Варшаўскі нататкі

Dec 09, 2011 09:11

На некалькі дзён у Варшаве.
Учора наведаў выставу пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, якая 27 лістапада адчынілася ў Каралеўскім замку. Выстава велізарная, і займае большую частку памяшканняў замка. Вялізная колькасць матэрыялу і аўтэнтычных рэчаў, якая досыць добра структурываная. Шмат тэксту, адмыслова падабраных цытат і меркаванняў, з якіх складаецца шматстайная карціна гэтага супярэчлівага кіравання. Можна па-рознаму ацэньваць Станіслава Аўгуста і яго памкненні, але дакладна такога фінала свайго жыцця ён не заслугоўваў, вельмі трагічная персона. На выставе можна ўбачыць і слуцкія, і гродзенскія паясы, якія былі выпушчаныя на тагачасных мануфактурах, гэта калі ўжо ўзгадваць пра тое, што Станіслаў Аўгуст нарадзіўся ў Воўчыне, а вёсцы "пашчасціла" апынуцца ўсёткі па наш бок беларуска-польскай мяжы.
Шмат партрэтаў (апроч велізарнага збору выяваў Станіслава Аўгуста, можна сустрэць і пярліны яго мастацкай калекцыі, дзе прысутнічаюць працы Рэмбранта і Рубенса), мапаў, выяваў, розных рэчаў, якія бачыў у гістарычных падручніках і працах, а тут выдатная магчымасць убачыць усё гэта ў арыгінале. Шкода толькі, што атрымалася адвесці на выставу толькі 1,5 гадзіны (яна зачыняецца досыць рана, у 16.00), трэба было б па-нармальнаму ў два разы больш часу.
І навогул, масштаб і прадуманасць выставы мяне прыемна здзівілі. Усё ж такі, палякі - нейкая адмысловая нацыя ў сваім захапленні гістарыцызмам.


І наведаў Don Giovanni ў Вялікім тэатры. Сам тэатр мне нагадаў нейкі велічэзны палац прафсуполак, ды й нічога дзіўнага, адбудаваны пасля вайны. Выратоўвае толькі файны дызайн столі.
Рэжысура была дурацкая, і гэта я яшчэ мякка выказаў сваё меркаванне. Але проста бажыў у галоўнай ролі Марыюш Квецень, сапраўдная зорка (які, дарэчы, выконваў тую ж ролю Дон Жуана і на такіх сцэнах як Covent Garden, венская і мюнхенская Staatsoper). Прыгожы голас і неймаверная лёгкасць выканання. Яшчэ адным адкрыццём стала Анна Бернацка, якая выконвала партыю донны Эльвіры, хоць і не самая лепшая роля (каму спадабаецца сцярвозная дура, якой яна выглядае па лібрэта), але спявала папросту бліскуча. І на гэтым фоне ўсе астатнія выканаўцы глядзеліся зусім сера. Нейкая няроўная пастаноўка, хоць ад галасоў Квеценя і Бернацкай можна атрымаць сапраўднае задавальнне.


Previous post Next post
Up