Гарадзенскія камінары

Jun 06, 2012 18:43



Трубочист, Гродно, Grodno, kominiarz

Жыццё ў Гродне ХІХ ст. немагчыма было ўявіць без камінараў. Людзей гэтай прафесіі з лёгкасцю можна было ідэнтыфікаваць па чорным, забруджаным ад копаці твары, чорным адзенні і цыліндру на галаве. У абавязкі камінара ўваходзіла ачыстка печаў, комінаў, забеспячэнне нармальнай цягі і вентыляцыі дымахода. Рабочымі прыладамі камінара былі гіра на вяроўцы, дрот, саўкі, шчоткі ўсіх відаў і кавадла, якая патрабавалася пры прачыстцы моцна засмечаных труб.



Працавалі камінары звычайна групамі з 2-3 чалавек, якія складаліся з майстра і чалядніка. Такі склад групы быў звязаны са складанасцю работы, а таксама з падзелам абавязкаў кожнага. У якасці камінараў выкарыстоўвалі таксама хлопчыкаў, якія маглі зрабіць амаль немагчымую для дарослях людзей работу, такую як падняцца і ўскараскацца ў трубы. Іх задачай было чысціць ўнутры дымавых труб ручнымі шчоткамі і металічнымі скрабкамі ў цяжкадаступных месцах. Хлопчыкі былі вучнямі майстроў-камінараў, якія звычайна давалі грошы, каб апранаць і вучыць дзяцей рамяству.

У дакументах перыяду ўваходжання Гродна ў склад Расейскай імперыі змяшчаецца вельмі мала інфармацыі аб камінарах, асабліва за першую палову ХІХ ст. Вядома, што яны “з даўніх часоў” уваходзілі ў цэх каменшчыкаў і з’яўляліся рамеснікамі. У горадзе іх было толькі некалькі чалавек. Каб мець прадстаўленне аб іх колькасці, звернемся да звесткаў 1789 г. У Гродне тады былі чатыры майстры, чатыры чаляднікі і “хлопцы”.

У каштарысе расходаў Гродна за 1836 год ўказана, што камінарам “за ачыстку трубаў у гарадскіх будынках” было заплачана 50 руб..

Дзяржава ўсур’ёз зацікавілася праблемай ачысткі комінаў як асноўнай супрацьпажарнай засцярогай толькі ў 1837 г. У чэрвені Міністэрства Унутраных Спраў выдала загад аб увядзенні ў гарадах цэхаў камінараў. Прычына большай часткі пажараў, якія адбываліся ў гарадах, бачылася ў няспраўнасці комінаў і пячных трубаў. Згодна з тагачасным заканадаўствам, гаспадары дамоў абавязаны былі “хоць адзін раз у месяц чысціць трубы
”.
У лістападзе таго ж года паліцмайстар з чальцамі гарадавога магістрата “каб утрымаць належны нагляд і паверку заняткаў” камінараў назначылі цэхмайстрам камінараў “грамадзяніна” Антона Капчынскага, які, акрамя таго, з’яўляўся цэхмайстрам каменшчыкаў, а яго “памагатым” - камінара габрэя Беньяміна Лібер. Назначаныя асобы прынялі “законным парадкам” прысягу, былі “забяспечаны правіламі, у Будаўнічым статуце выкладзенымі”, і былі дапушчаны да выканання ўскладзенага на іх абавязку, абавязаўшыся “даглядаць за спраўным ачышчаннем комінаў на добраахвотных умовах з гаспадарамі з атрыманнем дамоўленаю за то аплатаю”.

У Гродне ў 60-х гадах ХІХ ст. было каля 2700 комінаў. І ўсе гэтыя коміны трэба было рэгулярна чысціць камінарам.

У 1873 г. у губерні былі прыняты супрацьпажарныя правілы, якія рэгулявалі будаўніцтва. У прыватнасці, пры перабудове старых і ўзвядзенні новых жылых дамоў печы павінны былі будавацца з комінам, які павінен быць вышэй страхі не менш чым на адзін аршын. Уладальнікі дамоў абавязваліся назіраць, каб “усе дымавыя трубы ў іншых дамах былі заўсёды вычышчаныя” .

Для ачысткі комінаў у гарадскіх будынках гарадскія ўлады ўстрайвалі “ператаржкі”. З тым камінарам, які прапаноўваў найменшую аплату за свае паслугі, заключаўся на год кантракт. Падобны ператаржок праводзіўся ў 1876 г., для якога былі выкліканы “усе жадаючыя” камінары. На яго з’явіліся Ратовіч, Шымуль, Кашэўнік, Цулькоўскі. У выніку Пётр Ратовіч заключыў кантракт на ачыстку дымаходаў у будынку пажарнай каманды і гасцінным двары за плату 27 руб. у год пры ўмове “праводзіць ачыстку спраўна, не меньш чым адзін раз на тыдзень”. Акрамя таго, за ім замацоўваўся “паезуіцкі будынак, займаны гаубтвахтаю” за плату ў год 70 руб. 60 кап. Антону Цулькоўскаму было “аддадзена” ачыстка комінаў у казармах пры маставой, былой жандармскай казарме з каравульняю пры харчовым магазіне і ў пакармелітскім будынку за плату 151 руб.


У чэрвені 1886 г. для больш правільнага распарадку ачысткі комінаў горад быў падзелены на шэсць пажарных участкаў, у кожны з якіх назначаўся камінар. На ўсіх гэтых участках устанаўліваліся шыльды, у якіх пазначаўся нумар участка і прозвішча камінара, які абслугоўваў участак. Кожны домаўласнік абавязаны быў наглядаць, каб комін у яго доме вычышчаўся не менш чым раз у месяц, а ў такіх месцах, як хлебапякарні, ганчарныя і іншыя будынкі, коміны трэба было чысціць раз у тыдзень. Адказнасць за невыкананне гэтых правілаў падала на домаўласнікаў, калі тыя, “не маючы пастаяннага камінара”, самі не прымалі меры для своечасовай ачысткі комінаў, а таксама на камінараў, якіх наймалі домаўласнікі, калі яны “дапусцілі несвоечасовую ачыстку комінаў”, або “не давялі да ведама” управы і паліцыі аб заўважаных імі няспраўнасцях дымавых комінаў і печаў.

У 1903 г. гарадское грамадскае ўпраўленне вырашыла ўпарадкаваць справу ачысткі комінаў, але, як пісала газета “Гродненские губернские ведомости” ў адным з нумароў за 1905 г., задача не была вырашана, бо “адшукаць камінара ў выпадку патрэбы вельмі цяжка”.

Гародня, гісторыя пажарніцтва, камiнары

Previous post Next post
Up