Сядзібы і палацы на Ўсходніх Ускраінах. 2012 г.

Nov 19, 2013 21:43




Samusik Jerzy, Samusikowa Katarzyna, Dwory i pałace na Kresach Wschodnich między Niemnem a Bugiem. Fundacja Sąsiedzi. Białystok 2012.

Гэтая публікацыя ня ёсьць вычарпальным і сыстэматычным інвэнтарам былых сядзібных будынкаў - а альбом-падарожжа. Выданьне зьмяшчае фотаздымкі з апісаньнем гістарычных лёсаў маёнтку і сядзібы ды іх гаспадароў, і кароткія апісаньні пабудоваў, па-польску, а таксама досыць падрабязнае падсумаваньне польскага тэксту па-ангельску ў кожным выпадку. Подпісы пад здымкамі на абедзьвюх мовах. Складаецца ўражаньне, што стваральнікі кіраваліся, у маршрутах і інфармацыі, зьвесткамі, што зьмяшчаюцца ў фундамэнтальным выданьні Рамана Афтаназага. Часам уключаюцца таксама некаторыя іншыя будынкі гістарычнага краявіду былой сядзібы (нп. касьцёлы).
         Сапраўды цікавым аспэктам ёсьць уключэньне, акрамя звычайных „парадна-турыстычных“ (Мір, Нясьвіж, сядзіба Міцкевіча, сядзіба Касьцюшкі...), таксама напаўзруйнаваных аб'ектаў, якія звычайна не адведваюць турысты і якія нават Vašamu Suziralniku раней бачыць не даводзілася, як Радзівілмонты. З гэтага гледзішча, альбом дае больш аб'ектыўны малюнак агульнага стану рэчаў з гістарычнымі будынкамі на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне, чым уяўленьне, якое можна атрымаць з выданьняў у Беларусі.
         Адносна мінусаў можна зазначыць, што (1) амаль адсутныя інтэр'ерныя здымкі. Тады як „zabytkowe budowle“ адрозьніваюцца ад нейкага гістарычнага манумэнту менавіта тым, што маюць ня толькі вонкавы выгляд, але і абавязкова ўнутраны(!) Пры тым высілку, які быў укладзены ў стварэньне альбома, пэўна можна было забясьпечыць і доступ у сярэдзіну будынкаў, (2) надта многія здымкі тэхнічна сапраўды не адпавядаюць стандарту якасьці архітэктурных фотаздымкаў для публікацыі, у галіне аптычных скажэньняў. Прынамсі ў Заходняй Эўропе многія са зьмешчаных здымкаў у такім выглядзе апублікаваныя бы ніколі ня сталіся.
        Ну і ўрэшце ня можа не падзіўляць, што, - кажучы пра гістарычныя будынкі эпохі ВКЛ і старой Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, - у нашыя часы выраз „na kresach wschodnich między Niemnem a Bugiem“ (г.зн., нешта з эпохі міжваеннай Польшчы) кімсьці яшчэ можа ўжывацца, ды нават бяз згадкі, што „dawnych“. Пазыцыю выдаўцоў можна ўважаць патлумачанай у наступных словах прадмовы:

„Kresy Wschodnie to ziemię które dały Polsce wielką dynastię królewską, najznamienitszych poetów, słynnych uczonych, wybitnych mężów stanu. Nic więc dziwnego, że chociaż znalazły się po II wojnie światowej poza granicami państwa polskiego, budzą nadal wielki sentyment i zainteresowanie swoją historią i dniem dzisiejszym. Podczas wyjazdów poza wschodnią granicę wiele osób szuka polskich śladów, którymi są najczęściej zabytkowe budowle. Znajdują biez trudu, zwłaszcza w dużych miastach, takich jak Wilno, Grodno, Lwów...“

Адзінай саступкай можна лічыць суcтрэтую далей трохі „пашыраную“ згадку пра „polskich czy litewskich ziemian“. Праўда, як гэта стасуецца з пазначаным вышэй падыходам, які відавочна грунтуецца на рэальнасьцях міжваеннай Польшчы, застаецца загадкай.

Karcina Repina „Не ждали”, hołas z makulatury, „žach u čałaviečym sercy“, сузіраньні, „In my humble opinion“, бывшіе люди, z šyrokaha śvietu

Previous post Next post
Up