Jan 08, 2009 16:02
“Я не буду катацца з горкі, -- кажа Ленка, -- мне паліто шкада”. Мы з сястрой прывялі дзяцей (у яе хлопчык, у мяне -- дзяўчынка, трэцекласнікі) пакатацца з горкі - улюбёнае месца зімовых забаўлянак не для аднаго пакалення бабруйчан (і гасцей сталіцы свету))).
Стаім над Бярэзінай (літаральна! як і, уласна, сам Бабруйск), глядзім на пакрытую лёдам стужку спуску. Яна вабна блішчыць - метраў сто даўжынёй - пасярэдзіне схілу да ракі. Апошні раз мы з Ленкай сваю порцыю адрэналіну ад імклівага палёту атрымлівалі гадоў так дваццаць ...пяць таму!!!! “Вунь тое самае дрэва, аб якое я зламала лыжыну ў 3-м класе”, -- кажа сястра. “А мы з’язджалі разам з бацькам - на адніх з ім санках!!!! - вууууунь адтуль!”, паказваю ў дакладны напрамак я.
...Тады каталіся - на кавалках кардону, зараз - і на кардонках, і на адмысловых пластыкавых прыстасаваннях, нават на нейкіх снегаходзіках з рулём. А мы прыйшлі з цудоўнай лінолеумінай. Ну што, з’ехаць, можа, узгадаць дзяцінства? Ех!!!!!!!!!!!! “Нагамі рулюй!” - аднекуль даносіцца запазнелая інструкцыя. Шалёная хуткасць палёту круціць лінолеуміну, на якой мы імчымся з дачкой, кавалак імправізаванага руля - адарваўся і застаўся ў мяне ў руках, з-пад неслухмяных ног -- снежныя пырскі.
...Лена, шчаслівая, расчырванелая, мо дзесяты раз падымаецца для чарговага спуску. ...Мае светла-шэрыя “канцэртныя” штроксы, на што вы сталі падобныя? Ай, мусіць, адмыюцца. А радасць - застанецца.
дзеткі,
успаміны