Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 году. Яму было 79 гадоў.
Пахаванне Барадуліна прызначанае на аўторак. Народнага паэта Беларусі пахаваюць ва Ушачах, побач з магілай маці. Час і месца развітання стануць вядомыя сёння. Пра гэта ў сацыяльных сетках напісаў Глеб Лабадзенка.
Нарадзіўся 24 лютага 1935 года, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць.
Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданнях (сярод іх - газета "Советская Белоруссия", часопісы "Бярозка", "Полымя"), а таксама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". У выдавецтве "Мастацкая літаратура" працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).
Пачаў друкавацца з 1953 года, першыя вершы былі змешчаныя ў газеце "Чырвоная змена". Першы зборнік паэзіі - "Маладзік над стэпам" - выйшаў у 1959 годзе.
Да 25-годдзя пантыфікату папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі папы рымскага Яна Паўла II "Рымскі трыпціх" і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты". Зборнік "Руны Перуновы" (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.
Пераклаў на беларускую мову п'есу "Вей, вятрок!" Яна Райніса (1980), зборнікі твораў "Блакітны звон Грэнады" Гарсія-Лоркі (1975), "Мелодыя каліны" Івана Драча (1981), "Ветраліст" Габрыелі Містраль (1984), "Рубаі" Амара Хаяма (1989); "Слова пра паход Ігараў" (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэкспіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава, С. Вальеха і інш.
Рыгор Барадулін - апошні беларус, якому надалі званне "Народны паэт" (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў "Рум" і пераклады з Федэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам "Знак Пашаны", латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 года) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін з'яўляецца ганаровым доктарам БДУ, ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна.
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў "Ксты").
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы...
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы - народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I, госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць -
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы - народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты,
Пра гэта
He забудуць чужакі!
Трэба дома бываць часцей
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страцiць святое штосьцi.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахi.
Не забыць сцежкi той, што цябе
На дарогу выводзiла з дому,
Што ў хаце там быў рубель
У цане i па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваiм
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помнiць свой на iржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Помнiць кожнай маснiцы спеў,
Кожны кут у прыцiхлай хаце.
Лёсу дзякаваць, што паспеў
Ты пачуць блаславенне мацi.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страцiў святое штосьцi.
Свiтанняў я з табой не сустракаў...
Свiтанняў я з табой не сустракаў,
Не рассякаў вяслом азёрнай хвалi.
I толькi ў хваляваннi скуб рукаў,
Калi цябе да дошкi выклiкалi.
Здавалася, што бачыць увесь клас,
Калi ў твой бок глядзеў я незнарокам.
Каб аб сабе напомнiць лiшнi раз,
Па пяць заўваг я зарабляў на ўроку.
Што стала ты мне нейкаю другой,
Баяўся i сабе прызнацца ў гэтым.
Ды толькi ўсё чамусьцi нас з табой
На кнiжках плюсавалi без сакрэту.
Ну, а калi кiлометры за два
Дамоў з аднавяскоўцамi iшла ты,
Як крыўдна мне было, як я злаваў,
Што каля самай школы наша хата.
Гады прайшлi. У кожнага свой шлях.
I апынуўся я не ў роднай хаце.
... З усмешкай палахлiвай на губах
Я снiў цябе ў студэнцкiм iнтэрнаце.
I вось нарэшце на лiстах шасцi
Прызнаўся я табе ў сваiм каханнi.
З трывогай “заказное” апусцiў
I атрымаў адказ - тваё маўчанне.
Дамоў прыехаў.
Кажуць, трэцi дзень
Грымiць тваё вяселле (я ж не веру).
Вянок з гароху хочуць мне надзець
Сябры, як адстаўному кавалеру.
Хай надзяюць - мне невялiкi страх,
Я з гора нацягну з кiлiшка троху.
Дык пасядзiм з табою у вянках,
Твой - з красак палявых, а мой - з гароху.
... Хай снег гадоў асядзе ў валасах,
Хай будзе мне хоць пяць разоў па дваццаць -
Усмешкай палахлiвай на губах
Ты школьнiцай мне будзеш усмiхацца...
Источник