Артылерыйскія батарэі часоў Паўночнай вайны на беразе Нёмана

Oct 27, 2015 01:17

Рыхтуючы свой мінулы пост пра Фартыфікацыйныя ўмацаванні часоў Паўночнай вайны на сучаснай мапе Гародні, неяк упусціў адзін важны момант - артылерыйскія батарэі на беразе Нёмана.



Артылерыйскія батарэі (абведзены белым колерам) на мапе ўмацаванняў 1706 г.




Пры дэтальным аналізе Google-мапы і параўнанні з мапамі Паўночнай вайны, дзе пазначаны батарэі, нам удалося дакладна лакалізаваць размяшчэнне гэтых фартыфікацыйных аб'ектаў на сучаснай мапе гораду:



Усходняя батарэя размяшчалася на месцы сучаснага дому № 89 на вул. Падольнай. Вось здымак гэтага месца з боку Нёмана:



З правага боку здымка за кромкамі дрэў на ўзвышшы стаяла артылерыйская батарэя. На жаль, здымак дрэнна перадае перапад рэльефу, хоць на мясцовасці прамавугольны выступ праглядаецца добра.



Сучасны контур падворка 89-га дому амаль цалкам супадае з батарэяй. Паміж гэтым участкам і суседнімі - яры.





Цэнтральная артылерыйская батарэя знаходзілася амаль ля самага берагу ракі. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца дом № 24 па вул. Падольнай.



У выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека контуры батарэі праглядаюцца слаба.



Заходняя батарэя, як вынікае з тагачаснай мапы, размяшчалася па правы бок ад палацу Агінскага. Цяпер на гэтым месцы - Стары мост (цяпер стала зразумелай матывацыя царскiх iнжэнерау па узвядзенню маста на гэтым месцы). На жаль, выявіць якіх-небудзь яго слядоў нам не ўдалося.
P.S. Магчыма, апошняя батарэя знаходзілася па левы бок ад палацу Агінскага. Логіка такая: яна прыкрывала пераправу, якая знаходзілася ля гэтага месца. У такім разе, мы можам бачыць нешта падобнае на батарэю з левага боку ад піўзаводу, але з гэтым месцам усё даволі складана. Справа ў тым, што тут знаходзілася даволі шчыльная забудова, якую зруйнавалі фашысты пасля вайны. Таму можа быць, што гэты батарэепадобны насып (з гугл-мапы праглядаецца, дарэчы, вельмі добра) - вынік фарміравання набярэжнай пасля руйнавання гэтага кварталу.



Паўночная вайна, Гародня, мапы

Previous post Next post
Up