Aug 26, 2021 20:58
Прайшоў год маёй добраахвотнай дадатковай аскезы, год паставых абмежаванняў. Канешне, я рабіў выключенні - у тых жа ізалятарах ды і як звычайна ў гасцях там і да т. п.
Таму магчыма невялічкае рэтра. Можна сказаць, што адмова ад скаромнага стала ўжо нейкай дыэтычнай справай, амаль без рэлігійнага складніка. Але іншым разам я разважаю, што рэлігія і павінна такой быць - яна пранізвае ўвесь жыццёвы ўклад чалавека, не заяўляючы пра сябе асаблівым чынам.
Ці палепшыў я сваю малітву? Не, так адказаць не магу. Нават так, звыклая мне з набажэнстваў малітва стала давацца цяжка. І, магчыма, галоўная прычына ў тым, што я не магу доўга слухаць трансляцыі ў слухаўках. Так, я ўжо шмат месяцаў жыву ў чаканні новых візітаў, таму доўгае выкарыстанне слухавак вядзе да самай сапраўднай параноі. Часткова я слухаю набажэнствы, часткова вычытваю нейкія раздзелы ютрані ці вячэрні самастойна.
Што тычыцца малітоўных правілаў (келейных - ранішніх і вячэрніх), то не, я не здолеў вярнуць свае практыкі неафіцкай пары. Але я і не ставіў такой мэты.
Так, я прызвычаіўся да спантанных малітоўных рыўкоў. Заўседы ў заплечніку малітоўнік і пры любым выпадку дастаю яго як зброю. Такое е, так.
Але я адчуў, што мой духоўны і маральны высілак працуе. Не толькі як матыватар ці напамін, як эстафетны слуп, на які раўняешся падчас бегу. Насамрэч у большасці выпадкаў менавіта так. Але час ад часу я разумею, што гэтыя невялічкія крокі маей рэлігійнасці маюць і добры зваротны эфэкт - я не звальваюся ў яму жадання помсты. Захоўваючы ўстойлівай патрэбу ў справядлівасці, я стараюся стрымліваць сябе ад злараднасці, хоць гэта для мяне зусім не проста.
І так, за год я так і не скарыстаўся магчымасцю навучыцца малітве як псіхалагічнаму сродку. Я думаю, гэта добрае дасягненне. Я так і не вывучыў 90 псалом, хоць многія іншыя ведаю добра на памяць. Замяшчэнне рэлігійнага зместу малітвы на псіхалагічнае - небяспечная штука, як мне здаецца.
религиозный опыт,
религиозная ретроспектива,
религиозные будни,
пост