Час ад часу я "распісваю ворд". Ёсць людзі, якія распісваюць ручкі, ёсць нават тыя, якія ўмудраюцца рабіць гэта на цэлыя кнігі, а я вось распісваю рэдактар мікрасофт. Падумалася, што некаторыя рэчы варта было б сюды закінуць, так сказаць, пакінуць на доўгую памяць.
02.04.12 Амаль 25. На вуліцы яшчэ халодна, але ўжо красавік, і гэты кагнітыўны дысананс прымушае апранаць пад спадніцу маленькія шорты і згладжваць дурныя думкі, што ва ўсіх усё добра, а ў мяне адно гаўно пастаянна. Не, ва ўсіх зараз такое самае гаўно: плюс 2 дзявятага красавіка.Да амаль 25 я падышла з вялікім багажом. Крызіс “Что ты сделал для хип-хопа в свои годы” хаця і мучае мяне па начах прывідамі незапісаных песень і нестабільнымі запісамі працоўнай кніжкі, але ж заганяцца я стала куды меней. Амаль не заганяцца, я б нават так сказала. Часам, праўда, хочацца напісаць кнігу. Часам - гэта калі ідзеш адкульсьці (сустрэча з сябрамі, крама, праца, цягнік, этсэтра). І пачынаеш марыць: вось з гэтай фразы я пачну ўсё пісаць, а скончу абавязкова шматкроп’ем, як усе таленавітыя і вууумныя пісьменнікі. А потым прыходзіш дадому і разумееш: вось і ніфіга, сканчваюць усе аднолькава, аднолькава непрыгожа і незразумела, высунуўшы языкі, выпучыўшы вочы, выгнуўшыся ў самых розных аддзелах пазваночніка.
Кніга не пішацца і яшчэ па адной прычыне: ведаючы, як пачаць пісаць, я не ведаю, як працягнуць. І калі я пачынаю аб гэтым думаць, пісаць расхочваецца адразу. Я не гермафрадзіт і мяне не звалі калісьці Каліопа, я не рэкламшчыца (хаця хто з нас не мніць сябе рэкламшчыкам, чытаючы адме.ру), не тусоўшчыца (ага, прыходзьце на супер-мега-крутую тусу з бардамі і маладымі паэтамі!), у мяне няма сур’ёзных захворванняў (цьфу ctrl c ctrl c), я нават не Джуліет Сіха!
18.04.12 Пісаць няма аб чым. Хіба што аб працы? Як малалетнія дурні хамячаць сабе насвай за шчокі, а ты ім потым сорак пяць хвілін пафасна распавядаеш пра “Беларусь нашу мілую, куточак дарагой зямлі нашай”. А яны не ў Беларусі. Яны ў гэты момант у Гандурасе, Панаме, Бірме, на Шры-Ланцы. Адначасова. І Колас з Купалам для іх - сіямскія блізняты, што зрасліся тэмамі і ідэямі вершаў. Ёсць пара тых, хто слухае адкрыўшы рот (не высоўваючы пры гэтым язык). Яны задаюць разумныя пытанні (а якое “балючае” пытанне не разумнае?) і прыносяць на заняткі “Адкуль мой род”. Яны - 5 адсоткаў ад той колькасці, якая піша ў графе “дамашняе заданне” менавіта “род”, а не “рот”, астатнія 95, напэўна ведаюць тое, чаго мне не дадзена ведаць… І да: ці ведалі вы, што "Янка Купала - змагар беларускага агражджэння?"
Мяне душыць ад асэнсавання таго, што ўсе пакаленні пасля нас будуць верыць не ў Езуса, Крышну і Будду, а ў Стыва Джобса. Ін віндаўз вэрытас. Мае дзеці (навароджаныя ад старанараджаючай) будуць даваць галасавыя каманды сваім мабільным гаджэтам, а тыя будуць прыносіць ім тапачкі і, калі дух святога Стыва дасць зверху дазвол, мачыцца на яблыньку, папярэдне самаразблакіраваўшыся. І ўсё гэта будзе, калі, тыя дзеці будуць. Справа ў тым, што дзяцей у 2012 годзе яшчэ павінны рабіць двое, і верх майстэрства ў нараджэнні дзяцей, калі сія таямніца запланавана і ўзгоднена з разлікамі крэдытавання на ўласную маёмасць на вечна халоднай Каменнагорскай ці ў якіх Калядзічах. І нягледзячы на тое, што час ад часу хочацца вынашваць у сабе тры кіло абсалютнай дабрыні, яшчэ рана. Для абодвух нас. Ці для нас траіх.
24.04.12 Былі ўчора на могілках. Дрэнь нашыя справы. Здаецца, мы ўсе паміраем. Дзеці і дарослыя, мужчыны і жанчыны, - усе зроблены з мяса, якое тухне з кожным днём усё больш і больш. Сваякі, карыстаючыся магчымасцю, вычвараліся ў лепшым дызайне афармлення могілкі пласмасавымі кветкамі, а я думала… А я не думала. На могілках не думаюць і не дзейнічаюць. На могілках ніхто не жыве. Праняслася ў галаве думка аб магчымасці загробнага (у маім выпадку загрбнага ад слова “адграбаць”) жыцця, аб тым, што будзе, калі магілы прасядуць, аб тым, што толькі сапраўдныя дэбілы жруць на могілках і напіваюцца ў гаўно. Аб тым, дзе зараз тыя, “кого ты так сільно любіл”, аб маэстры Растраповічу і бабулі. І аб тым, дзе буду я, калі мяне перастане быць для ўсіх астатніх, ці захаваецца мой мозг і ці будзе здольны самастойна ажыццяўляць далейшую дзейнасць, карацей, ці буду я ў стане думаць. Думаць=жыць, я так жыву.