быў здаровы.
Атрымліваецца, што ў нас двойчы нараджаліся здаровыя дзеці, нягледзячы на дыягназы медыкаў і іх застрашванні
Тарас: Мы не хочам абразіць медыкаў, якія робяць незвычайна цяжкія справы за мізэрныя грошы. Але сістэма так пабудавана, што ў нас малая смяротнасць пры нараджальнасці, таму дактары прапаноўваюць на ранняй стадыі пазбавіцца ад дзіцяці. Проста, каб не падпсаваць статыстыку. Таму маладыя маці дзеля зручнасці і камфорту, пад ціскам дактароў і блізкіх часта робяць «просты» выбар.
Мы павінны больш абараняць жыццё. Сучаснае грамадства гатова пазбавіцца ад жыцця дзеля камфорту: з-за кар’еры ці сэксуальна насычанага жыцця. Культура спажывання кажа, што, калі нешта перашкаджае жыць у кайф, як у Каржа, - можна абрываць жыццё.
Ён мой муж, але не дзіця. У нас няма жорсткага кантролю
Юля: Шлюб бы слаёны пірог. Мы шліфуемся, точымся, бачым, што свет не круціцца вакол нас. У нас няма жорсткага кантролю. Мы цалкам давяраем адно аднаму. Ён мой муж, але не маё дзіця, якое я чакаю і ганю дадому. У Тараса ёсць час для сяброў, на адпачынак, лазню, бег. Тарас, дарэчы, з’яўляўся членам нацыянальнай зборнай Беларусі па бегу. Многія людзі чамусьці думаюць, што шлюб - гэта канец для свабоды.
Тарас: Шлюб - найлепшае месца і атмасфера для дзіцяці, дзе два чалавекі ў каханні выхоўвалі плод сваёй любві. Дзе дзеці даведваюцца, як камунікаваць, рэагаваць, мець зносіны.
Юля: Тарас ведае, як я люблю сваіх дзяцей і мне трэба часам адпачыць, вырвацца з руціны. Дапамагаў мне з вучобай, даваў часу паспаць і не казаў: «Мяне гэта не тычыцца». Ён прачынаецца рана і можа даць мне лішнюю гадзінку паспаць.
Тарас: Гэты клопат праяўляецца ў вялікіх і маленькіх справах. Мы не запісваем балы і не кажам: я выпрацаваў тры гадзіны - цяпер твая чарга. Мы стараемся дапамагаць адно аднаму. Часам нават сорамна прымаць дапамогу. Мы не дыктуем адно аднаму сваю волю і не лічым, што нехта камусьці штосьці вінен.
Падчас цяжарнасцяў Юля паспела атрымаць адукацыю
Юля: Шмат хто дапамагаў. Я паступіла, калі Эстэр быў год. Пакуль Себасцьян быў у рэанімацыі - здала сесію. Адпускалі, бо дапамагалі родныя, бабулі, Тарас. Было цяжка, некалькі разоў хацелася ўсё кінуць, але нехта падказаў, што калі кіну, то больш не вярнуся. Каму павінна быць лёгка?! Жыццё - такая штука.
Цяпер Цялькоўскія мараць пра ўсынаўленне трэцяга дзіцяці. Тарас з Юляй чакаюць, як Себасцьян падрасце. Апроч таго, сям’я ўдзельнічае ў праекце па адкрыцці новай баптысцкай царквы ў Мінску. Тарас рыхтуецца прабегчы неймаверны марафон - 500 км за 5 дзён у гонар юбілею Рэфармацыі і друку Скарынам Бібліі.
Напрыканцы Тарас падсумоўвае, што іх сям’я недарма вярнулася пасля навучання ў Беларусь, яны вераць у ейную добрую будучыню, нягледзячы на меркаванні скептыкаў. Цялькоўскі цалуе сына і нагадвае, што такія ж скептыкі двойчы спрабавалі прымусіць абартаваць дзяцей, прагназавалі смерць і калецтва немаўлят, якія цяпер радасна гадуюцца.
Безумоўна, пытанне абортаў, як і пытанні жыцця і смерці, заўжды з’яўляюцца няпростымі і спрэчнымі, але толькі ўявіце, што за 26 год незалежнасці, паводле афіцыйных звестак, у Беларусі было абартавана каля 3 мільёнаў дзяцей. Гэтыя лічбы становяцца асабліва гучнымі, калі ты спакойна шпацыруеш па двухмільённым Мінску і глядзіш у вочы любімаму чалавеку.
Крынiца:
Зміцер Хведарук, фота Ірыны Арахоўскай