помнік Васю

May 09, 2014 11:50

Я ўчора схадзіла на магілу да бабулінага брата Васі. Ён загнуў ад аскепка бомбы, скінутай з нямецкага самалёта ў першую ці другую бамбёжку Мінска ў 1941-м. Яму было 16, у момант нападу ён пасвіў кароў за крапоткінскімі агародамі, на пярэспінскіх лугах, што размяшчаліся дзе цяпер лужайка і дамы на рагу вуліц Машэрава (Варвашэні), Даўмана і Чарвякова. Як кажа бабуля - "стаяў і глазеў на самалёты", ён у сям'і лічыўся летуцённікам, такім і застаўся ў сямейнай памяці.
Забіла яго, карову, якую пасвіў. Саму бомбу мэтава скідвалі ў чаргу па хлеб, што стаяла ля хлебнай крамы (дзе цяпер дзіцячая паліклініка на Машэрава, як я разумею).
Васю пахавалі пад вішняй за домам. У 1980-я дом знеслі, а 16-гадовы Вася застаўся ляжаць.
Учора хадзіла і спрабавала зразумець, дзе ён там, ці ляжыць, ці выграблі яго костачкі экскаватарамі, калі будавалі элітны высокі дом за плотам. Падаецца, што не (хочацца верыць, што не). Яны або там, дзе ўнутраны дворык за архівам, ці пад гаражом, ці на дзіцячай пляцоўцы новага дома. Над магілай клумба, і хоць дзіцячая пляцоўка не зусім ужо Васеў узрост, усё ж гэта значна лепей і прыемней таго, што часам будуюць на невядомых магілах.
Метраў за 150 ад Васі, на былых старажоўскіх могілках (а цяпер у парку ля царквы Марыі Магладены) ляжыць яго брат Жоржык. Пра яго я, мусіць, ужо пісала. Яму быў 21 год, калі машыну, на якой ён вёз гліну (вымушаны быў працаваць у час вайны на фарфора-фаянсавым заводзе) выпадкова падстрэлілі партызаны, думаючы, што гэта нямецкае начальства. Ён памёр дзесьці каля той машыны ад недахопу крыві, і пасля знаёмыя казалі яго маме, што, калі б хто дапамог адразу, то жыў бы хлопец.
Я разумею, што азначаў дзень перамогі савецкіх войскаў у вайне для маіх прадзеда Сяргея і прабабы Лізы. Гэта не быў глыбокі патрыятызм, я думаю, і, канечне, іх пачуцці зусім не паказвае той страшнюткі лубок і пошлы пафас, які характарызуе дзень перамогі цяпер.
Іх дзень перамогі - аблягчэнне, што адзінае дзіця ўжо не загіне пад бомбай, стрэлам, не будзе згвалчана і забіта, як Жоржыкава каханая Юля, не знікне ў Германіі ці невядома дзе (як бабуліна старэйшая сястра), а самі яны, страціўшы траіх дзяцей, змогуць дажыць да старасці спакойна пры жывой дачцэ.
**
Мяне ў гэтыя дні аднолькава раздражняюць і тыя, што "спасібо деду за победу" (http://nn.by/?c=ar&i=127720), і такія нібы разумнейшыя людзі, як Сяргей Мінаеў на "Снобе": "Сейчас начнется. Сначала кто-то один напишет, что "не все так однозначно" и войну выиграло "пушечное мясо", а НКВД и СС одно и то же... И вот они стоят, и смотрят на вас: обожженные, пробитые пулеметными очередями, раздавленные танками, разорванные в клочья снарядами. А вы им про "не все так однозначно с вами" (http://www.snob.ru/profile/27404/blog/75926).
Першых і каментаваць не хочацца: якому дзеду? за якую пабеду? Бягуць, скандуюць дарослыя мужыкі - і радуюцца, як дзеці. Хочацца ўзяць іх, пасадзіць побач, як дзіцёнка, і спакойна тлумачыць. Вайна - гэта смерці, забойствы, прымус, адсутнасць лекаў, антысанітарыя і страх-страх-страх - і ўсё гэта тычыцца кожнага чалавека. Чаму, дружа, тут радавацца? А знаеш як "дзед", пра якога ты крычыш, перамог? яму страляць у жывых людзей трэба было, у такіх як ён сам, і ўяўляеш, якая зламаная псіхіка была ў дзядоў потым, як ім дажывалася? Гэта, канечне, той меншай частцы, якая перажыла (http://maxpark.com/community/4375/content/2656748).
І пра другое. Мінаеў сцвяржае, што крывадушша і блюзнерства - сцвярджаць, што не ўсё адназначна было ў вайне. Але калі пачытаць любыя ваенныя дакументы - адразу становіцца неадназначна. І ў любой сямейнай гісторыі ўсё неадназначна. У нашай сям'і былі мірныя жыхары, забітыя партызанамі, былі абрабаваныя партызанамі, а былі ўратаваныя імі ж. У нашай сям'і быў дызертыр і быў забіты пад Сталінградам.
За ўсім тут стаіць чалавечы выбар, які, магчыма, ніколі не стаяў ні перад Мінаевым, ні перад мужыкамі з першага роліку. За кожным мабілізаваным - мама і тата, якія, магчыма, не хацелі б ніякай "пабеды", а хацелі б жывога сына замест яе.
***
Самае крыўднае, што фашызм, зло, нецярпімасць, азлобліванне і азлобленасць засталіся побач з намі, і пра іх на дзень перамогі не прынята ўзгадваць. Спадзяюся, што хутка гэты дзень знікне як свята, а застанецца як дата - напамін пра вайну як найстрашнейшае чалавечае глупства, якое так цяжка пабароць і дагэтуль.
Няхай усе жывуць лепей, шмат і здарова харчуюцца, лечацца новымі лекамі, адпачываюць на моры, падарожнічаюць, будуюць дамы і кватэры, купляюць машыны і мэблю, упрыгожваюць сябе, ходзяць у кавярні, рэстараны, на шопінг, жывуць як мага больш багата і прыемна, весяляцца, любяць і кахаюць.
Каб ніякай перамогі і ніякай вайны.
Previous post Next post
Up