Аб гэтым Vašamu Suziralniku даводзілася чуць дзьве вэрсіі. Першая, што такі твор вуснай народнай творчасьці нібыта сапраўды быў запісаны - толькі не ў Беларусі, а ў былой „правабярэжнай“ Украіне: дзе, у адрозьненьне ад (асабліва) Меншчыны ў XVIII ст., перад улучэньнем у межы Імпэрыі яшчэ сапраўды заставалася істотнае аднаверчае Маскве жыхарства (там ёсьць радок, выключаны з савецка-беларускай публікацыі ніжэй, „...нашы сродныя, веры одныя“) - і якое магло жадаць аднаўленьня еднасьці сваёй „Русі“ г.зн. еднасьці зь „левабярэжнай“ Украінай, з Кіевам (у Расеі з 1667 г.). (Гэтая вэрсія мае на ўвазе, што дзесьці мае існаваць занатаваны ўкраінскі прататып). - Паводле ж другой вэрсіі, гэта - папросту фальшыўка мураўёўскае прапаганды з эпохі паўстаньня 1863 году. У прыватнасьці, Карскі ў 1903 г., у т. 1 „Бѣлоруссовъ“, с. 447, адназначна прызнае гэты тэкст апублікаванай „со стороны русскихъ“, упершыню ў 1864 г., „искусственной пѣсней съ политической тенденціей“ (вытрымка ніжэй). Карскі ў 1903 г. цьвердзіў, што „искусственность ихъ несомнѣнна“; аднак пазьней саўбелскіх аўтараў гэты факт анімала не бянтэжыў - і яны працягвалі перадрукоўваць тую „несомнѣнную“ (для Карскага ў 1903 г.) прапагандовую фальшыўку як аўтарытэтную аўтэнтыку, прычым для мэтаў спасылкі таксама не без „политической тенденціи“.