На вуліцы адліга, а год назад былі Лынтупы. Падчас адлігі туды лепш не сувацца, бо навокал склізка і ванюча. Дарэчы, мясцовы лебядзь у вырай не падаецца, бо яго і тут нядрэнна кормяць стокамі спіртазавода ў сажалку. Цікава, ці не напужаў яго выбух на спіртазаводзе ў сакавіку, ці да спадобы прыйшліся аварыйныя сівушныя спірты?
Маентак Бішэўскіх стаяў у "лясах", бо прыдбаў сабе новага гаспадара адкульсьці з Расіі і "Глория 777 СООО" спешна асвойвала грошы. Шэрае неба свяцілася праз страху капцільні (калі верыць "Глобусу Беларусі") альбо лядоўні (прычыненне шкоды, калі верыць шыльдзе, караецца па закону, але куды ж больш). Парк быў буйна аздоблены параскідаванымі пасля ліпеньскай буры дрэвамі. Мясцовая чыгуначная станцыя і тая зрабілася тупіковай. Адзіная светлая пляма (неабарочны касцёл Св.Апостала Андрэя Бабулі, 1908-1914г.г.) была зачынена, царквы ў Лынтупах ніколі не было, таму да агляду застаўся толькі помнік У.І.Леніну (г.п.Лынтупы, Поставский р-н, Витебская обл., Беларусь):
Між тым спецыяльны знак нагадваў, што ад гэтай цьмутаракані да абласнога цэнтра аж 292 км, крыху бліжэй да Мінска (202). Колькасць хвілін ходу да Літвы не прыводзілася, бо "шэнгену" ці яшчэ якога польскага гену не ў кожнага знойдзецца. Нават беларусазамяніцель Дзеда Мароза - Зюзя - у гэтую зімку туды не прыехаў.
Не, што ні кажы, а мясціна шыкоўная, ды й байка год адлежвалася, з "тухлінкай". Як раз для пятніцы, 13.