Oct 09, 2015 13:22
І нібыта ж усё як звычайна было. Павячэралі, пагулялі з сынам у тэніс настольны, пагаманілі пра тое-сёе... Лёг у ложак. Апошні раз глянуў фрэндленту. Заплюшчыў вочы...
Але сну не было. Чамусці навалай нейкай пайшлі ўспаміны пра дзяцінства. Можа так - бяссоннем і ўспаміінамі - і надыходзіць старасць? )) .
Больш за ўсё ўзгадваецца вёска на радзіме майго бацькі. Туды нас малых - мяне, майго роднага старэйшага брата і стрыечных братоў і сястру - звозілі нашы бацькі на кожныя канікулы і амаль ўсе святы.
У вёсцы жылі бабуля і дзядуля па бацькавым боку. Яны ажаніліся пасля вайны.
Дзед вярнуўся са шпіталя, куды трапіў у выніку ранення, атрымаўшы безліч асколкаў ад нямецкай міны, што разарвалася паблізу, падчас яго першага і апошняга бою. Дакладней нават разведкі боем. Ён потым нам малым, бывала, распавядаў пра гэтую частку свйго жыцця. Звычайна гэта адбывалася калі нас увечары ўрэшце ўкладалі па пасцелях, але ніхто яшчэ не спаў. Часам адзін з малых прасіў расказаць дзядулю пра вайну. Дзед пачынаў апавяданне, а мы, сцішыўшыся пад коўдрамі, моўчкі ўважліва слухалі...
З тых дзедавых апавяданняў я памятаю не шмат. Спачатку прыйшлі немцы. Потым нашы. Дарэчы, пра партызанаў дзед неаднаразова выказваўся чынам, далёкім ад павагі. Мабілізацыя. Дзеду якраз споўнілася 18. Доўгі пераход пешшу недзе на тэрыторыю Польшчы. Начавалі ў акопах, накрытых галлём. Дэзінтэрыя. Тая клятая разведка боем. "За Родину! За Сталина! Ура! Вперёд!"... Выбух... Шпіталь... Гіпс ад пятаў аж да падпах. Пакуль давезлі да шпіталя - той, нібыта быў у Харкаве - на адной з чыгуначных станцыяў у чаканні цягніка давялося ляжаць на дварэ. А ўжо была глыбокая восень і холад. Перамёрз. Схапіў гангрэну на адной назе. Ампутацыя. Калецтва.....
У 18 гадоў...
Другая нага захавалася ледзь не нейкім цудам. Яе амаль па кавалках склалі дактары. Выгляд яна мела жудасны. І месцамі я намацваў пад скурай асколкі... Дзед расказваў, што першым часам пасля ампутацыі жыць яму не хацелася ад слова зусім. Ён страціў апетыт, амаль нічога не еў. Да жыцця яго вярнуў дзядзька з суседняй койкі - дай яму бог добрай долі, дзе б ён ні быў зараз. Што ён сказаў дзеду - не ведаю, але той стаў есці, ачуняў, акрыяў і вярнуўся дахаты.
Яшчэ адзін момант з дзедавых апавяданняў урэзаўся ў дзіцячую маю памяць. Раны на нагах апрацоўвалі перакісам вадароду. Ён змываў гной, бруд і засохлую кроў, адкрываючы чырвонае мяса. Яно вельмі свярбела, і дзеду надта ж хацелася пачасаць яго, але, зразумела, рабіць гэтага не было як.
Бабуля к таму часу вярнулася з Германіі. Прыйшла адтуль пешшу. Разам са статкам кароў, па якіх была накіравана туды.
Пакахаліся, пажаніліся, пабудаваліся. Нарадзілі трох сыноў. І выгадавалі пяцёра ўнукаў.
Дарэчы, нарадзіўся дзед на хутары, якім валодаў мой прадзед. Ад хутара да вёскі было кіламетраў сем. Падчас калектывізацыі сям'ю прадзедаву перавезлі ў вёску, а пакуль тое, то дзеду давялося ў школку пешшу хадзіць праз палі і лясы колькі год. Ад хутара таго засталася толькі паляна ў лесе. Спачатку. А зараз там ужо сосны з небам гамоняць і маслякі кашамі ў пару збіраць можна.
жыццё-быццё,
хай будзе,
дзед,
продкі