Dec 20, 2010 01:33
на мяжы было спакойна, і дзесяць вагонаў віленскага цягніка адштампавалі своечасова. а вось у ратамцы пад самым менскам цягнік спынілі па "тэхнічных прычынах", аб чым пасля паўгадзіннай стаянкі і паведаміла правадніца. між іншым, пасажыры час не гублялі: 3-джы мадэм і надзейны лэптопаўскі акумулятар дапамагалі добраму дзясятку чалавек бавіць час і сачыць за менскімі падзеямі. пасля распачалі абмеркаванне, а там і менск зазіхацеў у вокны. калі развітваліся, сустракаліся вачыма.. але калі ратамка нас з'яднала, менск сустрэў купкамі міліцыянераў.
ну і далей.. як не заехаць на кастрычніцкую, калі да апошняга аўтобуса дадому яшчэ амаль дзве гадзіны, а цягнік прывёз як раз да пачатку. і была кастрычніцкая)) і елка, і падлеткі на лёдзе. а вакол катка збіраўся натоўп. радасна і вельмі голасна грала нейкая псеўданародная папса. абапал дарогі стаяў радок салатавенькіх чалавечкаў. было ўжо амаль 8 гадзін, я занепакоілася, але з вільні перадалі, што яшчэ шмат людзей ідзе з незалежнасці, варта пачакаць. далей тэлефон вырубіўся - не вытрымаў ні майго фінансавага становішча, ні зімовага бадзёрага надвор'я.
без фотак дык без фотак, але ж ёсць дыктафон! і я пачала сноўдацца паміж людзьмі, размаўляць, знаёміцца і лавіць кайф. і сапраўды, было што лавіць! я яшчэ ніколі не была на плошчы, галасавала толькі аднойчы - пяць гадоў таму - і тое кроў з носа пайшла, ну і вынікаў, канешне, асаблівых не атрымалася.. а тут былі людзі - дарослыя пары, і пенсіянеры, і нейкія дзіўныя дзядзькі, і розныя сцягі - штук 8 розных відаў.. шкада, што я не ведала, чые гэта сцягі (толькі бела-чырвона-белы пазнала і сцяг менска), больш зразумела б - пачуць, што казалі з прыступак музея было цяжка, замінала папсень з рупараў. але затое калі яны крычалі лозунгі на прыступках, рэха адбівалася ад столі і гучала вельмі ўсцешна.
паколькі кампаніі ў мяне не было, то я проста назірала за людзьмі і слухала іх гутаркі. сумка з рэчамі і ноутбук трохі заміналі, але гэта было варта таго. я бачыла дзвюх пенсіянерак, якія выйшлі на каток, рассыпалі па лёдзе пачак солі і закрычалі са смехам: "гэта ярмошынай на язык!", а потым схавалі пустую ўжо кардонку ў дамскую сумачку, каб не смеціць. бачыла хлопчыкаў, якія стаялі купкай і па-дзіцячы сварыліся, што аднаму далі на ўчастку блакнот з ручкай у падарунак з нагоды першых у яго жыцці выбараў, а іншым - не. чула, як ужо дарослыя людзі не ўпадабалі навіны аб выніках выбараў з еўра-ньюс і тут жа перахрысцілі паважанае агенцтва ў "е-враньюс". трэба адзначыць, што і "е" - гэта часцяком шкодная рэч, асабліва ў прадуктах масавага ўжытку. пазнаемілася з трыма таўстымі і адметна падстрыжанымі дзядзькамі, якія голасна ўсім даводзілі, што менавіта яны паважаюць спадара лукашэнку. знаёмства хутка скончылася, бо яны не ўпадабалі мае каментары на дыктафон, пакрыўдзіліся і чамусьці разышліся. а з выгляду такія важныя дзядзькі былі..
калі снегавыя гурбы ператварыліся ў кашу, і ўжо нельга было ўзлезці на іх, каб пацешыцца на натоўп, пачаўся нейкі рух. натоўп пачаў выходзіць на праспект. салатавенькія чалавечкі, якія паводзілі сябе вельмі прыстойна на той момант, пачалі спыняць аўтамабілі і заварочваць іх да плошчы перамогі. мяне яшчэ здзівіла, чаму ў кірунку перамогі можна рухацца, а да незалежнасці нельга. (ах, якія назвы для напрамкаў - перамога! незалежнасць!)
я паспела на свой апошні аўтобус, і ўсю гадзіну, пакуль ехала, усміхалася. а дома бт і інтэрнэт - бойкі, арышты, пагромы. я, канешне, ведала, што так здараецца.. але, як вядома, калі сам не пабачыш чалавека памерлым, цяжка паверыць, што яго няма. так і для мяне плошча засталася жывой. і шмат для каго засталася.