Беларуская вёска вымірае, а разам з ёю памірае яе быт, традыцыі, гісторыя. Гісторыя, якая гучыць з вуснаў кожнага жыхара той вёскі. Гісторыя, якую з пакаленне ў пакаленне распавядалі бабулі ўнукам. Гэта беззваротныя страты.
Зачастую ў апусцелых хатах адзіным напамінам аб гісторыі вёскі з'яўляюцца старыя фотаздымкі, на якіх паказаны застылымі ў часе жыхары, хаты, вуліцы. У асноўным яны паходзяць з 1950-80-х гадоў, радзей - з міжваеннага часу, яшчэ больш рэдка - з царскіх часоў. Кожны стары жыхар вёскі на аснове сямейнага альбому, тэарэтычна, можа напісаць цэлую кнігу мемуараў, падрабязна распавядаючы аб падзеях, якія адбываюцца, або папярэднічалі моманту, адлюстраванага на пажоўклай "фотакартачцы". Адначасова з адыходам у іншы свет кожнага сталага чалавека губляецца "шыфр", ключ - чалавечая памяць - і кожны фотаздымак губляю сваю душу, становячыся для іншых проста карцінкай, на якой - незнаёмыя твары людзей.
Блукаючы з фотаапаратам па вёсцы Цацкі (
гл. Драўляная архітэктура: вёска Цацкі), размаўляючы з мясцовымі бабулькамі і здымаючы цікавыя драўляныя будынкі (спецыяльна для суполкі
Драўляная архітэктура), заўважыў адну дэталь: практычна ніхто з людзей сталага веку не захаваў старых фотаздымкаў: хтосьці аддаў іх дзецям, хтосьці спаліў у печцы, іншыя схавалі недзе на гарышчы і спецыяльна для мяне не палезуць іх здымаць адтуль.
Вёска Цацкі - вельмі старая, магчыма, з'явілася пасля т.зв. "Уставу на валокі". Ёсць дзве акалічнасці на гэты конт. Па-першае, на гэта ўказвае планіроўка самой вёскі - хаты стаяць паабапал дарогі адна ля другой, павернутыя фасадамі ў бок вуліцы. Па-другое, мною ў вёсцы запісана паданне ад пані Вадэйчыхі. Яна распавяла, што ў даўнія часы, калі людзям давалі палосы зямлі ў гэтым месцы, будучае паселішча не мела назвы. Пасля таго, як кожны пабудаваў сабе хату, узнікла неабходнасць у наданні назвы для вёскі. Назвалі "Цацкі", бо дзеці, што жылі тут, грэбаліся ў пяску і ляпілі розныя фігуркі з яго - цацкі.
Варта сказаць, што ў вёсцы жыў мой далёкі продак - Мацей Янчы (1779-1847 гг.), былы шляхціц, які прыехаў сюды з іншай мясцовасці, быў запісаны ў саслоўе "грамадзян" пасля т.зв. разбораў шляхты. Янчы - вельмі распаўсюджанае прозвішча ў наваколлі, пачынальнікам якога з'яўляецца мой продак!
Вернемся да фотаздымкаў. На ўсе Цацкі мне ўдалося знайсці двух чалавек, якія змаглі мне паказаць свой сямейны альбом. Адным з іх быў дзядзька Юзік - вельмі неадназначная ў наваколлі асоба, але, шчыра кажучы, ён з радасцю правёў мяне ў свой дом, адзін з найстарэйшых у вёсцы, дастаў скрыню са здымкамі і пачаў мне распавядаць сваю жыццёвую гісторыю....
Слухаючы дзядзьку, я паволі рабіў здымкі на свой фотаапарат, спрабуючы зняць найбольш цікавыя мне...
Каштоўнымі мне падаліся здымкі, на якіх паказаны сам дом, у якім жыве дзядзька Юзік. Гэты дом будаваўся ў міжваенны час дзедам гэтага чалавека. Гледзячы на фотаздымкі дома розных часоў, злавіў сябе на думцы: з тых часоў амаль нічога не змянілася, толькі гонтавае пакрыццё было заменена на шыфернае, ды другая палова хаты, дзе знаходзіўся хлеў і гумно, былі не так даўно разабраны...
На іншых фотаздымках - вёска Цацкі і суседняя Няцеча (там была першая школа ў міжваенны час і адразу пасля вайны), яшчэ мнагалюдная і жывая, калгас, жыхары. Цэлая эпоха....
Старыя сямейныя фотаздымкі маюць магічную сілу. Сілу повязі з мінулымі пакаленнямі, з гісторыяй роду. Іх трэба захоўваць. Дзеля дзяцей і ўнукаў. Дзеля будучыні...