Брусэль: дождж, Карл Маркс і гішпанская Інквізыцыя :)

Jun 19, 2012 00:25


Нязручнасьць тае акалічнасьці, што панядзелак - дзень, калі ў Брусэлі зачыненыя бадай што ўсе музэі, адчуваецца для наведніка асабліва выразна ў выпадку, калі ў гэты самы дзень у Брусэлі таксама ідзе дождж. -

Аднак дождж канешне ня мог спыніць Vašaha Suziralnika ў намеры агледзінаў цікавостак брусэльскага гістарычнага цэнтру. -
          У сярэдзіне кварталаў гістарычнага Брусэлю знаходзіцца Вялікі пляц (Grand Place, Grote Markt), аточаны комплексам сярэднявечных і крыху пазьнейшых пабудоваў. Падрабязны яго агляд, з прачытаньнем лацінскіх ды іншых надпісаў на амаль кожным з будынках і г.д., зойме пільнаму турысту нямала часу: кожны будынак тут можна разгляжаць як асобны музэйны экспанат; брусэльскі Вялікі пляц залічаны да сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Некаторыя можна таксама адведаць у сярэдзіне (як кавярні і гд.), у некаторых працуюць музэі, але не ў панядзелак. - У панядзелак там працуе, што праўда, „Музэй бэльгійскага піва“ (з магчымасьцю пакаштаваць узоры славутага прадукту), аднак на яго папулярнасьці відавочна адбівалася гэткае „непіўное“ надвор'е. 
           Брусэль быў гандлёва-рамесьніцкім местам, і на Вялікім пляцы будаваліся яго найважнейшыя ўстановы ды сядзібы яго найважнейшых цэхаў (гільдыі, карпарацыі) ў сваёй „цэлай аздобе“. -



        Адной з найпрыгажэйшых пабудоваў там ёсьць гістарычная сядзіба цэху брусэльскіх пекараў (La Maison des Boulangers), датаваная 1697 годам. А на яе парадным фасадзе позірк вітае бюст гішпанскага караля Караля ІІ (Габсбурга) ў лаўрах ды з адпаведным подпісам па-флямандзку. Крыху ніжэй бачым лацінскі надпіс, у якім пераможны Carolus Secundus, зь ягонымі трафэямі, усхваляецца ад брусэльскіх пекараў. Мабыць трэба меркаваць, што пастаўлены ён стаўся як выраз бясконцай удзячнасьці фляманцаў сваім гішпанскім уладаром: хіба што за тое, што тыя гвалтам утрымалі іх ва ўлоньні каталіцкай прававернасьці (у адрозьненьне ад рэшты Нідэрляндаў, падрабязнасьці прыгадваюцца нп. з „Легендзы аб Тылю Уленшпігэлю і Ламмэ Гудзаку“ Шарля дэ Костэра). - Іншых прычынаў уганараваньня Караля ІІ , акрамя гістарычнай каталіцкай удзячнасьці гішпанцам, прыгадаць цяжка, бо насамрэч ён тут цярпеў бадай што адні паразы ад французаў і страціў накарысьць Францыі шмат гістарычнай флямандзкай тэрыторыі.

...Прыгожых будынкаў на Grand Place - Grote Markt многа, аднак ногі там нібы самі несьлі наперад, праз плошчу, да прыгожага дому, на якім позік цешыць наступная шыльда:



Карл Маркс пражыў у Брусэлі, паведамляе шыльда, 3 гады, а ў менавіта гэтым будынку ён м.ін. адзначаў Новы 1848 год. - Тут у Брусэлі Маркс пісаў творы ў галіне гістарычнага  матэрыялізму і крытыкі анарха-сацыялізма, але найважнейшае - тады быў укладзены Маніфэст Камуністычнае партыі (выд. 1 лютага 1848 г.) Трэба адзначыць, што Маркс мабыць меў добры густ у выбары будынкаў: гэты - адзін з найпрыгажэйшых на галоўнай плошчы Брусэлі. Хоць магчыма, густ той належыў не яму, а ягонай жонцы-арыстакратцы, на імя Жэньні (нар.) баранэса фон Вэстфален. Няцяжка таксама дапусьціць, што да выбару някепскіх памяшканьняў меў дачыненьне і спонсар Маркса, фабрыкант Фрыдрых Энгельс, які тады таксама перабраўся да Маркса і Жэньні ў Брусэль. Ад шлюба Карла Маркса з Жэньні нарадзілася 7 дзяцей, а ад яго саюзу з Ф. Энгельсам - прывід камунізму. - Як довад густу Маркса (або яго жонкі, або Энгельса) ў будынках - для цікаўных, больш дэталёвы здымак дому з карл-марксавай шыльдаю:



„...Вось-жа, - падумалася, - штосьці ў гэтым адчуваецца амаль роднае! Бо і ў маім родным месьце ёсьць, зь дзяцінства знаёмая, вуліца Карла Маркса, - ды дарэчы й там ёсьць будынкі не апошняй важнасьці... Значыцца, той, хто можа залічыць да родных мясьцінаў вуліцу К. Маркса - праз тое зможа адчуць у Эўропе пэўную асабістую сувязь зь любой мясьцінай, таксама зьвязанай зь ягоным імём... А гэтак у рэчаіснасьці Беларусі Карл Маркс - мабыць стаецца нават фактарам для пачуцьця асабістай лучнасьці сучаных беларусаў з Эўропай!..“ :)

...Аднак, штосьці думкі аб гэтак нова-прыдбаным, за пасярэдніцтвам пані Дыялектыкі, пачуцьці менскага сваяцтва з Брусэлем, - праз асобу бацькі прывіду камунізму, - насамрэч ня надта грэлі пад брусэльскім дажджом. -
Затое ўратавалі, - зноў не без умяшальніцтва спагадлівай Дыялектыкі, - вогнішчы Гішпанскае Інквізыцыі! Бо прынамсі, захаваньне гішпанцамі каталіціва ў Бэльгіі спрычынілася да таго, што ў брусэльскіх цэрквах зьберагліся (нягледзячы на нашэсьце войска рэвалюцыйных французаў) шмат выдатных твораў касьцельнага мастацтва: ёсьць што пабачыць, а ў катэдры нават сьпэцыяльная выстава. Канешне, ахвяраў Гішпанскае Інквізыцыі па-чалавечы шкада, аднак... у дзень, калі ўсе брусэльскія музэі зачыненыя ды звонку дождж, магчымасьць плённа правесьці больш гадзіны ў брусэльскай каталіцкай катэдры, аглядаючы яе мастацкія і гістарычныя скарбы, адчувалася як нейкая ласка згары: аж настолькі, што амаль зьяўлялася спакуcа пачаць выдаваць там свой турыстычны намер - за інтэнцыю :)





Karcina Repina „Не ждали”, „In my humble opinion“, trafei fotapalaŭničaha, ab hetym nielha surjozna, Aŭtabijahrafičnaje, iter vitæ, сузіраньні, z šyrokaha śvietu, uspaminy leta

Previous post Next post
Up