Марк Курцый. Скачок у апраметную
“Я па добрай волі клянуся вам, што буду вашым заступнікам і абаронцам у замагільным свеце”
(Марк Курцый. Цыт. па кнізе Дзіёна Касія “Рымская гісторыя”, VII, 25)
З глыбокай старажытнасці адным з адметных закуткоў Рымскага Форума быў маленькі пятачок зямлі пад рамантычнаю назваю “Возера Курцыя” (Lacus Curtius). Ён уяўляў з сябе ці то даверху засыпаны калодзеж, ці то проста невялікае паглыбленне, абнесенае каменнай агароджай. Археолагі і сёння не могуць сказаць дакладна, што там знаходзілася на самой справе. Вядома адно - ужо ў эпоху Аўгуста вады ў “возеры” не было і ў памоўцы, а сам пастамент ператварыўся ў месца, дзе збіраліся гарадскія пляткары, вісусы і прайдзісветы. Аб гэтым аўтарытэтна распавёў камедыёграф Плаўт.
У высахлым “возеры” нічога дзіўнага само па сабе няма: Рым у прамым сэнсе вырас на балоце, і яго першыя ўладары прыкладалі велізарныя намаганні, каб адвесці ваду за гарадскія межы. Так што калі на гэтым месцы сапраўды некалі быў вадаёмчык, людзі маглі памятаць аб ім і праз шмат гадоў пасля яго знікнення.
Цікавая справа выходзіць з другой часткай наймення. Аматарам даўніны адразу ясна, што за ім хаваецца нейкая прыгожая легенда. І яны не памыляюцца. Бо легенда сапраўды ёсць, і менавіта аб ёй пойдзе надалей наша размова…
Джон Марцін. Марк Курцый. 1827 г.
Насамрэч, ужо ў Цэзараву эпоху наконт назвы “Курцыева возера” не было адзінадушша. Існавала тры тлумачэнні, і толькі адно з іх, дзякуючы кніге Ціта Лівія, атрымала шырокую вядомасць.
Першую гісторыю паведаміў у сваім творы пісьменнік Марк Тэрэнцый Варон. Па яго словах, у 445 г. да н.э. у гэтае месца ўдарыла маланка (што сапраўды дзіўна, бо маланкі рэдка б’юць па роўнай паверхні). Тагачасны консул - Гай Курцый Філон - быў так уражаны, што загадаў абнесці ўчастак каменнаю сцяною.
Дзве другія выйшлі з-пад пяра гісторыка Ціта Лівія. Адна версія - даволі празаічная. Некаторыя вераць, піша ён, што возера Курцыя атрымала сваю назву ад імені правадыра племені сабінаў Мецыя Курцыя. Адбылося тое яшчэ пры легендарным Ромуле, калі сабіны, каб адпомсціць за выкраданне сваіх жанчын, пайшлі на Рым вайною.
Напачатку яе ход складваўся для рымлян няўдала. Яны адступалі, пакуль вораг не загнаў іх пад самыя схілы Палаціна. Надышоў час вырашальнай схваткі. Разам з купкай саратнікаў Ромул прадпрыняў адчайную вылазку. Насустрач яму рынуўся адважны сабінскі воін Мецый Курцый; аднак рымляне напалохалі яго каня, той панес і загразнуў у суседнім балотцы. Пакуль паплечнікі выцягвалі з багны няўдачлівага вершніка, рымляне ўсімі сіламі абрушыліся на праціўніка, так што небараке Курцыю прыйшлося ратавацца бегствам.
А азярцо, дзе ён барахтаўся, з тых часоў стала насіць яго імя…
Гісторыя немудрагелістая і праўдападобная, але сам Ціт Лівій не лічыў яе праўдзівай. Ён пісаў: паколькі ісціну высветліць ужо немагчыма, нам трэба прыняць на веру больш позняе і пашыранае паданне. Славуты гісторык меў на ўвазе легендарную падзею, якая адбылася ў Рыме ў 362 г. да н.э. Так яна запала людзям у сэрца, што памяць аб ёй засталася на доўгія гады, а ўжо трапіўшы на старонкі кнігі Лівія - і тым болей, бо Лівіева “Гісторыя Рыму ад заснавання горада” на працягу стагоддзяў была найпапулярнейшай чытанкай аб рымскай мінуўшчыне.
Традыцыя сведчыць, што ў той год прама па цэнтры Форума расхінулася велізарная чорная бездань. Усе спробы засыпаць яе аказаліся марнымі. Стала ясна, што тут прыклалі рукі самі богі. Прыйшлі вешчуны-гаруспікі; яны параіліся і заявілі: каб закрыць яму, трэба кінуць у яе тое, што складае галоўную сілу рымскага народу («…Quo plurimum populus Romanus posset…»). Тады Рым, маўляў, будзе стаяць вечна.
Гараджане абступілі прорву ў поўнай разгубленасці. Сенатары з задумлівым выглядам чухалі патыліцы, спрабуючы ўцяміць, аб чым тут можа ісці гаворка. Пакуль яны марудзілі, да правалу пад’ехаў вершнік - малады воін Марк Курцый. На яго твары чыталася змрочная рашучасць. У чым сіла Рыма, дакорліва спытаў ён прысутных, як не ў адвазе яго герояў?
(Па другой версіі, прыведзенай Варонам (“Lingua Latina”, V, 148), гаруспікі адназначна сказалі, што ў бездань трэба кінуць самага адважнага рымскага воіна)
Прысвяціўшы сябе багам падземнага свету, Марк Курцый, як быў - на кані і ў поўным баявым рыштунку, смела рынуўся ў самае жарало.
Сімон дэ Вос. Подзвіг Марка Курцыя. 1641 г.
І зямля паглынула яго, і закрылася, а тое месца з тых часоў празвалі “Возера Курцыя”…
***
У кнізе Ціта Лівія эпізод з Курцыям займае літаральна адзін абзац, але значэнне яго нашмат большае. Суайчыннікі не забыліся пра адважнага вершніка. Марк Курцый заняў важнае месца ў рымскай палітычнай традыцыі. Ён увасабляў ідэал рымскага грамадзяніна, чыя найвышэйшая доблесць - непахісная гатоўнасць у любую хвіліну аддаць жыццё дзеля ўратавання айчыны і праслаўлення Горада.
Жан-Леон Жаром. Скачок Курцыя. 1848 - 1850 гг.
Само паняцце “Айчына” было для рымлян сакральным. Патрыятызм стаў для іх свайго роду грамадзянскай рэлігіяй, перад якой адступалі ў цень усе астатнія духоўныя каштоўнасці. Яшчэ Цыцэрон пісаў: “няма ў грамадстве сувязі больш шчыльнай і сардэчнай, чым тыя, што яднае кожнага з нас з радзімай. Мы любім бацькоў, любім дзяцей, суродзічаў, сяброў, але любоў да роднай зямлі пераўзыходзіць усе астатнія формы любові, і кожны не замарудзіць аддаць сваё жыццё, калі яго смерць прынясе карысць айчыне” .
Вучань ці пераймальнік Бертоле Флемаля. Марк Курцый. XVII ст.
Гэтая ідэя была краевугольным камянём рымскага дзяржаўнага міфу. З дзіцячых гадоў хлопчыкам унушалі перакананне, што няма лепшага лёсу, чым цаною жыцця здабыць славу Рыму. Узоры для пераймання браліся з легендарнай даўніны. Паўстала адмысловая галерэя нацыянальных герояў, якія праявілі надзвычайную мужнасць ці нават ахвяравалі сабой дзеля ўратавання айчыны. У адзін шэраг сталі браты Гарацыі, айцец і сын Мусы, Луцый Сцэвала і Гарацый Коклес. Знайшлося там месца і для Марка Курцыя. Яго гісторыя стала кананічнай, як прыклад грамадзянскай самаахвярнасці.
Бак'яка. Марк Курцый. 1520 - 1530 гг.
Такія гісторыі перадаваліся ў форме сціслых павучальных апавяданняў - гістарычных анекдотаў (exemplum virtutis), як казалі раней. Іх зборнікі карысталіся высокай папулярнасцю у рымскай публікі - і для забавы, і для выхавання моладзі. Аўтары ахвотна ўключалі туды аповяд пра Марка Курцыя. Найперш трэба назваць знакамітую анталогію “гістарычных анекдотаў” ад рымскага пісьменніка Валерыя Максіма “Векапомныя дзеянні і словы” (“Factorum et dictorum memorabilium libri novem”, V. 6,2).
Эсташ Лёсюёр. Марк Курцый скочыць у бездань. 1643 г.
Подзвіг Марка Курцыя трапіў у творы славутых антычных гісторыкаў. Акрамя Ціта Лівія, аб ім пісалі Дыянісій Галікарнаскі, “Рымскія старажытнасці” (“Ῥωμαϊκὴ Ἀρχαιολογία”, XIV, 11), і Дзіён Касій, “Рымская гісторыя” (“Historia Romana”, VII, 25). Нашага героя прыгадалі таксама ў сваіх творах Сенека, “Аб міласэрнасці” (“De clementia”, I, 3(5)), Варон, “Аб лацінскай мове” (“Lingua Latina”, V, 148), а ў эпоху Аўгуста ля “Возера Курцыя” быў усталяваны прыгожы барэльеф з выявай вершніка, гатовага скочыць у правал.
Барэльеф, усталяваны ў старажытным Рыме каля "Возера Курцыя", I ст. да н.э.
Пераасэнсаванне пачалося з прыходам хрысціянства. Новая рэлігія грунтавалася на адмаўленні існуючага язычніцкага светапогляду. Легендарныя героі стваралі для Айцоў Царквы пэўную праблему: вобразы Сцэвалы, Лукрэцыі, Курцыя глыбока ўкараніліся ў рымскай свядомасці і стваралі “канкурэнцыю” персанажам Бібліі. З іншага боку, сама ідэя, што адзін чалавек прыносіць сябе ў ахвяру, і гэтай ахвярай “аплочвае” выратаванне іншых, аказалася надзіва сугучнай хрысціянскаму мысленню. Яшчэ Арыген пісаў, што Ісус “свядома прыняў смерць за род людскі, як тыя, хто памёр за сваю дзяржаву…” Яму ўтарыў св. Іеранім: “канешне, калі мы верым словам язычнікаў, што Кодр, Курцый і абодва Дэцыі сваёй смерцю спынялі чуму, голад ці войны для сваіх гарадоў, ці можам мы сумнявацца, што Сын Божы, праліўшы сваю Кроў, уратаваў не адзін горад, а ўвесь род людскі!”
Джаванні Паала Паніні. Марк Курцый скочыць у вогненную бездань. XVIII ст.
У хрысціян былі свае героі - святыя пакутнікі, і іх подзвігі шмат чым нагадвалі ўчынкі рымскіх куміраў. Некаторыя Айцы Царквы лічылі такую аналогію небяспечнай. Яны не маглі дапусціць, каб язычнікі сталі на адну дошку з тымі, хто пацярпеў за веру Хрыстову.
Бенджамін Хэйдан. Смерць Марка Курцыя. 1843 г.
Выхад прапанаваў святы Аўгусцін - знакаміты багаслоў, які правёў градныёзную працу па перагляду антычнай спадчыны. Ён не адкінуў рымскіх герояў цалкам, як паганскіх багоў, але і не прыраўняў іх да хрысціянскіх пакутнікаў. У сваёй эпахальнай кнізе “Аб горадзе Божым” (“De Civitate Dei”) Аўгусцін прапанаваў іншы падыход, заснаваны на аналізе рысаў адрознення і падабенства. Рымскія героі прыносілі сябе ў ахвяру, але дзеля чаго? Дзеля выратавання Рыму - аплоту страсцей мірскіх. Інакш рабілі пакутнікі - яны аддалі жыццё за сваю веру, за паратунак душы. І наколькі Горад Зямны меньш значны за Горад Божы, настолькі подзвіг знакамітых рымлянаў ніжэй за подзвіг прыхільнікаў Хрыста. Героі старажытнага Рыму былі адсунуты на другасны план у параўнанні з хрысціянскімі, бо ахвяравалі сабою за непраўдзівыя, прыземленыя ідэалы.
П'ер Жазэф Селестэн Франсуа. Марк Курцый. Першая палова ХІХ ст.
Аднак іх усё яшчэ можна было скарыстаць у дыдактычных мэтах - як прыклад, які трэба пераўзысці. Нам павінна быць сорамна, піша Аўгусцін, калі не зможам праявіць тую ж доблесць дзеля Царства Нябёснага, якую язычнікі праяўляюць дзеля свайго царства зямнога (De Civ., V, 18). Іншыя аўтары перанялі яго аргументацыю (ажно ў XIV ст. яе паўтарае італьянскі царкоўны гісторык Баўтрымей Луканскі). Узнікла цэлая традыцыя папракаць хрысціян адвагай язычнікаў. Аднак былі і тыя, хто працягваў адносіцца да антычных персанажаў з яўным піетэтам - напрыклад, хрысціянскі аўтар ІІ ст. н.э. Марк Мінуцый Фелікс, дыялог “Актавій” (“Octavius”, VII), ці знакаміты багаслоў V ст. Павел Арозій, “Гісторыя супраць язычнікаў” (“Historiae adversum paganos”, 5, 1-3).
Паала Веранезэ. Ахвярная смерць Марка Курцыя. 1550 - 1552 гг.
Людвіг Рэфінгер. Смерць Курцыя. 1540-я гады.
Канцэпцыя Аўгусціна была лагічнай і выверанай, але доўга яна не пратрывала - змяніліся гістарычныя ўмовы. У Сярэднія вякі ідэйная барацьба хрысціянства з антычным язычніцтвам страціла сваю актуальнасць. Сакральны рымскі патрыятызм таксама ўжо даўно не быў для Царквы канкурэнтам. Развіццё вобразу Марка Курцыя пайшло ў іншым кірунку.
Марк Курцый з Нюрнбергскай хронікі Шодэля, 1493 г.
Для тагачасных аўтараў найбольшую цікавасць уяўляла сувязь Курцыя і тэмы пекла (менавіта так яны трактавалі расколіну на Форуме). Узнікала паралель з папулярнай у Сярэднія вякі біблейскай лягендай аб сыходжанні Хрыста ў апраметную (на другі дзень пасля ўкрыжавання) і разбурэнні брамаў пекла. Знакаміты рымлянін, закрыўшы цаной жыцця праход у падземны свет, аказаўся ў пэўнай сэнсе папярэднікам Ісуса.
Ганс Колерт. Мецый (Марк) Курцый. XVIІ ст.
У знакамітым зборніку лацінскіх навэлаў “Gesta romanorum” XIV ст. (у асобных версіях) подзвіг Курцыя змешчаны ў главе “Пра Хрыста, які вызваліў нас ад пекла”. Праўда, апісанне подзвіга даецца з невялікімі зменамі, а Марк Курцый па невядомай прычыне названы Маркам Аўрэліям, але такая блытаніна была звычайнай справай у Сярэднявеччы. Паміж рымлянінам і Ісусам тут праведзена прамая аналогія. Гэта сведчыла аб тым, што насуперак пажаданням св. Аўгусціна, сярэднявечная Еўропа ўспрымае Марка Курцыя як “свайго”, няхай фармальна ён і быў язычнікам.
Ламберт ван Ноорт. Самаахвяраванне Марка Курцыя. XVI ст.
Марк Курцый. Карціна фламандскага мастака, Італія, 1530-я гады.
У XIV ст., на хвалі інтарэсу да старажытнага Рыму, наш герой пачыные рэгулярна з’яўляцца ў італьянскай літаратуры. Ён узгаданы ў паэме Петраркі “Трыумфы”, у дыдактычнай паэме Фацыё дэлі Уберці “Dittamondo” (пад іменем Марка Курыё), у паэме “Fiorita d’Italia” Арманьіна Гвідзічэ. У апошнім творы Курцый (названы тут чамусьці Метэла) кідаецца не ў прорву, а ў пячору з драконам, насланым на Рым за яго грахі. Адпаведна, яго подзвіг набывае рысы адкупленчай ахвяры.
Леанарт Брамер. Марк Курцый верхам на кані скочыць у бездань. 1657 - 1659 гг.
Марк Курцый на італьянскай маёліцы, 1542 г.
Аднак сапраўдны росквіт “курцыевай тэмы” адбываецца ўжо з пачаткам эпохі Адраджэння. Актыўна асвойваючы антычную спадчыну, гуманісты імкнуліся рэабілітаваць яе ў вачах сучаснікаў, надаць ёй “хрысціянізаванае” гучанне. Персанажы з гісторыі Грэцыі і Рыму падаваліся ў біблейскім антуражы; мяжа паміж дзвюма парадыгмамі паступова сціралася.
Луіджы Гарцы. Ахвяра Марка Курцыя. 1715 г.
Гэта ў поўнай меры датычылася і Марка Курцыя, які з канца XV ст. з’яўляецца на вялікім мностве карцін і малюнкаў. Яго вобраз быў у значнай меры “хрысціянізаваны”. На выявах з ім часта сустракаюцца элементы, характэрныя для выяўлення хрысціянскіх пакутнікаў - пальмавае лісце, разбураныя калоны і руіны антычных храмаў (сімвалізавалі перамогу новай веры над язычніцтвам). Пафасныя позы, адухоўлены твар. Тая непрыязнь, якую адчувалі да яго раннія хрысціяне, вычарпалася цалкам, а сам герой глыбока ўрос у тканіну еўрапейскай культуры.
Лівіё Рэці. Марк Курцый. 1736 - 1738 гг.
Хендрык Гольцыюс. Марк Курцый. Пач. XVIІ ст.
Апошнія словы…
“Няма жывой істоты лепшай альбо мацнейшай за чалавека. Бо, калі казаць прама, чалавек ёсць ніхто іншы як бог са смяротным целам, а бог - ніхто іншы як чалавек без цела і таму несмяротны; і мы недалёка адышлі ад боскай прыроды…” (Марк Курцый. Цыт. па кнізе Дзіёна Касія “Рымская гісторыя”, VII, 25)
***
P.S. У канцы XVII стагоддзя ў Версалі па загаду караля Людовіка XIV была ўсталявана конная статуя манарха ў вобразе Марка Курцыя. Яна хутка ператварылася ў адзін з найбольш маляўнічых сімвалаў каралеўскага парку.
Джавані Ларэнца Берніні. Статуя Людовіка XIV у вобазе Марка Курцыя. 1677 г.
Аляксандр Бенуа. У Курцыя. 1897 г.
Аляксандр Бенуа. У Курцыя. 1898 г.
(Пры напісанні эсэ быў выкарыстаны артыкул Марыі Бербары “Civil Self-Offering: Some Renaissance Representations of Marcus Curtius” у кнізе “Recreating Ancient History: Episodes of Greek & Roman Past in the Arts & Literature of Early Modern Period”, Бостан, 2001 )