200 гадоў Часоваму Ураду ВКЛ

Jun 29, 2012 19:40

200гадоў таму 1-га ліпеня 1812 году быў створаны Часовы Ўрад Вялікага Княства Літоўскага: гэтак распачаўся апошні эпізод існаваньня ВКЛ як дзяржаўнай адзінкі.



У сучасным краявідзе гістарычнае памяці Беларусі падзеі 1812 году займаюць сьціплае месца. У „Энцыкляпэдыі ВКЛ“ пра Часовы Ўрад ВКЛ у 1812 годзе няма нават асобнага артыкулу. Калі згадваецца пра 1812 год, дык звычайна пра спусташэньні, якія прынесла вайна, часам - пра „радзівілаўскі полк“ на баку Напалеона, пра зручную аказію для „рабункаў мужыкоў“, а датычна аднаўленьня дзяржаўнасьці ВКЛ - найбольш засяроджваюцца на фактах кароткачасовасьці ягонага існаваньня, палёнафільскай пазыцыі ягонага Часовага Ўраду, ды няшчырасьці самога Напалеона: які выкарыстоўваў ВКЛ (як і ўсё іншае) толькі як прыладу для іншых сваіх мэтаў.
          Аднак пералічаныя аспэкты - гэта погляд на Часовы Ўрад ВКЛ у, так бы мовіць, „сусьветным гістарычным кантэксьце“: у якім той эпізод, па вызначэньні, пазбаўлены істотнай значнасьці. Тамчасам для нас пэўна важнейшай павінна быць гістарычная памяць аб тым, як-то выглядалі тыя падзеі з уласнага, тутэйшана краёвага гледзішча, ва ўласных вачох і памяці абыватэляў краю. - Як ставіліся і рэагавалі, чаму спачувалі, якія зьвязвалі надзеі, як шукалі й дамагаліся ўласнай палітычнай суб'ектнасьці (!) ў тым сутыкненьні наймагутнейшых сілаў тагачаснага сьвету. Якія ў нашым краі складаліся пры тым ахвяры і дзеля чаго. Як гэтыя падзеі стасаваліся з тутэйшымі інтарэсамі большасьці і меншасьцяў. І якімі засталіся потым падзеі 1812 году ў тутэйшай, краёвай сьвядомасьці... -
         Дык з гэткага „краёвага“ гледзішча ня тое важна, што ўрад ВКЛ стварыў Напалеон сваім дэкрэтам, ды ня тое, чаго Напалеон ад таго ўраду вымагаў: а важней той факт, што палітычнае грамадзтва ВКЛ ды шырэйшыя колы абыватэльства віталі падзеі 1812 году, ды што ў краіне паўстаў тады дабравольны і шматлікі рух падтрымкі справе Напалеона. Ды паўстаў урад ВКЛ, што абапіраўся на практычна аднагалосную падтрымку грамадзтва ды мясцовых грамадзкіх, акадэмічных і ўсіх іншых інстытуцыяў і ворганаў мясцовага самакіраваньня. Найважнейшым фактам для нас мае быць зусім ня тое, колькі там кавалерыя Напалеона спажыла ў ВКЛ сена ці саломы або колькі яго армія зьела харчоў, ці што нешта разрабавалі марадзёры, - а факт, што справа Напалеона і аднаўленьне ВКЛ рэзанавала з найдаражэйшымі спадзяваньнямі і памкненьнямі тагачаснага „палітычнага грамадзіва“ ВКЛ, ды што яно ахвотна, - месцамі з уласнае ініцыятывы (!), -ахвяравала Напалеону матэрыяльныя рэсурсы, а таксама ў немалой колькасьці пайшло рызыкаваць жыцьцём за гэтыя мэты на поле бітвы.
>">
        Дзеля справядлівасьці, згадкі аб падобных аспэктах сустракаюцца ў публікацыях пач.-сяр. 90-х (адзначым нп. Яраслаў Ліс, „Палітыка Напалеона на Беларусі“, „Спадчына“ №5, 1996, фрагмэнт  паказаны зправа): аднак і там погляд на дзейнасьць Часовага Ўраду адноўленага ВКЛ (ня кажучы ўжо пра Напалеона) - пераважна як на збольшага чужую справу, якая, так здарылася,  адбывалася на нашай зямлі. Трэба таксама адзначыць выданьне беларускага перакладу матэрыялаў „Gazety Mińskiej“ за 1812 год, каштоўнай крыніцы аб атмасфэры, грамадзкіх настроях, дэталях жыцьця Менску і ВКЛ таго часу.
         Што-ж варта занатаваць у тутэйшай гістарычнай памяці пра кампанію Напалеона і кароткачасовае аднаўленьне ВКЛ? Пэўна, трэба вылучаць тое, што ёсьць важнейшым з уласнага тутэйшага гледзішча: у тым часе ды дзеля наступстваў у грамадзкай сьвядомасьці. -
        Бо так, канешне, Напалеон пачаў вайну з Расеяй не дзеля аднаўленьня ВКЛ. Канешне, ягонай мэтаю ў ВКЛ была мабілізацыя рэсурсаў для перамогі над Расейскай Імпэрыяй. Аднак з тутэйшага гледзішча важна, што Напалеон прыйшоў не як заваёўнік, ня меў плянаў анэксіі гэтых абшараў да Францыі, ня быў усталяваны рэжым французскай акупацыі: абыватэлям было даручанае самакіраваньне - і грамадзтва да канца ставілася да Напалеона, як да вызваліцеля. Нават праваслаўны магілёўскі архіяпіскап Варлаам, з іераманахам і клірам разам, прысягнуў Напалеону ды служыў малебен удзячнасьці, успамінаючы на літургіі Напалеона і французскую імпэратрыцу. Важна, што рэсурсы нашай краіны для сваёй вайны Напалеон імкнуўся мабілізаваць шляхам не захопу і канфіскацыі, як-бы на варожай тэрыторыі: а праз стварэньне тут хаўруснага сябе ўраду, які будзе ўспрыймаць справу Напалеона як сваю ўласную - а таму, сам мабілізуе войска, якое дабравольна пойдзе ваяваць у складзе Вялікай Арміі, сам будзе зьбіраць рэсурсы накарысьць Вялікай Арміі - а ў яе складзе і для тутэйшых вайсковых фармаваньняў. Бясспрэчна, Напалеон прыйшоў з вайсковай сілай і зрабіў грамадзтву ВКЛ такі гатунак саюзьніцкай прапановы, „ад якой немагчыма адмовіцца“: тым ня менш, прапанова ягоная для ВКЛ была саюзьніцкай і шырока ды шчыра віталася. -
        Так, канешне, асноўнай дзейнасьцю Часовага Ўраду ВКЛ сталася мабілізацыя матэрыяльных і вайсковых рэсурсаў краіны для напалеонаўскай вайны супраць Расейскай Імпэрыі: бо ішла вайна. Ды так, у галіне дзяржаўнага будаўніцтва, Часовы Ўрад ВКЛ амаль адразу аднавіў фэдэрацыю з Польшчай (у рамках Гэнэральнай Канфэдэрацыі Каралеўства Польскага): ці то не ўяўляючы магчымасьцяў, ці то не жадаючы, для ВКЛ пэрспэктываў цалкам незалежнага існаваньня. - Аднак пры ўсіх акалічнасьцях, 1812 год застаўся ў гісторыі як апошні эпізод існаваньня тутэйшай гістарычнай дзяржаўнасьці: якая раней была ўжо практычна зьнівэляваная ў апошнія гады Рэчы Паспалітай (нп. па Канст. 3 мая) ды-й проста гвалтоўна зьнішчана за 20 гадоў перад тым. І вось па 20 гадох, 1812 год стаўся эпізодам шырокага грамадзкага ўздыму за адражэньне ўласнага дзяржаўна-палітычнага існаваньня: няхай у фэдэрацыі з Польшчай, аднак ўсё-ж не як 4 губэрніі ў расейскай правінцыі. У 1812 годзе ВКЛ раптам перастала быць „былым ВКЛ“. А з увагі на колькасьці ўдзельнікаў збройнай барацьбы з боку ВКЛ - 1812 год зусім не саступаў паўстаньням Касьцюшкі, 1831 ці 1863 году: і ў гістарычнай гістарычнай сьвядомасьці нашага краю 1812 год стаяў, менавіта, у шэрагу гэтых датаў. Зрэшты, энтузіязм чаканьняў у 1812 годзе распаўсюджваўся шырока па-за шляхецка-мяшчанскія „палітычныя клясы“: агульным было чаканьне скасаваньня прыгону - што адбылося ў Каралеўстве Польскім ды паўсюль, дзе бываў Напалеон. Вельмі віталася сялянскімі масамі ўсталяваньне 6-гадовага тэрміну вайсковай службы рэкрутаў у войску ВКЛ - пасьля практычна пажыцьцёвай (25 гадоў) рэкрутчыны царскае Расеі, у падатковай сыстэме замацоўваліся прагрэсыўныя французкія прынцыпы і гд.
       У 1912 годзе 100-я угодкі падзеяў 1812 шырока адзначаліся ў прэсе і публічным жыцьці былога ВКЛ: што ізноў сьведчыць аб глыбіні сьледу, які 1812 год пакінуў у сьвядомасьці гістарычнай тутэйшай адукаванай клясы (калі-бы для такой высновы было недастаткова „Пана Тадэвуша“ і інш.). - Знаходзім эмацыйныя, нават з адлегласьці 100 гадоў, выразы гэткага стаўленьня, як нп. на заканчэньне рэдакцыйнай прадмовы ў віленскім гістарычна-краязнаўчым часопісе "Litwa i Ruś" за травень-чэрвень 1912 году (арыгінал гл. у канцы гэтага допісу):

„...Таму сёньня, ва ўгодкі падзеньня Вялікага Напалеона, ва ўгодкі разьбіцьця ўласных нашых надзеяў, без жалю ўсклікаем: Слава Табе, Гэрою! Не за тое, што ты больш ці менш шчыра жадаў вярнуць нам палітычнае існаваньне, і не за тое, што акрэсьліў такія ці іншыя межы эфэмэрнаму Княству Варшаўскаму - а за тое, што ты азалаціў найбольш сумную эпоху нашага ўпадку арэолам несьмяротнае славы, [і] што прызнаў нас за гэрояў, годных быць разам з Тваімі арламі ў іх магутным палёце, [ды] за тое, што дазволіў нам перад Тваім абліччам, у сонечным сьвятле Тваёй славы, пад Тваімі сьцягамі - паміраць з гонарам.
Вітаньне Табе, Цэзару!...“
        Напаленаўская вайна з Расеяй падала нечаканую надзею на аднаўленьне палітычнага існаваньня і зламаньне чужынскага ярма, пад якім абшары ВКЛ, парэзаныя на расейскія губэрніі, знаходзіліся ўжо напрацягу ад 20 да 40 гадоў. У словах Яраслава Ліса, „ідэя літоўска-беларускай дзяржаўнасьці была яшчэ жывой у народнай сьвядомасьці“: а Часовы Ўрад ВКЛ быў палітычным выразьнікам гэткае надзеі аднаўленьня (ды заставаўся на выгнаньні ў 1813). І за тую надзею ўзялі зброю ды рызыкнулі жыцьцём у ВКЛ тысячы дабравольцаў (плоцячы выдаткі ўдзелу ў вайне з уласнае кішэні). Бо для вельмі многіх тады было эмацыйна немагчыма - а, што ня менш важна для людзей таго часу, нягодна(!), - ігнараваць прынесены Банапартам шанец аднаўленьня. У 1812 наша гістарычная краіна вельмі шмат заплаціла золатам ды крывёю за надзею лепшай будучыні. Аднак, у гістарычнай памяці павінна застацца, што за надзею вызваленьня яна заплаціла ня „дорага“ - а „шчодра“(!): як за справу ўласнага гонару і ўласнае свабоды. Надзея магла спраўдзіцца, але ня спраўдзілася: ды-ж гэткая, увогуле, ёсьць прырода надзеяў...

Ніжэй зьмешчаны выбраныя часткі са сьпэцыяльнага прынагоднага выпуску часопісу "Litwa i Ruś", рэдактарам ды асноўным аўтарам/ўкладальнікам) матэрыялаў якога быў Ян Обст (а сярод пастаўшчыкоў матэрыялаў - Іван Луцкевіч):
      - Дэкрэт Напалеона аб стварэньні Часовага Ўраду ВКЛ
      - Партрэты некаторых чальцоў Ураду
      - Склад Часовага Ўраду ВКЛ
      - Агляд дзейнасьці Часовага Ўраду ВКЛ.

[Усталяваньне Часовага Ўраду ВКЛ: дэкрэт Напалеона 1 ліпеня 1812 г.]





[Часовы Ўрад ВКЛ: некаторыя пэрсаналіі]






[Часовы Ўрад ВКЛ: склад ураду]













[Агляд дзейнасьці Часовага Ўраду ВКЛ]















[1812 год у краёвай гістарычнай сьвядомасьці пачатку ХХ ст.: заканчэньне рэдакцыйнай прадмовы да сьпэцыяльнага выпуску "Litwa i Ruś" 1912 г.]



hołas z makulatury, Našy (sumnyja) jubilei, „Мы беларусы мірныя людзі...“, „In my humble opinion“, бывшіе люди, z šyrokaha śvietu, Našy jubilei

Previous post Next post
Up