Mar 25, 2007 23:10
Сёння бачыла першага матыля... А ўвечары ізноў халодна-халодна. Змерзла, стоячы на прыпынку. А нешта ж павінна грэць... Забылася што... Можна завесці ката, калі б было дзе. Цёплага, мяккага, вуркатлівага і... свавольнага. Менавіта ката, бо кошак не люблю. Мой апошні сіам не любіў адзіноты, незнаёмцаў і дазваляў цалаваць сябе ў носік. Падрапаў майго (хоць я ніколі так не лічыла) хлопца да крыві. Прыйшлося забінтаваць руку. А потым кот ад мяне сышоў. Так з імі заўсёды. А хлопец зрабіў захад да скасавання маёй волі і сышла я...
Прышпільна: настрой цудоўны!!! І без ката...
Захавалася з пачатку тыдня:
Некалі ружа гэтая стаяла ў вазе Для мяне, якая ніколі не бачыла яе ў зямлі, яна была жывою і так. Яна нарадзілася ў тваім сэрцы і перайшла ў маё. Мы яе ўзрасцілі. Яна расцвіла...
Зараз яна вісіць на сцяне. Высахлая. Зіма выпіла сокі з яе сцябліны. Старэчая сівізна лягла на пажоўклыя пялёсткі... Мы чакалі... Занадта доўга, каб пабачыць такую хуткую... Штучную... Ненатуральную... Тую, што павінна падарыць другое жыццё маёй ружы і прывесці цябе да майго парогу...
Чакалася маладая, прыўкрасная, чароўная... Чакалася чулая, пяшчотная, жывая... Чакалася кволоя, сарамлівая, дрыготкая... Чакалася калючая, моцная, усемагутная... Пасля доўгай адлігі з жоўтымі кветкамі мімозы і шэрымі коткамі вярбы ў валасах.
А яна скінулася з нябёсаў адразу за маразамі... Нафарбаваная, з гламурнай стрыжкай і накладнымі вейкамі... Не запэцкаўшы модных туфлікаў у паслязімовы бруд. Яна сталася прадбачлівай, вопытнай... З гарачымі барвовымі вуснамі і халоднымі ўздыхамі. Схавалася за сонечнай усмешкай. Нават не заваёўніца, а ліслівая падманшчыца. Не маці, не жонка, не каханка... Нікога, нікому... Брыдка...
Не высушыла слёзы, але растапіла пасля зімы. Не было капяжоў, але слёзы цяклі па маіх шчаках. Не дала сілы, але адабрала надзею на...
А ты стаяў як пераможца, яе ўладар... Спакойны, моцны, ласкавы... Ці яна не напалохала цябе? Ці вы згаварыліся? Не адвучай мяне... верыць.
Вясна... і новая ружа ў тваёй працягнутай руцэ.
Я не буду сушыць ружы. Толькі дары мне іх часцей. І няхай стаяць яны ў вазе. Жывыя.
Безпадстаўна...