У абарону сьвіслацкіх жабаў

Jul 11, 2010 15:12

          У дзяцінстве, Vašamu Suziralniku было цудоўна чуваць жабаў на Сьвіслачы. Прыемна і спакойна было засынаць пад жабіны сьпевы, бо гэта азначала, што надыходзіць лета, наперадзе вакацыі, лецішча, выезды на мора, у грыбы, на рыбалку... Дзякую вам, сьвіслацкія жабы, за сьветлы ўспамін.

Выгляд паказанага ніжэй берагу ракі паводле
праекту аманскага забудоўшчыка
...Ніякіх жабаў са Сьвіслачы з вакна Vašaha Suziralnika даўно не чуваць, ды нават качкі цяпер бачна нячаста: бо-ж потым тую рэчку „выпрастоўвалі”, перасоўвалі, урэшце апранулі берагі ў бэтон. Амаль паўсюль.
          А цяпер гэта прыгадалася з нагоды цыркулюючых зьвестак аб плянах забудовы плошчаў заводу імя Кірава, паміж Чырвонаармейскай і Сьвіслаччу, паводле праекту інвэстара з Аману. (Гл. нп. у „Аманскія праекты забудовы Янкі Купалы, Чырвонаармейскай і Кісялёва”, большага памеру выявы тут) - Сапраўды, немалыя плошчы безнадзейна заняпалых прамысловых аб'ектаў у цэнтры Менску вельмі сэнсоўна забудоўваць. Аднак, ёсьць тут адна акалічнасьць: той акурат 300-метровы працяг ракі, з боку завода Кірава (па другі бок ад вул. Пуліхава), ёсьць ці не апошнім кавалкам натуральнага, „зялёнага” берагу Сьвіслачы ў цэнтры гораду, апошняй прасторай для жыцьця жабаў і водных птушак. От гэтак дзіўна здарылася, што той бераг ракі дагэтуль пазьбегнуў бэтону, дзякуючы прыналежнасьці да прадпрыемства цяжкога машынабудаваньня :) От праз такі зьбег абставінаў - на гэтым апошнім кароткім адцінку Сьвіслач застаецца яшчэ жывой ракой (-> фота):



У ідэяле, хацелася-бы ўяўляць гэты рэліктавы, ўнікальны і маляўнічы адцінак берагу захаваным, з гістарычна-экалягічных меркаваньняў, ды забясьпечаным і адасобленым зялёнай паласою ў прынамсі 50 метраў ад межаў любой забудовы. Такі „надрэчны парк”, імя каго ці чаго заўгодна, назавеце яго хоць-бы „Городской акватический парк-заповедник «Свислочь» им. Мингорисполкома”... Жыхар сталіцы можа быць народжаны і гадаваны ў гарадзкой кватэры на N-ным паверсе ў N-ным пакаленьні, аднак ён біялягічна створаны, каб шчасьліва існаваць у зеляніне, ля вады ды побач - так! - качак і жабаў... Толькі-ж, з увагі (таксама) на высокія кошты зямлі ў гэтых мясьцінах, у магчымасьць такога зыходу справы штосьці ня верыцца, а нават і зусім ня верыцца. Уладальнікаў праекту, камэрцыйных аманскіх забудоўшчыкаў, проста жаба задушыць так, што там канешне пазадушаць усіх жабаў без астатку. Пэўна, усё ўшчэнт забэтанізуюць ды пакладуць славутую „плітку”. 
           Аднак, можа існаваць таксама й прамежкавы варыянт, пры якім нават у такім разе магчыма было-бы пакінуць жабам ды качкам шанец для існаваньня. Прыкладам, ёсьць штучная выспа на Сьвіслачы, пакінутая пры „выпрастаньні” рэчыша ды бэтанаваньні берагоў непадалёк - з боку станцыі Менск-Паўднёвы Усходні ( дзякуй за папраўку) (-> фота):



Стварэньне або дaўгой выспы, або ланцугу такіх выспаў, уздоўж гэтага адцінку ракі (даволі істотнай шырыні) пакінула-бы пэўнае прыстанішча, натуральнае асяродзьдзе для жабаў і качак. Можа, давялося-бы яшчэ ўвесну хоць пачуць адтуль жабіны сьпевы... Нават калі, канешне, гэта не пакінула-бы людзям цудоўнай магчымасьці такога прыемнага шпацыру над вадою - ды хоць кароткага позірку на тую Сьвіслач у яе адвечным, натуральным абліччы, якой яна была для нашых папярэднікаў - і якой застаецца ў памяці Vašaha Suziralnika. ...Зрэшты, каму і калі ў нас справа да прыемнасьці людзей? Хутчэй паверу, што клопат будзе праяўлены аб земнаводных - а тады нам хіба што ўжо ўскосная карысьць патрапіць зь імі разам :)

„žach u čałaviečym sercy“, „In my humble opinion“, са знакам качэства, z šyrokaha śvietu, trafei fotapalaŭničaha, uspaminy leta, Aŭtabijahrafičnaje

Previous post Next post
Up