Успаміны лета (1): у сталіцы заходне-саксаў

Dec 11, 2010 19:12

Мінулым летам справы занесьлі Vašaha Suziralnika на 1 дзень у невялікае места Ўінчэстэр [Ўíнчэстэ] у графстве Гэмпшыр у Англіі, каля гадзіны на цягніку з чыгуначнага вакзалу ў Лёндане. Як справы ўсе вырашыліся напрацягу раніцы - рэшта дня была прысьвечана агляду тамтэйшых цікавостак.



Места Ўінчэстэр сёньня ціхае і невялікае, аднак вельмі гістарычнае і насычанае цікавымі помнікамі. Як сьведчыць самае паходжаньне яго назвы, паўстала яно на грунце колішняга рымскага форту (Winchester <= Wintonceastre: chester<=ceastre<= лац. castrum). Калі ў 519 г. кельтаў сагналі з-пасярод рымскіх руінаў саксы, у Ўінчэстэры быў утвораны адзін з умацаваных цэнтраў племянной групы Заходніх саксаў (Wessex <= Westseaxn), у 686 г. кароль Кэдвалла зрабіў яго сваім галоўным цэнтрам, а кароль Эґбэрт у 827 г. сталіцай Заходне-саскага каралеўства, наймацнейшага тады з англа-саскіх племянных каралеўстваў.

Асаблівую ролю Ўінчэстэр адыграў як сталіца ўэссэкскага караля Альфрэда Вялікага (871- 899). У той час вікінгі-датчане захапілі ўсю Англію і нават прыступілі да калёнізацыі, як англа-саксы на 200-300 гадоў раней. Апошняй англа-саскай дзяржавай заставаўся Ўэссэкс караля Альфрэда, ды-й то незалежны Альфрэд хаваўся ад датчанаў дзесьці ў непраходнай дрыгве і абараняў сваё каралеўства толькі па-партызанску. Змаганьне паміж датчанамі і англа-саскай элітай было зацятым і бязьлітасным: хоць тыя англы (калісьці з Шлезвігу/Гальштыніі), саксы і фрызы (з балтыцкана ўзьбярэжжа) і юты (зь Ютляндыі, аселі ў графстве Кэнт) былі самі роднаснымі датчанам плямёнамі, аднак паміж імі пралегла цывілізацыйная мяжа: бо эліта англа-саксаў ўжо была прыняла хрысьціянства і лацінскі культурны ўплыў, сам Альфрэд у юнацтве нават зьдзейсьніў адукацыйнае падарожжа ў Рым - тымчасам як датчане захоўвалі стары паганскі лад жыцьця паўночных гэрманцаў. Урэшце Альфрэду ўдалося здабыць перамогу над датчанамі у вырашальным сутыкненьні і прымусіць іх да міра, так што тыя нарэшце прызналі яго незалежным валадаром Ўэссэкса. Так Альфрэд заваяваў тытул "караля англа-саксаў" у Англіі (іншых не засталося), а Ўэссэкс са сталіцаю ва Ўінчэстэры стаўся зародкам будучай агульна-англа-саскай дзяржавы. Наяўнасьць сталага каралеўскана двару зрабіла Ўінчэстэр канца IX ст. пунктам апрыцягненьня з усяе Англіі ды з навакольных кельцкіх абшараў усялякага кшталту рамесьнікаў і майстроў, як нп. вытворцаў зброі, рыштунку і ювеліраў, надзвычай цікавыя вырабы якіх у „зьвярыным“ стылі той эпохі можна пабачыць у тамтэйшым музэі. У хрысьціянскім Ўэссексе знайшлі сабе прытулак школы і інстытуцыі Каталіцкай Царквы. Сам Альфрэд стварыў майстэрню перакладу з лаціны ды памнажэньня ўсялякіх кніг на англа-саскай мове, на грунце лацінскага альфабэту, прычым асабіста займаўся перакладамі. Аднак музэй Ўінчэстэра поўны таксама і камянёў ды абэліскаў (надгробкаў) з рунічнымі надпісамі: бо каралеўскае войска само складалася ў нямалай меры з датчанаў ці іншых вараскіх ваяроў, а можа й некаторыя англа-саксы яшчэ трымаліся старыны.

У ХІІ ст. нарманскія заваёўнікі, вынішчаючы ўсе праявы англа-саскай мінуўшчыны, урэшце афіцыйна перанесьлі сталіцу каралеўства Англіі ў Лёндан. Аднак Ўінчэстэр доўгі час захоўваў ролю рэгіянальнага цэнтру. У 1382 г. там быў заснаваны Ўінчэстэрскі Калеґіюм: сёньня адна з найстарэйшых, найбольш прэстыжных (і дарагіх і „эксклюзыўных“) прыватных сярэдніх школаў у Вялікабрытаніі (і сьвеце).



Гарадзкая брама Ўэстґэйт

Сярод помнікаў сярэднявечча, захавалася нп. Заходняя брама гарадзкіх умацаваньняў (названая, адпаведна, Ўэстґэйт), пабудаваная ў XII з дадаткамі XIV ст. У XVI-XVIII ст. там было штосьці накшталі ізалятара часовага ўтрыманьня для ўдзельнікаў п'яных боек і дробных парушальнікаў грамадзкага парадку. Цяпер у памяшканьнях брамы месьціцца адзьдзел музэя, прысьвечаны Ўінчэстэру эпохі сярэднявечча і Тудораў.

...Ад колішняй англа-саскай сталіцы Альфрэда Вялікага на паверхні зямлі засталася, кажуць, толькі тамтэйшая крыху дзіўная і заблытаная пляніроўка старых вуліц. Ад умацаваньняў каралеўскага замку ўжо нарманскіх часоў засталіся толькі падмуркі данжона і падземныя лёхі - ды знакаміты „Вялікі Голл“ (Hall <= стара-сакс. halla, што роднасн. нп. Walhalla) Ўінчэстэрскага замку ХІІІ ст.:




Вялікі Голл
„Вялікі Голл“ нарманскага замку Ўінчэстэра, пабудаваны ў 1230-х, быў найранейшым і найвялікшым будынкам такога роду ў Англіі. У ім з каля 1463 г. на сьцяне вясіць „стол караля Артура“ (здымак вышэй зправа) - выраблены ў XIII ст. вялізны круглы стол, які ўжываўся для рыцарскіх ўрачыстасьцяў англа-нарманскага двара да паловы XV ст.: на ім адпаведна выява караля з подпісам ґатычнымі літарамі па-лаціне „Артур“, наўкола надпісаны імёны Лянцэлёта ды інш. легендарных рыцараў караля Артура. - Навокал і на сьценах, над уваходам, расьце вінаград: на здымку бачны сьпелыя вінаградныя гронкі сярод зялёнага лісьця.

Першая англа-саская катэдра Ўінчэстэра была заснавана яшчэ ў VII ст, у 1079 новыя нарманскія гаспадары Англіі распачалі новы будынак на свой густ, які дабудоўваўся праз стагодзьдзі аж да пачатку 1500-х гг.:





У ёй знаходзяцца м.ін. парэшткі некаторых старажытных каралёў і каралеваў (заходне-саскіх, англа-саскіх, англа-дацкіх), перанесеных у ХI ст. са старой катэдры. На экскурсіі распавядаюць, як падчас грамадзянкай вайны ў Англіі XVІІ ст., раялістаў з парлямэнтарыстамі, калі войска апошніх заняла Ўінчэстэр - парлямэнтарысты ў сваім пурытанска-рэлігійным ды анты-манархічным запале выкінулі з грабніцаў старажытныя каралеўскія парэшткі прэч вонкі (ды паразьбівалі вітражы, да якіх патрапілі дабрацца). Мясцовыя рупліўцы хоць парэшткі сабралі, аднак рассартаваць косткі ўжо не змаглі: а дзеля гэтага расклалі іх у прыблізна раўным аб'ёме ў „куфары“, па колькасьці былых пахаваньняў: па-ангельску сэнсоўна разважыўшы, што маўляў у часе і разе патрэбы - „у дзень уваскрашэньня памерлых сам Бог і разьбярэцца, якая костка да каго мае належыць“. Тыя „куфары“ цяпер расстаўлены на бэльках пад столяй навы.


Кажуць таксама, што гэтая катэдра мае найдайжэйшую наву з усіх ґатычных катэдраў Эўропы. Старажытнейшыя часткі захоўваюць аднак раманскія рысы ранняй нарманскай архітэктуры (гл. апошні здымак), а пад катэдрай захавалася выразна раманская крыпта.

 






iter vitæ, trafei fotapalaŭničaha, uspaminy leta, Aŭtabijahrafičnaje

Previous post Next post
Up