Клятва Гарацыяў
Карціна, напоўненая велізарнай энергіяй і сілай, нібыта вырваная маланкай з глыбінь стагоддзяў... Напружаныя фігуры воінаў - плячом да пляча, нага да нагі, як у страі ў разгар бітвы. Рукі, ускінутыя ў грозным рымскім салюце. Халодны бляск клінкоў - і халодная рашучасць у вачах ваяроў, ясна ўсвядомленая гатоўнасць аддаць жыццё за айчыну. Гэта імгненне найвышэйшага эмацыянальнага ўздыму. Сівы патрыярх уздымае мячы перад сабою, каб праз імгненне ўручыць іх сынам - яны ідуць на вайну. Ці не ўзгадвае ён, як сам калісьці ўзяў зброю з рук бацькі? Цяпер эстафету прымае новае пакаленне. Ваяўнічы пафас так захоплівае, што не адразу заўважаеш тры жаночыя постаці, якія ў тузе паніклі ля сцяны. Іх фігуры надаюць карціне прысмак горычы. Жанчыны ведаюць, што нічога ўжо не зменіш, і загадзя аплакваюць загінулых. І толькі маленькі хлопчык выглядвае з-пад матчынай рукі і зачаравана глядзіць на воінаў...
Жан-Луі Давід. Клятва Гарацыяў. 1784 г.
Калі над грамадствам навісае рэвалюцыя, нават яе самыя заклятыя праціўнікі пачынаюць рабіць усё, каб расчысціць ёй дарогу. Несвядома, канешне - ім здаецца, яна дбаюць выключна пра свае інтарэсы. Аднак дыялектыка моманту заключаецца ў тым, што кожны іх крок толькі набліжае буру. У 1781 г. граф д’Анжывіле замовіў аднаму мастаку карціну на сюжэт з рымскай гісторыі. Гэта было даручэнне дзяржаўнай значнасці. Граф узначальваў аддзел па справах каралеўскіх будынкаў, мастацтваў, садоў і мануфактур (Bâtiments du roi), а значыць, адказваў за манументальную прапаганду. Ад яго не мог схавацца той факт, што манархія знаходзіцца ў крызісе. Скандалы з удзелам каралеўскай сям’і, ваенныя паразы і фінансавыя праблемы - усё гэта падрывала лаяльнасць грамадства да гасудара. Граф спадзяваўся выправіць сітуацыю пры дапамозе мастацтва. Пры ім дзяржава спансіравала стварэнне вялікіх карцін і скульптур, прысвечаных славутым героям Францыі, а таксама падзеям антычнасці, якія ілюстравалі любоў да айчыны. Гэтыя творы павінны былі абуджаць патрыятычныя пачуцці, а значыць, умацоўваць аўтарытэт манархіі. Бо граф і ўявіць не мог, як можна адначасова быць патрыётам і не любіць свайго караля.
Гэтым разам яго выбар паў на маладога, але ўжо праслаўленага Жака-Луі Давіда. Ён атрымаў вядомасць сваімі карцінамі з антычнай гісторыі, а за адну з іх узяў у 1774 г. прэстыжную Рымскую прэмію, якая дазваляла некалькі гадоў стажыравацца ў Рыме. У 1780-я гады Давід з вялікім поспехам выстаўляўся ў Салоне, і кароль нават выдзяліў яму апартаменты ў Луўры - хіба што не найвышэйшая пашана, якую мог атрымаць жывапісец.
Ад такога мастака можна чакаць палатно найвышэйшай якасці (тут граф не памыліўся). Але які выбраць сюжэт? Д’Анжывіле прапанаваў звярнуцца да гісторыі Гарацыяў і Курыяцыяў, апісанай у кнізе Ціта Лівія "Ab Urbe Condita" ("Гісторыя ад заснавання горада"). З яе магла атрымацца выдатная карціна з павучальным зместам.
Гэтыя падзеі, згодна з традыцыяй, адбыліся ў самым канцы VIII ст. да н.э., у эпоху трэцяга рымскага цара Тула Гасцілія. Адным са сваіх першых учынкаў ён па мізэрнай нагодзе развязаў вайну з Альба-Лонгай - старажытнай сталіцай Лацінскага саюза. Для Рыма яна стала паваротнай (праўда, у Ціта Лівія ледзь не ўсе войны Рыма паваротныя). Вырашаўся лёс рэгіёну - які горад стане гегемонам у цэнтральнай Італіі. Гэта была таксама і вайна бацькоў супраць дзяцей. Бо Рым пачынаўся як адгалінаванне Альба-Лонгі, Ромул паходзіў з дынастыі альбанскіх цароў, а паміж жыхарамі абодвух гарадоў існавалі цесныя сваяцкія сувязі. Цяпер альбо Рым падамне Альбу, альбо, наадварот, Альба пацвердзіць перавагу над Рымам. Аднак ніводны з бакоў не хацеў дарэмна праліваць кроў, таму пастанавілі: лёс вайны высветліцца на паядынку.
У абодвух гарадах былі па трое братоў-блізнятаў аднаго ўзросту - рымляне Гарацыі і альбанцы Курыяцыі. На іх быў ускладзены вялікі гонар - біцца насмерць за свабоду сваёй айчыны. Перамогуць Гарацыі - Альба прызнае вяршынства Рыма, і наадварот. Гісторыя чалавецтва выглядала б іначай, калі б усе канфлікты вырашаліся такім чынам.
Школа Маркантоніа Раймондзі. Гарацыі і Курыяцыі. 1541 г.
У прызначаны час два войскі сталі насупраць адзін аднаго, ачысціўшы пляцоўку для бою. Па сігналу браты сышліся - тры на тры. Два паядынкі завяршыліся хутка. Нібыта ў страшным сне рымляне бачылі, як двое Гарацыяў упалі на зямлю, працятыя клінкамі альбанцаў. Толькі адзін з братоў-рымлян працягваў адбівацца. Курыяцыі наступалі на яго ўтрох супраць аднаго і ўжо не сумняваліся ў перамозе, хаця кожны з іх атрымаў па лёгкай ране, а апошні Гарацый заставаўся здаровы.
Бітва Гарацыя і Курыяцыў. (Аўтара не знайшоў)
Ён адразу зразумеў, што яго адзіны шанец - не даць ворагам напасці на яго адначасова. Гарацый кінуўся наўцёкі - бегчы яму было лягчэй, чым праціўнікам, каму перашкаджалі раны. Рымлянін разлічыў усё так, каб яны падбягалі да яго па чарзе, і тут ужо перавага была на яго баку. Аднаго за другім ён забіў двух Курыяцыяў, а трэці, знясілены пагоняй, літаральна падставіў шыю пад меч. Гарацый прыкончыў яго са словамі:
- Двух я прынес у ахвяру ценям маіх братоў, трэцяга аддам на ахвярнік той справы, дзеля якой ідзе гэтая вайна, каб рымлянін валадарыў на альбанцам.
Джузэпа Чэзары. Бітва Гарацыяў і Курыяцыяў. 1612/1613 гг.
Так і адбылося. Рымляне святкавалі перамогу; Альба перайшла пад іх уладу і неўзабаве знікла са старонак гісторыі. Гарацый, нагружаны трафеямі, як герой, вяртаўся ў Вечны горад.
Фульшран-Жан Ар'е. Бітва Гарацыяў і Курыяцыяў. 1798 г.
Тут здарыўся інцыдэнт, які сапсаваў яму ўвесь трыумф. Перад Капенскімі брамамі, дзе яго сустракалі радасныя суайчыннікі, стаяла сястра Гарацыяў. Толькі зараз Ціт Лівій паведамляе чытачам важную дэталь - аказваецца, дзяўчына была заручана з адным з братоў-Курыяцыяў (як можна было не ўзгадаць пра гэта раней?). Выходзіць, любы вынік бітвы быў бы для яе трагедыяй. Цяпер жа яна бачыць на плячах брата плашч, што выткала для жаніха сваімі рукамі. І насуперак усенароднаму лікаванню яна распускае валасы і горасна выкрыквае яго імя, як на хаўтурах. Не сцярпеўшы такой ганьбы, Гарацый падскоквае да яе і ўсаджвае ў сястру меч са словамі:
- Адпраўляйся да свайго жаніха са сваім не ў час прыйшоўшым каханнем. Ты забыла пра братоў - памерлых і жывога, - забыла аб айчыне. Няхай загіне кожная рымлянка, якая стане аплакваць непрыяцеля.
Фёдар Бруні. Смерць Камілы, сястры Гарацыя. 1824 г.
Такі ўчынак не мог застацца беспакараным. Гарацыя асудзілі на смерць - закон ёсць закон, нават для выратавальніка Рыма. Аднак яго стары бацька здолеў расчуліць суддзяў. Герой быў прыгавораны да публічнага пакаяння - праз вуліцу перакінулі брус, і Гарацый прайшоў пад ім з пакрытай галавой. Па словах Ціта Лівія, той брус знаходзіўся на тым жа месцы і ў яго эпоху і называўся “брус сястры”.
Віктор Максімільен Патэн. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. 1785 г.
Гісторыя аб бітве Гарацыяў, натуральна, трэба аднесці да ліку чыста легендарных. Яна мусіла растлумачыць, па-першае, як Альба скарылася Рыму і, па-другое, паходжанне “бруса сястры” на адной з рымскіх вуліц. Акрамя таго, яна раскрывала, адкуль узяліся грабніцы Гарацыяў і Курыяцыяў, што і зараз стаяць побач з Рымам, у Альбана-Лацыяле (насамрэч, іх пабудавалі ўжо ў познерэспубліканскія часы).
Рычард Уілсан. Грабніцы Гарацыяў і Курыяцыяў. XVIII ст.
У Францыі гісторыя Гарацыяў была добра вядома - канешне, дзякуючы Карнелю і яго трагедыі “Гарацый”, пастаўленай яшчэ ў 1640 г. П’еса атрымала велізарную папулярнасць і па справядлівасці лічыцца адной з лепшых у творчасці драматурга. Карнель перапрацаваў аповяд Ціта Лівія; няцяжка здагадацца, што на першае месца выйшла сястра Гарацыяў. Карнель назваў яе Камілай; пад гэтым імем яна ўвайшла ў еўрапейскі жывапіс.
Ан-Луі Жырадэ-Трыязон. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. 1785 г.
Луі Жан-Франсуа Лагрэнэ. Гарацый пасля забойства сваёй сястры. Паміж 1750 і 1754 гг.
Франчэска дэ Мура. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. Каля 1760 г.
Адрыян Гаал. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. XVII ст.
Жан-Барнар Дзювів'е. Смерць Камілы, сястры Гарацыя. 1785 г.
(Цікава, як змяніліся яе паводзіны ў Карнеля ў параўнанні з Цітам Лівіям. Тут яна не проста плача па жаніху - яна праклінае Рым, які адняў у яе каханага, моліць багоў пакараць яе айчыну. Пасля такіх слоў у Гарацыя літаральна не застаецца іншага выхаду, як забіць сястру, пакуль сваім блюзнерствам яна сапраўды не наклікала бяды)
Жан-Баптыст Фрэдэрык Дэмарэ. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. 1785 г.
Матвей Пучынаў. Смерць Камілы, сястры Гарацыя. 1787 г.
Эцьен Барталэмі Гарн'е. Смерць Камілы, сястры Гарацыя. Першая палова ХІХ ст.
Акіле Фуні. Публій Гарацый забівае сваю сястру. 1932 г.
Васіль Шэбуеў. Смерць Камілы, сястры Гарацыя. 1821 г.
Гіём Гіён-Лецьер. Гарацый забівае сваю сястру Камілу. 1785 г.
Напачатку граф д’Анжывіле хацеў фінальную сцэну, дзе стары Гарацый выпрошвае суддзяў пашкадаваць жыццё яго сыну. Але Давід вырашыў іначай. Ён, наадварот, паказаў тое, што папярэднічала паядынку. Што павінны адчуваць людзі, ідучы на верную смерць дзеля выратавання айчыны? На карціне Давіда трое маладых воінаў клянуцца цалкам выканаць свой доўг; іх стары бацька бласлаўляе іх на бітву, а тры жанчыны (у тым ліку Каміла) бяссільныя ім перашкодзіць. Маленькі хлопчык выглядвае з-пад рукі адной з іх - па яго вачах можна прачытаць, што прыйдзе дзень, калі ён сам прыме меч з рук свайго бацькі, а значыць, родная дзяржава не застанецца без абаронцы. Патрыятызм паказаны тут як найвышэйшая грамадзянская доблесць, што і хацелася графу д’Анжывіле.
Адкуль Давід узяў ідэю карціны? У Карнэля такой сцэны няма, таксама як і ў Ціта Лівія. Аднак у ХІХ ст. адзін з вучняў мастака высветліў - Давіда натхніў эпізод у адной з пастановак “Гарацыя”, якую ён бачыў у 1782 г. у Парыжы. У фінале п’есы другарадны персанаж праносіць перад гледачамі клінкі загінулых Курыяцыяў. Далей у справу ўступае геній жывапісца, і на выхадзе мы маем матэматычна вывераную кампазіцыю.
Карціна была напісана Давідам у Рыме. З самага пачатку яна мела велізарны поспех у публікі. Давід прывез яе ў Парыж, каб выставіць у Салоне 1785 г. Яго талент быў ацэнены па заслугах. Кароль выкупіў палатно, Давід прымаў віншаванне. Але ці ўдалося яму выканаць задачу, якую ўсклаў на яго дʼАнжывіле? На першы погляд - так, бо карціна літаральна пранізана патрыятызмам. Аднак гэта аказаўся патрыятызм трошкі іншага гатунку. Ён абуджаў не любоў да караля, а зусім другія, мяцежныя ідэі. Пройдзе літаральна пара гадоў, і ўсе зразумелі: „Клятва Гарацыяў" стала адным з прадвеснікаў рэвалюцыі.
Як так выйшла? У аснове манархіі заўжды ляжыць прынцып прысягі, калі падначалены ўкленчвае перад гаспадаром. Філосафы Асветніцтва, наадварот, прасоўвалі ідэю дзяржавы як грамадскай дамовы - пагаднення роўных з натуральнымі правамі. Такая дзяржава са спадчыны манарха ператвараецца ў “супольную справу” (res publica) усіх грамадзян. Кожны прымае ўдзел у кіраванні, але і падзяляе адказнасць за яе лёс. Гэта зусім новае пачуццё палітычнай еднасці, якое існавала раней на ўзроўні сям’і, клана ці невялікай абшчыны. Альбо маладой рэлігіі. Патрыятызм сапраўды становіцца секулярным культам з нацыяй і айчынай у ролі боства, са сваім канонам і рытуаламі.
Яго галоўны сакрамент - клятва. Абяцаўшы аддаць дзяржаве галоўнае, што ёсць у чалавека - жыццё, грамадзянін дасягае з ёю абсалютнай тоеснасці. Індывід цалкам зліваецца з аб’ектам пакланення - палітычным калектывам, што ў многіх рэлігіях лічыцца фіналам духоўнай эвалюцыі. А паколькі сама рэспубліка існуе роўна ў той ступені, у якой грамадзяне адчуваюць сябе яе часткай, клятва - гэта і акт яе пераўстварэння ў канкрэтным месцы і часе.
Арман-Шарль Караф. Клятва Гарацыяў. Паміж 1802 і 1812 гг.
(Выдатным прыкладам з'яўляецца карціна Іагана Фюслі "Клятва Рутлі", 1780 г., дзе паказана нараджэнне Швейцарскага саюза)
Іаган Фюслі. Клятва Рутлі. 1780 г.
Ідэальны патрыятызм супрацьстаіць ідэі манархіі, бо вынікае з зусім іншых адносін паміж грамадзянамі і дзяржавай. Філосафы Асветніцтва абаснавалі рэспубліку тэарэтычна, але каб новае вучэнне завалодала масамі, яно павінна абаперціся на вобразы, а не абстрактныя разважанні. Ідэі луналі ў паветры; нехта мусіў іх увасобіць.
“Клятва Гарацыяў” прыйшлася як раз да месца. Магчыма, у іншую эпоху яе б успрынялі іначай, чым у атмасферы набліжэння рэвалюцыі. Цяпер жа гледачы ўбачылі ў ёй палымяную пропаведзь патрыятызму, якая навявала думкі аб новым, справядлівым дзяржаўным ладзе. Карціна бударажыла палітычнымі алюзіямі, якія ніяк не ўпісваліся ў сістэму каштоўнасцяў Старога парадку.
Тут, здаецца, большую ролю гралі настроі публікі, чым сапраўдныя намеры мастака. Увогуле, Давід быў далёкі ад высокіх матэрый (па праўдзе, ён быў чалавек праставаты), але ён інстынктыўна ўхапіў тое, чаго ад яго чакала грамадства. Затое памыліліся тыя, хто спадзяваўся патрыятызмам падмацаваць аўтарытэт манархіі.