Публічная лекцыя Уладзімера Мацкевіча

Jun 06, 2012 17:36


    

ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ “URBI ET ORBI”
УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ

“КУЛЬТУРНАЯ ПАЛІТЫКА-

спосаб ДУМАЦЬ БЕЛАРУСЬ”

8 чэрвеня, 18.30, пр-т Незалежнасці, 37а (Галерэя Ў)

Што аб'ядноўвае Лятучы універсітэт, стварэнне Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці, праект рефармавання адукацыі, даследаванне малых гарадоў і мясцовых супольнасцяў, стратэгію дзеянняў дэмакратычных сіл і “Вар'яцкае чаяванне”? Задача “Думаць Беларусь” і Культурная палітыка як спосаб яе рэалізацыі, - скажа вядомы беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Гэта стрыжань яго інтэлектуальнай працы - вось ужо больш як 18 год!

“Думаць Беларусь”,  “Дэсаветызацыя - Беларусізацыя - Еўрапеізацыя” - за гэты час словы з лексікону Культурнай палітыкі Ўладзіміра Мацкевіча знайшлі сваё месца (часам нечаканае і дзіўнае) у слоўным ужытку беларускіх палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, журналістаў, інтэлектуалаў. Словы прыжыліся, але сітуацыя, калі і змяняецца, то вельмі павольна. Менавіта таму метадолаг працягвае тлумачыць сутнасть гэтых паняткаў надалей - у сваіх кнігах, артыкулах, блогах, лекцыях, дакладах на канферэнцыях і метадалагічным семінары.

“Думаць Беларусь” і “Думаць пра Беларусь” - розніца падпарадкавання паміж словамі прынцыповая. Як казала дзяўчынка-гераіня раману Стругацкіх: “каму гэта трэба, думаць пра?..”. Толькі ў мысленні Беларусь можа паўстаць. “У духоўнай сферы Беларусі гіпертрафіравана месца, выдзеленае  паэзіі. Беларусь спяваюць, лепяць, танчаць і ўвасабляюць у гіпербалах і метафарах. Усё гэта стварае пакуты ў душах свядомых беларусаў, гоніць іх на мітынгі. Пакутуючыя, перажываючыя людзі не думаюць, а выліваюць паток сваей пакутуючай свядомасці адзін на аднаго. <…> Беларусь не будуюць, не ахоўваюць, не апрацоўваюць, не культывуюць. Чаму? Таму што не думаюць. Не думаюць Беларусь. А трэба думаць Беларусь, што яна ёсць. Думаць, як яна ёсць, як і якой ёй быць " - гэта словы з першага маніфесту Ў. Мацкевіча “Насуперак відавочнасці” (1994г.)

Мысленне, што рэалізуецца, творыць дабро, стварае Беларусь. Памылковае мысленне, не здольнае да рэалізацыі, дазваляе расці злу. Культурная палітыка - гэта спосаб думаць Беларусь, спосаб яе ствараць. Культурная палітыка - гэта гульня ў свет ХХІ стагоддзя. Гэта гульня ў сучасную Беларусь: ПРАДУМЫВАННЕ і ПРАЙГРАВАННЕ БЕЛАРУСІ ў рэчаіснасці замест будаўніцтва «светлай будучыні» або пасіўнага чакання.

Незразумела? Давайце згуляем у гэта разам з лектарам - усё, што выйграем, будзе наша. У такой гульні прайграе толькі той, хто не гуляе.

8 чэрвеня (пятніца). Лекцыя Уладзіміра Мацкевіча “Культурная палітыка - спосаб Думаць Беларусь”. Галерэя Ў. 18.30. Уваход вольны!

Online-трансляцыя лекцыі

Інтэрв’ю Ул. Мацкевіча перад лекцыяй
Previous post Next post
Up