Непадалёк ад
Рэдфілда ёсць яшчэ адзін незвычайна какетлівы горад, які скасціў сабе гадоў сто ды й адсвяткаваў у 2004 годзе чатырыстагоддзе, хоць па паперам "засвяціўся" яшчэ у 1507 годзе падчас вайны ВКЛ з Масковіяй.
Горад чысцюткі, аж блішчыць, бо ў Чэрыкаве кожны чацвер - "суботнік". Ён шэсць гадоў запар займае першае месца ў краіне па добраўпарадкаванню тэрыторыі. Але з чысцінёй там нават перастараліся і ў мінулым годзе падчыстую знеслі самы стары будынак. Напэўна, гэта архітэктар Вісарыён Паўлаў вінаваты, бо зрабіў драўляныя перакрыцці, а яны праз дзвесце год ў нягоднасць прыйшлі і дом 1789 года пастройкі знянацку прыстойны выгляд страціў.
Дом з мезанінам, які ў пачатку 70-х гадоў XIX стагоддзя Міхаіл Галынскі на свае сродкі пабудаваў, значна лепш захаваўся, бо бацюшка Ціхан паспеў яго ў храм Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ператварыць.
А касцёла ў іх няма і ніколі не было. Так сказала нам юная чэрыкаўчанка, таму што ў будынак касцёла яна ходзіць кіно глядзець, а ў аўтобус - смажанкі есці. Маленькі Ульянаў назірае, як дзяўчаты з мясцовага кулінарнага ліцэя № 11 у імправізаваным кафе на калёсах "Бусляня" пазабюджэтныя грошы зарабляюць (г.Чериков, Могилевская обл., Беларусь)
Наконт паходжання назвы "Чэрыкаў" па-рознаму чырыкаюць. Не, гэта не каламбур, у Чэрыкаве "Каламбур" - гэта дыскабар з танцамі. Мяркуюць, «чэрыкамі» у даўніну называліся посныя аладкі, якія манахі раздавалі вернікам па святах, альбо лодкі (там жа рака Сож), а можа і сапраўды авечкам горла "чырыкалі" татары, якія да тых мясцін не даходзілі.
Ды што казаць пра мінулае, калі дакладна невядома нават імя скульптара помніка У.І.Леніну на цэнтральнай плошчы (нагадвае скульптуры Г.В. Нероды - у паліто і з кепкай), на рамонт якога не так даўно 8 мільенаў рублеў усім мірам збіралі
І галоўнае невырашанае пытанне. Зараз 7 лістапада - святкуецца Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі, які у гэтым годзе на чацвер выпаў. Ці адмянілі сення ў Чэрыкаве ў гонар свята абавязковы "чысты чацвер" па прыбіранню вуліц?
Бывайце здоровы, жывіце багата, як гучыць у народнай песне, якую кампазітар І.Любан сачыніў, што тут нарадзіўся.