Журналіст, пісьменьнік і выдавец Віктар Хурсік памёр у Менску на 70-м годзе жыцьця, паведаміла ягоная сям'я. Перад сьмерцяй ён доўга хварэў.
Віктар Хурсік нарадзіўся 9 траўня 1953 на чыгуначнай станцыі Уборак Асіповіцкага раёну. Скончыў Менскі політэхнічны тэхнікум, завочна - Беларускі політэхнічны інстытут, да пачатку 1990-х працаваў па спэцыяльнасьці на розных беларускіх прадпрыемствах. З 1980 рэгулярна друкаваўся ў беларускай прэсе, а ў 1991-2009 быў супрацоўнікам газеты «Звязда». Апроч таго, яшчэ з пачатку 1990-х пачаў спрабаваць сябе ў ролі выдаўца, а ў 2003-м заснаваў прыватнае выдавецтва, у якім выйшлі сотні кніг, многія зь якіх - на беларускай мове. Былі часы, калі ягонае выдавецтва было адным з найбольш актыўных і прадуктыўных у сфэры незалежнага беларускага кнігавыданьня. Пісаў кнігі Віктар Хурсік і сам. У асноўным яго цікавіла гістарычная тэматыка. У 2001-м ён выдаў кнігу «Белы лебедзь у промнях славы. Магдалена Радзівіл», у 2002-м - «Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстаньні 1863-1864», у 2006-м - «Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства», у 2018-м - «Vale! Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл». Віктар Хурсік быў сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Разьвітаньне з Віктарам Хурсікам адбудзецца 8 студзеня ў царкве па адрэсе: пр. Праўды, 31, а 12:30.